Да новых мар і здзяйсненняў

 Гарадскі баль выпускнікоў падараваў шмат цудоўных эмоцый. І хаця часам было трохі і сумна, усё ж гэта развітальнае мерапрыемства юнакоў і дзяўчат са школай і дзяцінствам, але свята для яго галоўных герояў найперш запомніцца рамантызмам, прыгожымі строямі, а самае галоўнае — ўсведамленнем, што яны сталі дарослымі.

Плошча сустрэла святочную калону выпускнікоў трыумфаваннем.  Пашкольна шарэнгі юнакоў і дзяўчат разам са сваімі настаўнікамі пад гукі духавога аркестра праходзяць пад упрыгожанай аркай да месца галоўнай дзеі выпускнога балю. Урачыста вядучая мерапрыемства называе навучальныя ўстановы і гэта аб’ява перарываецца шквалам апладысментаў, радаснымі воклічамі бацькоў, сяброў,  а таксама многіх жыхароў горада, што прыйшлі палюбавацца на свята. Дарэчы, варта адзначыць, што ўдзел у сёлетнім  балі бралі, акрамя жыткавіцкіх выпускнікоў, таксама і навучэнцы  з  Кольненскага і Азяранскага навучальна-педагагічных комплексаў.


Яркіх момантаў на ўрачыстасці было шмат.  Прыгожа глядзеліся пунцовыя ветразі на сцэне, якія быццам бы сімвалізавалі здзяйсненне тых жаданняў, якія выпускнікі паставілі перад сабой на будучае жыццё. Безумоўна, запомняцца юнакам і дзяўчатам шматлікія  словы віншаванняў і пажаданняў. Іх было на балі выказана вельмі шмат. Шчыра і цёпла, па-бацькоўску віталі і віншавалі выпускнікоў старшыня Жыткавіцкага раённага выканаўчага камітэта Мікалай Какора, начальнік  камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароны насельніцтва Гомельскага аблвыканкама Пётр Савіцкі, Ніна Рамановіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў, Людміла Кронда, прадстаўнік раённага бацькоўскага савета, Галіна Непша, загадчык сектара арганізацыйна-масавай работы Гомельскага абласнога экалагічнага цэнтра навучэнскай моладзі, выхаванцы дзіцячага садзіка №3 райцэнтра. Шчаслівай дарогі ў жыцці жадалі выступоўцы выпускнікам, для якіх пачаўся яго новы этап. Таму кожны жадаў, каб гэтае жыццё яны прайшлі годна, здзейсніліся іх задумы і мары,  а рацэпт для гэтага адзін – сумленная і старанная праца, толькі так можна дабіцца поспеху і быць карысным грамадству, клапаціцца аб яго будучым росквіце.


За віншаванні і пажаданні дарослым падзякавала выпускніца гарадской гімназіі Анастасія Чарнагалова. Пасля чаго самым старанным выпускнікам, якія паказалі падчас вучобы выдатныя веды, Мікалай Какора ўручыў заслужаныя ўзнагароды. Залатымі медалямі адзначана стараннасць Аляксандры Найдзен, Анастасіі Чарнагаловай, выпускніц гімназіі г. Жыткавічы,  Вольгі Кронды і Анастасіі Нікановіч – з сярэдняй агульнаадукацыйнай школы №2 г. Жыткавічы, Вольгі Меляшчэні – з сярэдняй агульнаадукацыйнай школы №3 г. Жыткавічы, Таццяны Акунец і Ніны Жогаль – з Бялёўскага навучальна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад–сярэдняя школа, Алены Сакулы, Кацярыны Галавач, Марыі Петрушкевіч – з Кольненскага навучальна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа, Кацярыны Фраловай – з Верасніцкай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы, Віктара Кашэвіча – з Азяранскага навучальна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа, Лідзіі Неўмяржыцкай – з Дзякавіцкага навучальна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа, Ірыны Рамановіч – з хваенскага навучальна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад–сярэдняя школа. Поспехі ў вучобе Алены Ляўковіч, выпускніцы Чырванаборскай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы, і Кацярыны Бруцкай з сярэдняй агульадукацыйнай школы №2 г. Жыткавічы адзначаны сярэбранымі медалямі. Дружнымі апладысментамі прысутныя на свяце павіншавалі медалістаў з узнагародамі. Малайцы, заслужылі!


Варта заўважыць, што і дэпутаты раённага Савета дэпутатаў М. Ляўковіч, В. Палуянаў, А. Ляшкевіч, В. Журовіч, М. Бабенка, У. Валадзько, В. Атліванаў, М. Саскевіч пастараліся павіншаваць лепшых выпускнікоў раёна. Для іх  яны набылі падарункі, якія і былі кожнаму медалісту ўручаны на свяце.  Узнагароды ўручаны таксама  вялікай групе выпускнікоў за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна. Гэта зрабіла старшыня райсавета Ніна Рамановіч.


І вось ён самы хвалюючы момант свята. Гучыць мелодыя традыцыйнага развітальнага вальса. Кружацца пары пад яго чароўныя гукі, пад іх завяршаецца і гарадскі баль выпускнікоў, пад іх  пачынаецца шлях да новых мараў і здзяйсненняў. У добры шлях, выпускнікі 2011 года!


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.