Дзе працуе атрад, там з кармамі лад

Ужо не першы год КСУП “Чырвоны Бор” займае перадавыя пазіцыі ў раёне па нарыхтоўцы кармоў. І ў гэтым годзе кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства ўпэўнена, што  грамадскі статак зімою будзе атрымліваць паўнацэнныя рацыёны.


Уборка траў першым укосам у гаспадарцы вядзецца нядрэннымі тэмпамі. Для гэтага скарысталіся мінулагоднім вопытам. Адразу, як пачалася корманарыхтоўчая кампанія, стаўку зрабілі на міжгаспадарчы механізаваны атрад, у склад якога ўвайшла тэхніка і механізатары КСУПаў “Бялёў”, “Чырвоны Бор” і «Марохараўскі». Чырванаборскія сенажаці сталі першай пляцоўкай, дзе і паказала сваю моц гэтае вытворчае падраздзяленне.


— Папрацаваў у нас механізаваны атрад вельмі плённа, — расказвае галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Васіль Макарэвіч. –  За тыдзень работы закладзена больш трох тысяч тон сенажу. Травы скошаны амаль на шасцістах  гектарах. Штодзённы вынік работы атрада складаў па трыста і болей тон.


Што справы ў корманарыхтоўшчыкаў складваліся так добра, сведчанне вопытнасці і майстэрства механізатараў. Кожная гаспадарка дэлегіравала найбольш спрактыкаваных працаўнікоў. Не першы год выдатны плён на корманарыхтоўцы забяспечваюць бацька і сын Сінілы з КСУПа “Чырвоны Бор”. Выдатна працуюць на кормаздабываючых комплексах яны і зараз. Іван Макарэвіч з КСУПа “Марохараўскі” таксама мае вялікі вопыт работы на кормаздабываючай тэхніцы. Як і Уладзімір Шульга з камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Бялёў”.


— Працуем з раніцы да позняга вечара, — расказвае пра сваю дзейнасць Уладзімір Фядосавіч. — У “Чырвоным Бары” наладзілі падвоз да месца працы, забяспечвалі ўсіх удзельнікаў двухразовым харчаваннем.  Паабяцалі і належную аплату за нашу працу. Праўда, пакуль не ведаем, дзе яе будуць налічваць. Калі па расцэнках КСУПа “Чырвоны Бор”, выйдзе нядрэнна, выпрацоўка добрая ж была. Хаця дабіцца яе не так і лёгка давалася. Травастой не вельмі багаты з-за надвор’я. Ды і сохне трава вельмі хутка, таму часам сказаць вельмі цяжка, што рыхтавалі: ці сена, ці сянаж.


Адзначыў механізатар і шэраг праблем, звязаных з арганізацыяй працы, што не спрыялі высокай выпрацоўцы. Найперш, гэта недастатковая колькасць тэхнікі для валкавання травяной масы і  на яе адвозцы. Па прычыне аддаленасці сенажацяў ад месцаў закладкі кармоў надараліся прастоі кормаздабываючых камбайнаў.  Дарэчы,  гэта адзначыў не толькі Уладзімір Шульга, але і Віктар Акунец, які заняты на прасаванні сена.


— Штодзённа да ста рулонаў сена запрасоўваю, — гаворыць механізатар. — Можна б і болей было, надвор’е для нарыхтоўкі сена проста на заказ, але не паспяваюць валкаваць: граблі адны, працуюць і на атрад, і на сена.


За якасцю гэтага віду корму самы пільны кантроль з боку агранамічнай службы. Клопат аб тым якое закладваецца сена, ляжыць на аграноме-насенняводзе Івану Хваціку. Хаця яшчэ і малады спецыяліст, але ставіцца да сваёй справы па-гаспадарску. Таму сена паступае пад павеці высокай якасці. Тым больш што касьба травы вялася толькі ў ранішнія і вячэрнія часы, каб у ёй захоўвалася больш спажыўных рэчываў.


Па словах галоўнага агранома Васіля Макарэвіча, травы першым укосам у гаспадарцы практычна ўбраны.  З тых угоддзяў, што яшчэ засталіся, плануецца назапашваць сена. Яго патрэбна мець 900 тон. Ужо пад павецямі знаходзіцца больш трохсот. Сена рыхтуецца ўласнымі сіламі.         


Зрабіўшы сваю справу на ўборцы траў у КСУПе “Чырвоны Бор”, механізаваны атрад адразу ж пераехаў на сенакосныя ўгоддзі  сельгаспрадпрыемства “Бялёў”. І там з такой жа аддачай механізатары сумеснымі намаганнямі робяць запас корму для грамадскай жывёлагадоўлі гаспадаркі. Папрацуюць яны і ў “Марохараўскім”. Справы для працаўнікоў мабільнага вытворчага падраздзялення яшчэ дастаткова, бо, так бы мовіць, корманарыхтоўка толькі распачалася і закончыцца тады, калі завершыцца ўборка кукурузы. Але самае галоўнае, што там, дзе папрацаваў атрад, з кармамі справы ідуць на лад.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.