Прыгажосць сама не прыходзіць

Не так і шмат часу прайшло, як шэраг буйных вёсак раёна змянілі свой статус на аграгарадкі. У значнай ступені камфортнае пражыванне людзей у сельскіх пасяленнях новага тыпу залежыць і ад іх добраўпарадкаванасці. Наколькі задаволены жыхары аграгарадка Дуброва добраўпарадкаваннем свайго населенага пункта? З гэтым пытаннем і звярнуліся карэспандэнты раённай газеты да мясцовых людзей.


Валянціна Точка, намеснік дырэктара камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Марохараўскі”:


— Лічу, што ў нашым аграгарадку ў плане добраўпарадкавання зроблена нямала. Так, ёсць пэўныя праблемы. Найперш яны тычацца стану дарог, але плануецца іх рамонт. На маю думку, значна палепшыўся б знешні выгляд населенага пункта, калі б па цэнтральнай вуліцы ўстанавілі аднатыпныя агароджы. Яшчэ б і спартыўную залу няшкодзіла б адрамантаваць, каб па вечарах моладзь магла займацца спортам. Мяркую, толькі гэтага і не хапае ў добраўпарадкаванні аграгарадка Дуброва. Спадзяюся, што названыя недахопы будуць выпраўляцца. Як і станоўча вырашацца іншыя пытанні.


 Раіса Сцяпанава, упраўляючы справамі Марохараўскага сельвыканкама:


— Добраўпарадкаванне аграгарадка Дуброва за апошнія гады значна палепшылася. Тыя ж праблемы, што маюцца на цяперашні час мясцовая ўлада стараецца вырашаць. Будзем рамантаваць ужо ў гэтым годзе ў аграгарадку дарогі, для гэтага выдзелены пэўныя сродкі. Працуе выканкам сельсавета і над тым, каб устанавіць новыя агароджы. Хацелася б большай актыўнасці ад людзей па навядзенню парадку, каб кожны пасадзіў ля сваёй сядзібы кветкі. Здаецца, чым больш іх будзе на вуліцах аграгарадка, у дварах жыхароў, тым прыгажэйшы выгляд набудзе населены пункт.


 Ніна Макарэвіч, прадавец:


— Акрамя стану дарог у добраўпарадкаванні нашага населенага пункта мяне задавальняе ўсё. Праведзены рамонты аб’ектаў сацыяльнай сферы, цяпер у кожны з іх прыемна зайсці. Стараюцца людзі наводзіць парадак ля сваіх падворкаў. Пабольшала сядзіб, гаспадыні якіх займаюцца вырошчваннем кветак. Работнікі кожнай установы штогод разбіваюць клумбы, на якія высаджваюць шмат кветак. Устанаўліваюцца і малыя архітэктурныя формы. Працуем, каб у нашым аграгарадку было прыгожа.


 Алена Козел, загадчыца Дуброўскага фельчарска-акушэрскага пункта:


— Нічога кепскага пра добраўпа-радкаванне свайго населенага пункта я сказаць не магу. Многа ў гэтым плане добрых перамен з’явілася. А тыя недахопы, што маюцца, выпраўляюцца. Вось і вуліцу, дзе размяшчаецца ФАП, сёлета плануюць рамантаваць.


 Мікалай Кулакевіч,пенсіянер:


— Сярод праблем добраўпарадкавання аграгарадка Дуброва я б найперш назваў тую, якая звязана з забеспячэннем населенага пункта вадой. Рабілі водаправод, рабілі, але так і не закончылі. Яшчэ хочацца назваць і такі факт, які непасрэдна звязаны з першай праблемай, калі праводзілі сістэмы водазабеспячэння, у многіх месцах перарывалі вуліцы, але ў належны стан іх не прывялі. Таму зараз на дарогах шмат выбоін і ямін. Сярод іншых пытанняў, якія яшчэ не на належным узроўні вырашаюцца ў населеным пункце – арганізацыя вывазу смецця і ачышчэнне каналізацыйных ям. Варта было б мясцовай гаспадарцы паклапаціцца і пра сваю ўласнасць, знесці занядбалыя дамы, якія былі ў свой час пашкоджаны агнём. Яны не ўпрыгожваюць знешняга выгляду вуліц.


Турбуе і выхаванасць падрастаючага пакалення. Гэта таксама не на карысць добраўпарадкаванасці населенага пункта, калі дзеці выходзяць з магазіна і кідаюць упакоўкі ад марожанага, цукерак, іншых прысмакаў прама на вуліцы. Так, людзям патрэбна больш клапаціцца пра стан свайго пасялення: саджаць кветкі на сваіх сядзібах і каля іх, фарбаваць агароджы, свае дамы, прыбіраць ля падворкаў. Прыклады такіх адносін да пытанняў добраўпарадкавання ёсць, хацелася, каб да такіх дбайных гаспадароў далучаліся і іншыя.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.