Сіла меліяратараў

Згодна з дзяржаўнай праграмай развіцця Прыпяцкага Палесся, за пяць гадоў яе дзеяння  калектывам Жыткавіцкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм плануецца даць новае жыццё больш чым дзесяці тысячам гектараў меліяраваных зямель. Гэта значыць, дзякуючы стараннасці спецыялістаў і работнікаў ПМС  будзе адроджаны кожны чацвёрты гектар асушаных угоддзяў нашага раёна, якія на цяперашні час складаюць сорак дзве тысячы гектараў.


Спякотнае надвор’е спрыяе дзейнасці меліяратараў, бо дазваляе выконваць ім без перашкод увесь комплекс работ.


— З першага чэрвеня  пачалі абкошванне каналаў, — адзначае дырэктар Жыткавіцкага ПМС Віктар Палуянаў. — Гэтую работу вядзе тры звяны, у якіх сканцэнтравана дзевяць адзінак тэхнікі. Працы ж нашым механізатарам хопіць на ўсё лета, калі ўлічыць, што выканаць гэтую справу патрэбна на 1300 кіламетрах каналаў. Ды і аб’ёмы іншых доглядных работ за нашымі сістэмамі таксама немалыя. Толькі на гэтыя мэты нам патрэбна асвоіць амаль тры мільярды рублёў.


Што растуць аб’ёмы работ, меліяратараў толькі радуе. Павялічваецца і колькасць меліярацыйных збудаванняў. Толькі за мінулы год гаспадарка прадпрыемства прырасла яшчэ адной помпавай станцыяй. Ды і кіламетраж меліярацыйных сетак таксама мае тэндэнцыю да росту.  Прамое сведчанне, наколькі сур’ёзна дзяржава ўзялася за аднаўленне ўрадлівай сілы меліяраванага гектара. Таму і работы вядуцца калектывам ПМС па ўсіх напрамках дзейнасці і адначасова на многіх аб’ектах. Яны ж размяшчаюцца  ў розных кропках раёна. Пытанне, як даставіць рабочых да месца прызначэння, перад кіраўніцтвам прадпрыемства не стаіць. Аўтамабіляў для перавозкі людзей дастаткова. Нядаўна набылі яшчэ дзве адзінкі. Таму і не затрымліваюцца працаўнікі раніцай на базе. Хутка загружаюць неабходныя матэрыялы і кіруюцца да месца  сваёй дзейнасці. А гэта шматлікія меліярацыйныя аб’екты, якім патрабуецца дапамога людзей, каб набыць, так бы мовіць, сваю дзеяздольнасць: радаваць высокімі ўраджаямі розных сельскагаспадарчых культур, або высокім травастоем, які будзе выкарыстаны на корм жывёле.


Якія канкрэтна работы патрэбна выканаць на кожным з аб’ектаў, жыткавіцкія меліяратары дакладна ведаюць  са складзеных і загадзя распрацаваных праектаў. Напрыклад, на тэрыторыі камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Людзяневічы”, ля вёскі Беразнякі, вядуцца работы па аграмеліярацыі. Калі праца будзе закончана, гаспадарка атрымае ў сваё карыстанне 664 гектары адроджанай зямлі. Пакуль жа тут працуюць спецыялісты прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Яны змагаюцца з пустазеллем, для чаго на 448 гектарах унеслі гербіцыды, ажыццяўляюць планіроўку, дыскаванне, ворыва глебы, высякаюць кустарнікі і гэтак далей. Працуюць тут з красавіка. І ўжо гаспадарка атрымала першы плён працы меліяратараў. Сельгаспрадпрыемствам бягучай вясной на адроджаных землях засеяны ўжо амаль дзвесце гектараў рознымі культурамі. Да канца года і астатняя плошча будзе гатовая для развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці.


У вышэйназванай гаспадарцы спецыялісты Жыткавіцкага ПМС вядуць не толькі аграмеліяраванне на аб’ектах, але і іх рэканструкцыю. Дзякуючы апошняй дзейнасці КСУП “Людзяневічы” атрымае яшчэ сто дваццаць гектараў палепшаных зямельных угоддзяў ля вёскі Новыя Залюцічы. Тут рабочыя Жыткавіцкага ПМС працуюць з сакавіка. На аб’екце яны вядуць пракладку новых каналаў, ажыццяўляюць ачыстку і паглыбленне старых сістэм, укладку закрытай сеткі. Кожны від дзейнасці тут вымяраецца кіламетрамі. Напрыклад, ужо пракладзена 3,5 кіламетра закрытай дрэнажнай сеткі пры плане 8,5 кіламетра. Амаль паўтара кіламетра выкапана новых каналаў, праведзена рэканструкцыя адкрытай сеткі каналаў амаль на кіламетры. Напрыканцы работ таксама будуць праведзены выроўніванне і апрацоўка глебы. Так бы мовіць, вяскоўцам застанецца толькі засеяць плошчу, здадзеную ім меліяратарамі.


На першы погляд, лічбы і нязначныя, ёсць аб’екты і памаштабней. Але для меліяратара, які цэлы дзень знаходзіцца ў раскаленай кабіне экскаватара ці трактара, нават пракапаныя сотні метраў грунту, ужо з’яўляецца нядрэнным здабыткам у працы для карысці роднай зямлі.


— У бягучым годзе правесці рэканструкцыю меліярацыйнай сеткі мы павінны на двух аб’ектах, — расказвае Віктар Васільевіч Палуянаў. — І на абодвух з іх зараз шчыруюць нашы працаўнікі. Гэта ў КСУПе “Людзяневічы” і ў КСУПе “Коленскае”. Дарэчы, другі аб’ект па аб’ёмах работ амаль удвая большы за першы. У дадатак да гэтага на пяці аб’ектах праводзяцца рамонтныя работы. Усяго ж за год мы павінны асвоіць на рэканструкцыю меліярацыйных сетак адзін мільярд сорак восем мільёнаў рублёў, на рамонт сістэм — амаль паўтара мільярда, аграмеліярацыйныя мерапрыемствы — амаль сямсот мільёнаў, амаль тры мільярды — на тэхнічны догляд.


Відавочна, што сумы даволі ўнушальныя. Але і аддачы чакаюць у прадпрыемстве адпаведнай. Толькі ад ажыццяўлення аграмеліярацыйных мерапрыемстваў, рамонту і рэканструкцыі сетак плануецца рэаніміраваць і перадаць гаспадаркам раёна больш за тысячу гектараў зямель. Для параўнання, летась калектыў Жыткавіцкага ПМС здолеў адрадзіць толькі 943 гектары зямлі. Прыбавіць да леташняй лічбы запланавана амаль семдзесят гектараў.


Палепшыць справы намераны ў калектыве Жыткавіцкага ПМС не толькі па сваёй асноўнай дзейнасці, але і іншых відах работ. Іх плануецца выканаць не менш чым на два мільярды рублёў. І гэта па сілах. Ужо не адзін год меліяратары зарэкамендавалі сябе надзейнымі партнёрамі вяскоўцаў. Падчас гарачых кампаній яны дапамагаюць сельгаспрадпрыемствам нарыхтоўваць кармы, убіраць вырашчаны ўраджай. Ды і рыбаводам раёна прыходзяць пастаянна на дапамогу спецыялісты ПМС. Асабліва гэта праяўляецца, калі патрабуецца выканаць мерапрыемствы па догляду за сажалкамі. Цесныя стасункі і з насельніцтвам. Напрыклад, дзякуючы старанням работнікаў прадпрыемства меліярацыйных сістэм у гаспадароў з аграгарадка Ленін з’явіўся добры выпас для каровак. Перазалужэнне на 28 гектарах зрабіла менавіта гэтая арганізацыя.


Кіраўнік задаволены, як складваюцца справы ў калектыве. Практычна ўсе паказчыкі перавыконваюцца. Ды і тэмп росту ў трыццаць працэнтаў, які запланаваны на бягучы год, яскрава сведчыць, якую вышыню збіраюцца ўзяць жыткавіцкія меліяратары.


Нарошчваць аб’ёмы без трывалай матэрыяльнай ба-зы і дастатковай колькасці высокакваліфікаваных спецыя-лістаў ці было б магчыма, калі б на прадпрыемстве не клапаціліся пра гэты напрамак дзейнасці. Таму штогод набываецца новая тэхніка, расце і колькасць работнікаў. Кожны спецыяліст, рабочы прадпрыемства меліярацыйных сістэм дакладна ведае свае абавязкі, свой участак работы, імкнецца дабівацца не толькі добрых вынікаў, але клапоціцца аб зберажэнні матэрыяльных каштоўнасцей, і рэсурсаў. Прыкладаў такой стараннасці і беражлівасці ў працы маецца нямала.


Таму і не дзіўна, што дырэктар ПМС Віктар Палуянаў, адзначаючы напярэдадні прафесійнага свята, Дня меліяратара, добрым словам вытворчыя здабыткі лепшых працаўнікоў, пажадаў ім і ўсяму калектыву, ветэранам меліярацыі моцнага здароўя, поспехаў у працы, дабрабыту і добрага настрою.


Апошняе пажаданне не здзівіла, бо даваць новую сілу зямлі, адраджаць яе ўрадлівасць можна толькі з добрым настроем і шчырай любоўю да яе і прафесіі меліяратара.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.