Усе пытанні Жыццёвыя

Апаратная нарада, якую правёў у панядзелак старшыня райвыканкама Мікалай Какора, пачалася з кадравых змяненняў. Начальнікам раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя назначаны Іван Анатольевіч Свежынец – кіраўнік раёна пажадаў яму плённай працы.


Віктар Струк, кіраўнік раённай арганізацыі АСВОДа, праінфармаваў аб прымаемых мерах па папярэджанню гібелі людзей на вадаёмах раёна. У раёне афіцыйна вызначаны месцы для купання – тураўскі і жыткавіцкі пляжы, дзе створаны пасты АСВОД, ёсць адпаведныя ўмовы для адпачынку людзей.


З пачатку купальнага сезону на вадаёмах, дзе забаронена купанне, загінула дзіця і трое дарослых. Дзіця загінула з-за бескантрольнасці бацькоў, а папярэдняя прычына смерці дарослых — п’янства, як паведаміў В. Струк. На кантралюемых вадаёмах трагічных выпадкаў не здарылася.


Кіраўнік раёна даручыў адпаведным службам узмацніць кантроль за санітарным станам на кантралюемых вадаёмах, за якасцю вады і добраўпарадкаванню пляжаў. На астатніх вадаёмах, якія ёсць у раёне і маюць гаспадарчы, тэхнічны характар, напрыклад, пажарны альбо для выпайкі жывёл, павінны быць устаноўлены папераджальныя знакі, аншлагі  аб забароне купання.


— Галоўная задача — зберагчы жыццё людзей. Мы не павінны дапускаць і злоўжыванне алкаголем на вадаёмах, адпаведныя службы павінны своечасова рэагаваць на такія факты, канстатаваў М. Какора.


Аб выніках работы са зваротамі грамадзян, якія паступілі ў райвыканкам у маі, праінфармавала В. Зубкова, начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і прававому забеспячэнню райвыканкама. За 5 месяцаў у райвыканкам паступіла 185 зваротаў, у тым ліку ў маі – 37. Найбольшы працэнт зваротаў датычыць жыллёвай, сельскай гаспадарак і землевыкарыстання, камунальнай і дарожнай гаспадарках. Найбольшая колькасць зваротаў паступіла ад жыхароў Тураўскага гарадскога, Руднянскага і Чырвоненскага сельскіх Саветаў.


На нарадзе дэталёва  разгледжаны кожны зварот грамадзян. Старшыня райвыканкама запатрабаваў ад  кіраўнікоў структурных падраздзяленняў павысіць кантроль за захаваннем тэрмінаў выканання зваротаў грамадзян, а таксама ўзмацніць ступень адказнасці за дапушчаныя парушэнні пры рабоце са зваротамі грамадзян.


У цэнтры ўвагі была і адміністрацыйная практыка па добраўпарадкаванню і навядзенню парадку на тэрыторыі раёна. За тыдзень складзена 27 пратаколаў і 351 прадпісанне. Зрабіўшы аналіз зробленага, кіраўнік раёна зрабіў акцэнт на недастатковасць непасрэднай працы з насельніцтвам, кантролю за безумоўным выкананнем прадпісанняў.


Старшыня райвыканкама запатрабаваў ад сельвыканкамаў навесці належны парадак ля памятных месцаў, помнікаў і сквераў, выкасіць прылягаючыя тэрыторыі. — Не можам мы быць бяспамятнымі! — адзначыў ён.


За мінулы тыдзень зарэгістраваны 3 пажары (згарэлі нежылы дом у в. Вятчын, неэксплуатуемае памяшканне ў Жыткавічах, адрына ў в. Грэбень (у трэцім выпадку — дзіцячыя забавы з агнём). Узнікаюць узгаранні тарфянікаў.


Назіральнымі камісіямі наведаны 68 домаўладанняў, 5 чалавек прыцягнута да адміністрацыйнай  адказнасці. Выяўлены факты пражывання на тэрыторыі Рычоўскага сельсавета грамадзян, якія пераехалі з іншых краін і жывуць працяглы перыяд без дазволу на права знаходжання ў нашай краіне.


Па лініі РАУС зарэгістравана 132 паведамленні аб правапарушэннях, узбуджана 10 крымінальных спраў, 7 з іх раскрыта. Супрацоўнікамі міліцыі пастаянна правяраюцца вартаўнікі арганізацый і ўстаноў у начны час,  выяўляюцца асобныя факты адсутнасці іх на рабочым месцы, аб чым для прыняцця мер інфармуюцца кіраўнікі.


У цэнтры ўвагі нарады былі пытанні: выканання Дэкрэта №18 аб абавязаных асобах, прагно зных паказчыкаў, Праграмы развіцця Прыпяцкага Палесся, функцыянавання аграпрамысловага комплексу раёна.


Сельгаспрадпрыемствамі актыўна вядзецца касавіца. На гэтым тыдні нарыхтоўка кармоў будзе завершана, канстатаваў начальнік райсельгасхарчу А. Наўныка. Дзеля гэтага вырашаны ўсе тэхнічныя і арганізацыйныя моманты.


— На гэтым тыдні асаблівую ўвагу неабходна ўдзяліць атрыманню малака і падкасіць выпасы, канстатаваў М. Какора. І не забываць пра тэхналагічнасць усяго сельскагаспадарчага працэса. Тады будзе добры вынік.


На будаўнічых аб’ектах часта рэгіструецца крадзёж матэрыялаў, на гэтую праблему звернута ўвага кіраўнікоў будаўнічага сектара. Разгледжана шэраг пытанняў, звязаных з будаўніцтвам жылля і сацыяльна-эканамічных аб’ектаў у раёне. Размова ішла аб шырокім комплексе работ па добраўпарадкаванню мікрараёна Жыткавічы-1.


За 5 месяцаў у раёне нарадзілася 197 немаўлят, заключаны 91 шлюб. Пайшлі з жыцця 338 чалавек, з іх у горадзе — 88, у сельскай мясцовасці — 250 чалавек. Асаблівую ўвагу, на думку кіраўніцтва раёна, трэба сёння ўдзяліць прапагандзе здаровага ладу жыцця, прафілактыцы і папярэджанню захворванняў, адзначыў старшыня райвыканкама па выніках разгляду дэмаграфічнага стану ў раёне.


— Як нараджаюцца скаргі? Літаральна на пустым месцы, — падкрэсліў старшыня райвыканкама М. Какора, які прачытаў напрыканцы нарады зварот на яго імя ад жыхара райцэнтра. Праблема, якую ён узняў, датычылася выдзялення зямельнага ўчастка, які дагэтуль належаў бюджэтнай арганізацыі і вырашэнне неапраўдана зацягнулася на доўгі час. “Тэрмінова разабрацца і вырашыць пытанне на карысць грамадзяніна”, — запатрабаваў старшыня райвыканкама. — “Гэта недапушчальна, калі дробязнае пытанне “завісае” з-за неахайнасці службоўцаў. Яны павінны несці адказнасць у поўнай меры”.


На нарадзе таксама разгледжаны вынікі выканання даручэнняў, якія былі дадзены старшынёй райвыканкама на працягу апошніх пяці месяцаў. За нядобрасумленнасць у іх выкананні прыцягнуты да адказнасці шэраг кіраўнікоў адказных служб.


Па матэрыялах райвыканкама

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.