Віктар Казько: “Жыць і тварыць трэба няспынна…”

Віктар Казько не патрабуе асаблівых прадстаўленняў і эпітэтаў. Ён на Беларусі ёсць і гэтым усё сказана. Боль за родную зямлю і краіну, мову і культуру – адметнасць усёй яго плённай творчасці. Былы выхаванец Вільчанскага дзіцячага дома В. Казько – адзін з вядучых беларускіх празаікаў старэйшага пакалення. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола, Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа, штогадовай літаратурнай прэміі “Гліняны Вялес”.


Віктар Апанасавіч Казько – аўтар вядомых аповесцяў і раманаў “Цвіце на Палессі груша”, “Но пасаран”, “Суд у Слабадзе”, “Неруш”, “Хроніка дзетдомаўскага саду”, “Выратуй і памілуй нас, чорны бусел”, “Бунт незапатрабаванага праху”, кнігі публіцыстыкі “Дзікае паляванне ліхалецця”. Яго творы былі экранізаваны на кінастудыі “Беларусьфільм” (“Паводка”, “Сад”, “Судны дзень”), перакладаліся на розныя мовы. Жыве ў Мінску ў Дудутках.


Што піша і чытае вядомы майстра, наш зямляк, што такое свабода, што з намі, беларусамі, адбываецца?


— Ды вось “Тайны ХХ века” чытаю. Я люблю гэты часопіс: не жоўты, не нахабны, не агрэсіўны, але нешта мусіруе. Прачытаў, што ў СНД праводзяць конкурс “Привет, дуралей!» — насуперак Гінэсу. І я падумаў, што перамог бы, прычым не адзін раз у сваім жыцці. Вось прыклад. Я рос у вёсцы Анісавічы пад Калінкавічамі. Там пасля вайны ляжаў самалёт нямецкі, збіты. Урос у зямлю, а нам, дзецям, карцела яго адтуль дастаць. Я дурань дурнем, але кемлівы. Даведаўся, што калі пад самалётам закапаць у зямлю снарад, узарваць яго, то выбух аголіць той самалёт. Порах у нямецкіх лётчыкаў быў адметны — цікавы, як гузікі. Малатком. Малатком па гузіку — бух! Гэта былі нашы гульні. Дык вось закапалі снарад, распалілі агонь, усе хлопцы збеглі, пахаваліся. Я раптам успомніў: дзе ж мой сцізорык? Знік. Такі ўхвацкі… Адно лязо абломана, але ж… Я спахапіўся і пабег за ім да агню. І толькі я падбягаю — як выбухне! Як дало! Асколкі вакол мяне пасыпаліся… але ножык я такі паспеў схапіць. Прыбягаю да цёткі — у яе  крайняя хата — увесь чорны. А там жанчыны. У той час яны ішлі па дарозе. Калі снарад бухнуў, асколкі як засвізгалі, то яны бежкі кіламетра паўтара далі — мая цётка ледзь вадой іх адпаіла. А тут я падыходжу. Ну, яны давай у мяне дручком па ўсіх месцах розум укладваць.


Такое вясковае жыццё — такая магчымасць спазнаць. Праз смерць, праз небяспеку — як бы там ні было. Гэта славянская рыса. Паглядзець, памацаць рукамі. Атрымаць у лоб… І ніякага навучання. Зноў наперад да наступнага глупства.


…Што з намі зараз адбываецца? Я б адказаў так, як у свой час, яшчэ ў пазамінулым стагоддзі, казаў Розанаў: “Реально осуществленный Апокалипсис”. Вось да чаго мы дайшлі. У нас быў час агледзецца. А цяпер ужо, здаецца, вельмі позна. Таму што мы закранулі жывую матэрыю, і закранулі паўсюдна. Па жывым. Усё навокал нас жывое. У тым ліку і дух. Гэта зусім нешта безцялеснае. Гэта  жывая і наша патомная плоць. Вось чаму плоць у сабе мы выпалілі і знішчылі. Чалавек пачаў не з таго: з дэманстрацыі сябе, сваіх магчымасцяў. Праца павінна ісці ў нармальным рэчышчы, без фанфар. У энтузіязме, у стваральным пафасе мы забыліся на духоўную работу, мы забыліся, што чалавек павінен жыць яшчэ і ўнутрана. Ствараць свой свет, ствараць нешта ідылічнае, сваё, у выглядзе сям’і, кола, свайго асяроддзя, каб захоўваць і несці памяць, дух продкаў і сваю духоўнасць у будучае.


Мы забыліся пра перавагу духу. І цывілізацыя скруціла галаву чалавеку. Гэта ад нашага імкнення ўладарыць: над светам, над людзьмі, над асяроддзем, над зямлёй. А рана чалавек адчуў сябе ўладаром прыроды, ніякі ён не ўладар. На маю думку, зараз адбываецца крах тэхнагеннай цывілізацыі.: Чарнобыль, Фукусіма, вулканы, паводкі. І разам з гэтым страта маралі. І вялізная-вялізная страта культуры. Так, праходзяць фестывалі, выстаўкі, канцэрты, усюды публікі навалам, білеты не купіць. Але гэта мерапрыемствы. А я аб унутранай, духоўнай культуры, у якую непасрэдна ўваходзяць сумленне, сорам, адчуванне межаў. Гэта страчваецца. Чалавек мог бы стаць болей дасканалым, калі б пайшоў не на мыліцах цывілізацыі, а сваімі нагамі – шляхам духу.


— Па-вашаму, што такое свабода і вера ў Бога?


— Вера ў Бога — гэта межы, запаведзі, якія прызнае над сабой чалавек. Прызнае — тады вольны. Славянскаму чалавеку вера ўвогуле заўсёды ўласціва. Аглядка на нешта ці некага. Ісуса, цара, уладу. І ў той жа час абсалютнае адмаўленне ўся і ўсіх. Нешта ўвогуле закладзена ў прыродзе чалавека, у якой адначасова жывуць вера і адмаўленне. Дзве сілы. Тэорыя Дарвіна пацярпела крах. Абсалютны. Чалавек — Божае стварэнне. Гэта і акадэмік Бехцерава ды і шмат іншых вялікіх вучоных, мысляроў сцвярджаюць: мозг — нешта абсалютна неразгаданае. Цяпер пра мозг гавораць як пра нейкі прыёмнік. Мы аднекуль успрымаем сігналы, але мы не ведаем, што ў гэтай чарапушцы робіцца. Ці ён правобраз наймагутнейшага камп’ютара, ці ўвогуле чалавек створаны, як казалі ў гады маёй маладосці, каб цешыць Сусвет, Космас. Зямля, планета — сцэна Сусвету.


— А што такое страчаныя магчымасці?


— У мяне, напрыклад, — няма сістэмнай адукацыі, ды і не толькі ў мяне. Ёсць памяць, нахватанасць, кніжкі. А да нечага асноўнага прыходзіш вельмі позна. Вынаходства веласіпеда гэта называецца. І чым далей, тым тых веласіпедаў робіцца ўсё больш і больш. Цяпер я захапіўся Мікалаем Фёдаравым з яго адраджэннем. Паводле Фёдарава, калі адбудзецца ўваскрашэнне, паўстануць усе памерлыя і рушаць у Космас, і там ёсць магчымасць чалавеку і мінуламу, і сённяшняму прыкласці свае сілы. Ён быў апантаны гэтай ідэяй. Ён дапякаў гэтым і Дастаеўскаму, і Талстому, і Чэхаву, да каго ён толькі не звяртаўся. Сёння ён лічыцца адным з самых магутных філосафаў. Я за таго, што ў свой бы час ды на свежую галаву яго кнігі…


— Тады Вы сталі б палітычным дысідэнтам. А так – беларускім пісьменнікам. А чаму, дарэчы, беларусам не ўласціва дысідэнцтва?


— У нас дысідэнцтва ўвесь час было ўнутранае. Чаму мужык, вёска і выжылі. Калі б было ваяўнічае, агрэсіўнае дысідэнцтва, беларусаў бы не засталося: па тэрыторыі ўвесь час ішлі войны. Слава Богу, можа, што яго і не было. А потым я не надта ўспрымаю палітычнае дысідэнцтва. Напрыклад, персона Салжаніцына. Яна міфалазавана сродкамі масавай інфармацыі. Мне ў ім не падабаецца імкненне быць уладаром думак, місіянства — якраз тое, пра што гаварыў Розанаў. “Как обустроить  Россию?», памятаеце? Беларусь — подбрюшье», Казахстан — подбрюшье»… нельга так. Шавінізм”! але прызнаю, што ён напісаў вялікую кнігу “Архіпелаг Гулаг”. І яго першая кніга “Іван Дзянісавіч” — выдатны твор. Хаця, калі я прачытаў адразу, калі аповесць была надрукавана, падумаў: чаму ўсе гавораць, што герой такі няшчасны, такі занядбаны? Мы ж на Беларусі, я, напрыклад, жылі таксама, як Іван Дзянісавіч, у лагеры, хоць і на волі. Голад! Калі мяне выкідвалі з чаргі за хлебам, я ляжаў, аддыхваўся і зноў лез у натоўп. Таксама бегаў па лесе, каб хоць на кус чаго-небудзь здабыць, быў і крадзеж – мы гэта лічылі больш вартым, чым прасіць. Нешта ў душы чалавека, падлетка, пасля вайны забараняла прасіць, жабраваць. Тут асаблівасць псіхалогіі. Калі чалавек дарэшты губляе вартасць, тады ён ідзе пабірацца. Гэта ўжо апошняя рыса, лічыцца ў Беларусі. Людзі, якія ўжо не маглі рабіць, у якіх страчана пачуццё страты, пачуццё вартасці, пачуццё сябе, станавіліся прафесійнымі старцамі.


— А здараецца часам так, што вы адчуваеце стомленнасць ад жыцця?


— Жыццё — вір, засмоктвае, топіць, цягне на дно і выкідвае на паверхню. Такое мітуслівае і табе не падуладнае. Не паспяваеш за часам, а табе карціць, трэба зрабіць адно, другое, трэцяе. А ты не можаш за ім угнацца, бо імпэту таго няма, напалу былога ўжо няма. Часу з узростам не хапае.


— Як працуеце? У сэнсе — якімі сродкамі?


— На камп’ютары ўсё жонка, Ніна, а я толькі ад рукі. А Ніна толькі перадрукоўвае, без яе мне проста немагчыма. Тое, што на машынцы, і тое, што ад рукі, уступае, на мой погляд, у чыста зрокавую супярэчнасць. Ну, нехта там еў гнілыя яблыкі, тазік з вадой ставіў перад працай… А я ў век камп’ютараў пішу рукой на паперы.


— А што вам трэба, каб пачаць пісаць?


— Адчуванне вольнага часу. Каб наперадзе не было ніякай неадкладнай працы. Каб цябе не тузалі на кожным кроку. Прастора часу павінна быць.


— А што расце ў вас на дачы? Якую гародніну вырошчваеце для забавы?


— Для забавы? Наогул, беларускі чалавек гэтага не ведае. У нас дзве асноўныя рысы: патрэба бачыць вынік і патрэба быць здабытчыкам. Гэта ідзе са старажытнасці: лес, ягады, грыбы, звер. Мэта разумнага дзеяння. І ў той жа час угадваецца нецярпенне. Жаданне падштурхнуць час.


— А цярплівасць?


— Ага, скажыце яшчэ, што беларус гэта ліхаманка і калтун. Рахманыя беларусы – вобраз яшчэ някрасаўскі. Была вялікая культура. Нікуды не дзець Вялікае княства Літоўскае, княствы Полацкае, Тураўска-Пінскае. У Тураве да сённяшняга дня гавораць: “Не, тураўскія дзеўкі без кажуха замуж не выходзяць!”. Была заможнасць. І потым, куды мы дзенем нашага Кірылу Тураўскага? Тут з-за Дастаеўскага можна спрачацца: рускі, беларус? А ўсё больш і больш “Слово о полку Игореве” прыпісваецца Кірылу Тураўскаму, ужо некалькі дзесяцігоддзяў крытыкі прыходзяць да такой высновы, бо ў той час увогуле на славяншчыне не было такой фігуры, якая магла стаць упоравень з Кірылам тураўскім.


— Вы пра будучыню ў якім свеце думаеце?


— У гэтым… Хвалююся. І таму пішу. Не спыняюся. Увогуле, як бы там ні было, жыць і тварыць трэба няспынна.


Гутарыў С. КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.