Абудзіў камбайнер ніву…

Пасыпалася збожжа дажджом залатым – у КСУПе «Бялёў” адбылося раённае свята “Зажынкі”


У нашым раёне пачаўся збор збожжа. Раённае свята зажынак па праву сёлета прымала камунальнае сельскагаспадарчае прадпрыемства “Бялёў” — уклад гэтай гаспадаркі ў каравай раёна заўсёды быў значны, хаця  высокаўрадлівымі мясцовыя землі наўрад ці можна назваць.


На абрад зажынання першага снапа сабралася нямала гасцей. Сярод якіх – старшыня райвыканкама М. Какора і старшыня райсавета дэпутатаў Н. Рамановіч, першы намеснік старшыні райвыканкама А. Наўныка, намеснікі старшыні В. Рагалевіч, С. Таболіч, У. Быстрэнка, прадстаўнікі мясцовых органаў улады, лепшыя камбайнеры і кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, прадстаўнікі абслугоўваючых прадпрыемстваў і ўстаноў раёна. Іх віталі дзяўчаты ў нацыянальных строях, як толькі тыя ступілі на хлебнае поле. Сярод шаноўных гасцей – благачынны Тураўскай царкоўнай акругі протаіерэй Генадзь, які папярэдне асвяціў жытнёвае поле, тэхніку, што выстраілася радком на палетку ля возера, побач з вёскай, блаславіў камбайнераў і трактарыстаў на працоўны экзамен, падараваўшы іконкі. Таксама на свяце прысутнічалі прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі раёна, на свяце прысутнічалі працаўнікі КСУП “Бялёў”, пенсіянеры гаспадаркі, вяскоўцы.


Урачыстасць распачалася з прывітальнай песні, якую хораша выканаў  народны вакальны ансамбль “Журавушка”. Ганаровае права падняць сімвалічны сцяг “Зажынкі-2011” прадастаўлена пераможцам раённага спаборніцтва мінулага года маладзёжнаму экіпажу ААТ “Тураўшчына” Мікалаю Лебядзінскаму і Віктару Венгуру.


Затым са словамі прывітання да хлебаробаў, гасцей і ўсіх прысутных звярнуўся старшыня райвыканкама Мікалай Какора.


— Хлеб вырас на палях, і наша задача якасна яго ўбраць на захаванне. Калі ў мінулым годзе наш раённы каравай важыў каля 28 тыс. тон, то сёлета нам патрэбна разам з кукурузай атрымаць 39 тысяч тон пры сярэдняй ураджайнасці па раёну 30 цэнтнераў з гектара. Задача гэта выканальная, галоўнае працаваць старанна і не дапускаць страт, — адзначыў старшыня райвыканкама. – Пры магутным тэхнічным патэнцыяле, які мы сёння маем, на 1 камбайн прыходзіцца збожжавы клін у 130 гектараў, таму закончыць уборку мы павінны за 10 дзён.


Кіраўнік райвыканкама заклікаў механізатараў-камбайнераў, трактарыстаў прэсаў, вадзіцеляў на адвозцы збожжа не гнацца за славай, а гнацца за якасцю, каб мець больш высокія вынікі сваёй працы, павіншаваў іх з пачаткам жніва.


Добрыя словы пажаданняў выказалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Рамановіч, благачынны Тураўскай царкоўнай акругі айцец Генадзь.


Пад апладысменты прысутных маладым хлебаробам, якія сёлета ўпершыню сядуць за штурвал камбайна, дзяўчаты павязваюць пунсовыя стужкі “Жніво-2011”, і з наказам да іх – любіць светлае жытнёвае поле, сваю працу і людзей – звярнуўся ветэран працы, былы механізатар КСУП “Бялёў” Уладзімір Рыгоравіч Руды.  У сваю чаргу камбайнер з ААТ “Тураўшчына” Мікалай Лебядзінскі, які ў 2010-ым намалаціў разам са сваім маладым паплечнікам 1700 тон збожжа, паабяцаў пераўзысці мінулагодні паказчык, падзякаваў арганізатарам свята за пашану і павагу да цяжкай механізатарскай справы.


Зажынкі прайшлі па ўсіх правілах абраду.  На пляцоўку выйшлі ўдзельнікі дзіцячага фальклорнага гурта і народнага фальклорнага ансамбля “Весялуха” Бялёўскага СДК, якія выканалі жніўную песню “Ой лецейка, вырасла ў полі жыцейко” і накіраваліся да поля.  Старэйшая жанчына вёскі зняла серп з пляча, паставіла збанок з вадой на зямлю, тройчы перахрысцілася  і папрасіла: “Госпадзі, памажы да здароўем надзялі!” Жанчыны з сярпамі, спяваючы зажыначную песню, віталіся з полем і зажыналі першы сноп, а дзеці звівалі вяночкі з каласкоў…


Гэты сімвал жніва, упрыгожаны каляровымі стужкамі, жанчыны ўручылі старшыні райвыканкама і ўсім прысутным гасцям. А дзеці паднеслі вянкі з каласкоў камбайнерам.


Хлеб – аснова жыцця, а квас – каб моц была і дужасць – гэтымі сімваламі частавалі арганізатары свята ўсіх, хто сабраўся на бялёўскім палетку.


І, нарэшце, ганаровае права адкрыцця пачатку “Жніва-2011” прадастаўлена дырэктару КСУП “Бялёў” Уладзіміру Ачапоўскаму, які даў каманду волатам хлебнай нівы распачаць жніво.


Запрацавалі натужна маторы, і адзін за адным у радок пайшлі працаваць магутныя машыны, пакідаючы шлейф вымалачанай саломы. Услед – трактары з прэс-падборшчыкамі, і  першыя рулоны саломы з’явіліся на полі. Яе тут жа грузяць на перавозчык, а вызваленае поле задыскоўваецца для будучага ўраджаю. Дух сапраўды захоплівае ад такога малюнка! А над полем гучаць галасы вядучых: “Пад небам Радзімы, не ведаючы стомы, працуе народ, каб ты прыгажэла, краіна любімая наша, штогод!”


Сімвалічна, пранікліва, сапраўды да месца. Што ж, і артысты малайцы — стварылі выдатны настрой. У добры час, хлебаробы! Няхай шанцуе працавітым людзям, а іх руплівыя рукі не ведаюць стомы!

У. Гаўрыловіч,

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.