Да вытокаў душой дакрануцца…

Вечар сустрэчы з вядомымі людзьмі–ураджэнцамі вёскі Пагост адбыўся ў мінулую нядзелю ў мясцовым сельскім клубе. Вельмі цікавае і памятнае мерапрыемства “Лёсам звязаны з Пагостам” было арганізавана і праведзена Жыткавіцкай цэнтралізаванай бібліятэкай сумесна з вясковымі культработнікамі.


На сустрэчу з землякамі (трэба сказаць, што такая ж падзея ладзілася ўпершыню ў мінулым летам) у гэтым годзе прыехала нямала выбітных асоб, што нарадзіліся ў нашым раёне і праславілі родную зямлю далёка за яе межамі. І сам старажытны Пагост, здаецца, памаладзеў, пабачыўшы гэтулькі годных сыноў і дачок, што завіталі нядзельным днём  у старэнькі Дом культуры. Для іх словазлучэнні “родны кут”, “зямля бацькоў”, “першыя крокі” маюць асаблівую прывабнасць, чароўную сілу. 


Усё на гэтай зямлі самае дарагое, самае блізкае. Ды і не толькі для іх, цяпер ужо гасцей, для ўсіх пагастчан гэтая зямля з яе чароўнымі куткамі прыроды, ціхімі рачулкамі, зялёнымі барамі ў поўным сэнсе слова — святая.  Іх зямлёй  захапляюцца паэты і празаікі, мастакі і музыканты, аматары прыроды і традыцыйнай культуры Палесся.


Пра гэта гаварылася на паэтычна-музычнай вечарыне нямала як вядучымі свята, так і яе ўдзельнікамі. Пра ўсё, што адбывалася – наўрад ці скажаш у газетным тэксце, хіба коратка пазнаёмім чытача са знакамітымі землякамі вёскі і, зразумела ж, раёна.


Лазерная ўстаноўка, якую вынайшаў са сваімі калегамі наш зямляк Мікалай Аляксеевіч Саскевіч, дагэтуль выкарыстоўваецца ў мікраэлектроніцы, вынаходніцтва важнае для выпуску мікраплат і іншых важных дэталяў. Гэта было сапраўды навуковае адкрыццё. Цяпер Мікалай Аляксеевіч – кандыдат фізіка-матэматычных навук, дагэтуль з’яўляецца навуковым супрацоўнікам Акадэміі навук Беларусі. Дзякуючы яго старанням, дарэчы, і адбылася чарговая сустрэча з землякамі на родным міжрэччы Прыпяці і Сцвігі.


Як удалося простаму вясковаму хлапчуку з палескай глыбінкі паступіць у Маскоўскі ўніверсітэт на фізіка-матэматычны факультэт? Відавочна, паспрыялі толькі цяга да навукі, выдатная школьная і самападрыхтоўка. Як згадваў, выступаючы перад землякамі Мікалай Аляксеевіч, у школьнай бібліятэцы быў адзіны зборнік задач павышанай цяжкасці. І ён усе гэтыя задачы да паступлення парашаў. Такая стараннасць прынесла плён —  Саскевіч абышоў па ведах многіх масквічоў і быў залічаны на вучобу ў прэстыжную ў савецкі час навучальную ўстанову.  Кар’ера, грамадская дзейнасць – вельмі важная частка жыцця для Саскевіча, аднак родная хата была і застаецца прыцягальнай на ўсе часы…


Журналістыка, тэлевізійная аналітыка, дыктар радыё і тэлебачання, вядучы тэлеперадач беларускага тэлебачання – такі няпоўны пералік працоўнай дзейнасці яшчэ аднаго вядомага пагастчаніна Івана Панцялеевіча Тарасюка. Шмат цёплых успамінаў гэтага чалавека адрасаваны роднай пачатковай школе, якая некалі размяшчалася ў доме святара, адданым сваёй справе  настаўнікам.


— Шмат я працаваў у перыядычным друку, больш трыццаці гадоў аддаў працы на тэлебачанні, адкуль і пайшоў на заслужаны адпачынак. Бывала, сяджу ў тэле- ці радыёстудыі і думаю, што недзе там, у роднай вёсачцы, мяне слухаюць ці бачаць землякі. А яны, аказваецца, так ганарыліся сваім прабіўным хлопцам! Пра гэта некалі казаў мне і В.Н. Маркевіч, дырэктар школы, які бываў у мяне, калі патрапляў у сталіцу, згадваў Тарасюк Іван Панцялеевіч – сын вядомага старшыні мясцовага калгаса, старшыні Тураўскага райкама, у час вайны кіраўніка партызанскага атрада “За Радзіму”.


Ён таксама распавёў землякам пра свае сустрэчы з вядомымі людзьмі на ўвесь Савецкі Саюз, як у выгадным свеце “прадставіў” сваю школу.  Аднойчы “збіў з панталыку” вядомага калегу прызнаннем у адказ на пытанне, што мае “высокую літаратурную школу”. І дадаў – Пагосцкую. А той, не зразумеўшы падвоху, пагадзіўся: “Так, так, чуў…”


Цёплыя ўспаміны гучалі з вуснаў Аляксея Пятровіча Клімовіча, які 40 гадоў аддаў педагагічнай дзейнасці і прафтэхадукацыі, з іх 20 гадоў узначальваў прафесійнае вучылішча бытавога абслугоўвання ў Гомелі.  Родная зямля для яго заўсёды была святой і адзінай прыстанню, куды спяшаўся і спяшаецца зараз як на сустрэчу з каханай…


Наказ бацькоўскай зямлі  праз абраную аднойчы прафесію, жыццёвую філасофію – беражліва захоўваць моўную спадчыну – выконвае  Кузьміч Леанід Пятровіч, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай мовы Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны. Леанід Пятровіч вельмі шчаслівы, што яго Пагост жыве, традыцыі роднага краю шырока вядомы за межамі Беларусі, што такіх песень, як дома, больш нідзе і няма…


Імя Міхаіла Пятровіча Кузьміча, без перабольшвання, вядома шырокаму колу беларускага грамадства. Ён і вучоны, і грамадскі дзеяч, і пісьменнік, і яркі публіцыст, і літаратурны крытык. Да апошняга часу М. Кузьміч працаваў начальнікам галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта, пайшоў у адстаўку і цяпер выкладае ў вышэйшай навучальнай установе філасофію і метадалогію навукі.


— Калі б іначай распарадзіўся лёс, я, магчыма, мог бы стаць неблагім спартсменам, вельмі моцным было маё сяброўства са спортам, у праватнасці, з лыжамі, а пасля і з настольным тэнісам.  Але навука пераважыла, — канстатаваў зямляк. Ён – кандыдат філасофскіх навук і літаратурны крытык. Пяру выхадца з Пагоста належаць шматлікія публікацыі ў часопісах, альманахах і газетах, зборніках навуковых артыкулаў. Міхаіл Кузьміч – аўтар і рэдактар многіх  кніг. Новае сваё выданне – кнігу артыкулаў  “Страла ў бясконцасць” — таленавіты зямляк падарыў чытачам сельскай бібліятэкі і былому кіраўніку народнага ансамбля “Міжрэчча” Кацярыне Панчэні.


Прывіталі пагастчан на свяце сустрэчы і тры ўраджэнкі вёскі Ганна Данілаўна Дудзіч і Ніна Савельеўна Варэльджан, а таксама Надзея Міхайлаўна Меляшчэня. Усе яны засведчылі: быць настаўнікам пачэсна і адказна. У першых двух прафесійнае жыццё і інтарэсы аб’ядноўвае агульны прадмет – біялогія, які ім з любоўю выкладаў некалі ў школе выдатны педагог Васіль Нічыпаравіч Маркевіч. І пры жыцці настаўнік ганарыўся, што яго вучаніцы дасягнулі ў прафесіі значнага прызнання. Ніна Савельеўна Варэльджан атрымала званне заслужанага настаўніка Расійскай Федэрацыі, а Ганна Данілаўна Дудзіч – заслужанага настаўніка Беларусі. Выступаючы са сцэны, выбітныя зямлячкі падкрэслілі важнасць жыццёвых урокаў, якія ім далі пагастчане, працуючы ў полі альбо на сенакосе, бо не маглі працаваць кепска. І іх поспехі з таго, што не маглі працаваць кепска.


Не можа працаваць кепска і Надзея Міхайлаўна Меляшчэня – настаўніца матэматыкі Жыткавіцкай сярэдняй школы №4. Як адзначылі вядучыя свята, кожнага свайго вучня яна сустракае з ветлівай усмешкай, з жаданнем абудзіць любоў да такой складанай навукі як матэматыка.


Але не толькі педагогікай жыве наша зямлячка, якая засталася жыць і працаваць на роднай зямлі! Яе творчасць  — самы сапраўдны скарб. Яна пляце і вышывае, вяжа кручком: на вялікіх і на малых палотнах квітнеюць усімі фарбамі родныя вобразы, любыя краявіды, якія дзіцём яна бачыла ў сваёй роднай вёсцы. Ды і мужа натхніла захапіцца гэтай справай!  Яна самая сапраўдная мастачка, і пагастчанам было прыемна сустрэцца і пачуць пра поспехі  сваёй зямлячкі…


Цёплыя словы ў адрас пагастчан – працалюбівых, таленавітых людзей, якія і сёння сваімі справамі робяць родную зямлю прыгожай і прыцягальнай, а таксама прысутных землякоў выказаў старшыня абласной пісьменніцкай арганізацыі вобласці, празаік і публіцыст У. Гаўрыловіч.


Так, нельга не пагадзіцца з выступоўцамі, што калі нарадзіўся на гэтай зямлі, то дзе б ні апынуўся, сэрца будзе клікаць да лясных і азёрных даляў, да духмянага чабору на ўзгорку пшанічнага поля, будзеш бачыць родную зямлю то цяжкім коласам, то сенажаццю, то рэчкамі, то бульбай, спечанай на берагах міжрэчча ў попеле  вогнішча. І заўсёды будзеш чуць яе песні – сумныя, вясёлыя, жаўрукова-радасныя, з маленства і на ўсё жыццё розныя.


І гэтыя песні ў вялікай колькасці на працягу ўсяго свята-сустрэчы гучалі ў выкананні землякоў – Кацярыны Аляксееўны Панчэні і народнага гурта “Міжрэчча”. А завяршылася праграма мерапрыемства таксама цудоўным выступленнем народнага фальклорнага ансамбля “Веціца” Старажавецкага сельскага клуба.


У. ГАЎРЫЛОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.