Дбаюць пра якасць

Амаль дзве тысячы тон зерня намалацілі сёлета ў камунальным сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемстве “Коленскае”. Тут ужо ўбралі дзве трэці плошчаў збажыны, а гэта значыць, што новы каравай яшчэ пацяжэе на некалькі соцень тон.


Уборка  ў сельгаспрадпрыемстве вядзецца даволі зладжана і арганізавана. Таму спрыяе дастатковая колькасць тэхнікі і стараннасць механізатараў і вадзіцеляў.


— Кожны працаўнік  ведае, што патрэбна якасна ўбраць вырашчаны ўраджай, — гаворыць галоўны аграном гаспадаркі Уладзімір Бердычавец. —  Перашкаджае гэта рабіць надвор’е ў пэўнай ступені, таму на палетках усе прыкладваюць належнае старанне, каб якасна правесці абмалот збажыны. Нялёгка сёлета даецца хлеб.


Працоўны рытм на збожжавым палетку падтрымліваюць і работнікі зернятока. Ад іх стараннасці ў многім залежыць, як хутка і якасна будзе дапрацавана паступіўшая з поля збажына. Аб’ёмы яе штодзённа дастаўляюцца немалыя. Таму галоўнаму аграному даводзіцца яшчэ браць пад пільны кантроль і работу гэтага вытворчага падраздзялення сельгаспрадпрыемства.  Менавіта на гэтым участку ўборачнага канвеера ідзе фарміраванне партый збажыны, якую гаспадарка рэалізуе  дзяржаве. Тут жа рыхтуюцца партыі і насеннага матэрыялу пад ураджай наступнага года. З зернятока адпраўляецца збажына ў грамадскія сховішчы на захоўванне, каб пасля было з чаго рыхтаваць канцэнтраты для жывёлы на фермах. І кожны гэты працэс патрабуе найперш якаснага выканання.


— Працуе зерняток бесперабойна. Практычна круглыя суткі тут вядзецца дапрацоўка збажыны, — адзначае Уладзімір Бердычавец. — Што справы на таку ладзяцца добра, сведчанне  яго грунтоўнай падрыхтоўкі да работы, а таксама тое, што ўкамплектаваны гэты вытворчы аб’ект спрактыкаванымі і вопытнымі кадрамі. У ліку такіх аператар-электрык па абслугоўванню зернятока Аляксандр Данілаў. Не адзін дзесятак гадоў заняты на дапрацоўцы збажыны і аператар зернятока Аляксандр Чарнагалоў.


 Хапае працы тут і рабочым паляводчай брыгады, і аграному насенняводу Віталю Сітніку. Менавіта ён кіруе працэсам адбору насення пад будучую сяўбу, ажыццяўляе кантроль за яго якаснымі параметрамі. Нездарма ж кажуць, што якое семя, такое і племя. Пра гэта спецыяліст памятае вельмі добра, таму партыі насеннага матэрыялу фарміруюцца з самых ураджайных палеткаў. Перш чым насенне паступіць у сховішча, яно старанна ачышчаецца ад пустазелля. Гэтая задача стаіць перад працаўнікамі паляводчай брыгады.


Са зладжанай работы кожнага ўчастка ўборачнага канвеера складваецца агульны плён на жніве ў КСУПе “Коленскае”. Гаспадарка ўпэўнена трымае лідарства на ім у раёне.  І гэта ад той нацэленасці на стваральную працу, якая ў гаспадарцы забяспечваецца добрымі матэрыяльнымі і маральнымі стымуламі. Толькі так і дасягаецца поспех.


С. МІКАЛАЕЎ.


 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.