Гаспадар уласнай лесапілкі

Едзем з Жыткавічаў у бок былога ваеннага гарадка і, не пераязджаючы заросшую травою вузкакалейку, побач з ёю па калдобістай дарозе зварочваем у лес. Мясціны тут чарнічныя, зусім нядаўна пакінулі гэтыя ўрочышчы апошнія здабытчыкі чорнай салодкай ягады. Гаспадар машыны прадпрымальнік Віталь Сямёнаў назубок ведае гэтую шчарбатую заасфальтаваную дарогу, па якой у часы былога Савецкага Саюза праехаць цывільнаму чалавеку можна было толькі ў сне, бо вакол стаялі д’ябальскія па сваёй сіле разбурэння ракеты стратэгічнага прызначэння, воінская часць была засакрэчана.


Хутка пераадолеўшы пару кіламетраў дарогі па лясной глухамані, спыняемся ля былога ангара, які Віталь Маркавіч пераабсталяваў у свой час пад лесапілку, стварыўшы на базе былога ваеннага аб’екта прадпрыемства па перапрацоўцы драўніны. У рабоце тут задзейнічаны два стужкапільныя і акорачны станкі. Лес-кругляк як купляюць цераз Беларускую ўніверсальную біржу, так і нарыхтоўваюць самі на дзялянках мясцовага лясгаса. Піламатэрыялы можа набыць насельніцтва, гатовая прадукцыя рэалізуецца таксама на мясцовыя і сталічныя фірмы.


— Ну што, хлопцы, справы ладзяцца? – бадзёра пытаецца гаспадар лесапілкі ў маладых работнікаў Сяргея Сенюка, Мікалая Мікшы, Міхаіла Грычыка.


— А як жа, Віталь Маркавіч! Кругляку хапае, а за намі прыпынку не будзе.


У гэты час хлопцы ўвішна займаліся акорваннем і завострываннем ладных драўляных слупоў, што пойдуць у шахты. А непадалёку ляжалі гатовыя партыі  слупкоў значна меншага дыяметру, што паслужаць калкамі для вінаграднай лазы. Вабіла вока свежая стружка, нос казытаў ні з чым не параўнальны пах  смалістай сасновай драўніны. Што тут скажаш: лесапілка ёсць лесапілка…


Віталь Сямёнаў, якому пайшоў пяты дзясятак, родам з нашага палескага райцэнтра. Маці ў яго беларуска – Бандзюк, тут у іх шмат родзічаў, а бацька рускі, таму і прозвішча такое. Закончыў Жыткавіцкую сярэднюю школу №1, пасля арміі працаваў кіроўцам у саўгасе “Жыткавічы”. На пачатку дзевяностых, калі людзям была дадзена свабода працоўнай, эканамічнай дзейнасці, набыў сёй-той капіталец, займеў уласны трактар, падабраў каманду і стаў індывідуальным прадпрымальнікам – пачаў займацца нарыхтоўкай лесу. А пазней, калі пачалі стварацца прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы, ён таксама вырашыў узняць ветразь свайго карабля: няхай вятрыска напоўніць яго сэнсам, надасць размеранай хадзе імклівасць, прынясе сапраўдную радасць быцця. Вось так роўна пяць гадоў назад, у ліпені 2006 года, і было створана прыватнае ўнітарнае прадпрыемства “Семвіт” – Сямёнаў Віталь. Ён выдатна разумеў: бярэцца за няпростую справу, перагортвае старонку жыцця. І наступны аркуш – крок у малазведанае. Падахвочвала хіба што вера ў свае сілы ды прага да перамен.


— Да чаго трэба быць гатовым тым, хто толькі стаіць на шляху сварэння сваёй справы? Ці варта ўвогуле гэтым займацца?


— Калі ёсць жаданне, то, канечне, варта. Як кажуць, лепш шкадаваць аб зробленым, чым аб страчанай магчымасці. Слоў няма, стабільнасць у нашай справе не заўсёды будзе, то пуста, то густа. Але галоўнае – не панікаваць і трагедый з няўдач не рабіць.


У “Семвіце” зараз працуе дзесяць чалавек: сам гаспадар, бухгалтар, майстар ды сямёра рабочых. Ёсць свой КраЗ, маніпулятар на базе яго. Умацоўваецца база, ствараюцца бытавыя ўмовы для работнікаў. Як лічыць Віталь Маркавіч, галоўнае ў іх справе – гэта стварыць добрую, надзейную каманду. А працаваць апошнім часам не стала лягчэй: узнікаюць цяжкасці з крэдытамі, абвастраецца канкурэнцыя. Дастаткова сказаць, што толькі на тэрыторыі былога ваеннага гарадка зараз працуе чатыры прадпрыемствы па перапрацоўцы драўніны.


Ды Віталь Сямёнаў, па ўсім відаць, натура аптымістычная, ён верыць у поспех сваёй справы. Пра такіх гавораць: яны робяць сябе самі. І яшчэ ў яго надзейны тыл, заўсёдная падтрымка з боку жонкі і дачушкі. А на пытанне пра вольны час і адпачынак гаспадар лесапілкі толькі паблажліва ўсміхнуўся: дзе ж вы бачылі прадпрымальніка, які спіць да паўдня?  Санаторнага рэжыму тут няма і блізка…


\С. Кулакевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.