Калі табе дом усміхаецца…

Саракакватэрны дом арыгінальнай планіроўкі вырас, быццам на дражджах, на вуліцы Карла Маркса нашага райцэнтра. Тэрмін уводу яго ў эксплуатацыю – жнівень бягучага года, на раскачку часу няма, таму і пануе тут ад самага ранку вялікае ажыўленне: аб’ект, нібы асаджаная цытадэль, узяты ў аблогу людзьмі і тэхнікай.


— А дзе тут можна пабачыць прараба Станіслава Салаўя? У вагончыку, мабыць?


— Не, там ён рэдка бывае, у асноўным на аб’екце. Зараз паклічам.


Праз некаторы час да нас, у бок вагончыка-прарабскай, упэўнена крочыць шыракаплечы, загарэлы на сонцы мужчына. Якая гэта па ліку новабудоўля для Станіслава Міхайлавіча, за плячыма ў якога тры з паловай дзесяткаў гадоў работы ў будаўнічым комплексе Жыткаўшчыны? Цяжка сказаць, бо шмат пальцаў давядзецца загінаць. Дзвюх рук яўна не хопіць.


Станіслаў нарадзіўся ў вёсцы Вязаў Лес, а сярэднюю школу закончыў у Жыткавічах. Сцежка з дому затым прывяла ў маляўнічы Мазыр, у палітэхнікум, пасля заканчэння якога атрымаў спецыяльнасць тэхнік-будаўнік. І вось першая старонка самастойнай работы, якую юнак разгарнуў у Слуцку, дзе да арміі працаваў майстрам у мясцовай ПМК-102. А пасля службы вярнуўся ў родныя мясціны, уладкаваўся майстрам у механізаваную калону, якой не здраджвае і па сённяшні дзень.


— У Жыткавічах пачынаў з будаўніцтва Дома культуры, — успамінае Станіслаў Міхайлавіч. — Разам са сваімі калегамі будавалі новы, малады саўгас “Чырвоны Бор” на некалі непраходнай багне пасля яе меліярацыі, узводзілі вузел сувязі, гасцініцы ў Тураве і Ляскавічах, аўтазаправачную станцыю. А колькі драбнейшых аб’ектаў… Хіба ўсё ўспомніш і пералічыш.


Дваццаць пяць гадоў Станіслаў Салавей працуе на адказнай пасадзе прараба. А гэта значыць, што ў  яго шырокае кола абавязкаў – ад расстаноўкі людзей і тэхнічных сродкаў на аб’екце да кантролю за іх работай, дакладнага ўліку. Яго нязменны транспарт – веласіпед. І калі, напрыклад, ідзе кладка на новабудоўлі, то Станіслава Міхайлавіча можна пабачыць там ужо ў шэсць гадзін раніцы.


А яшчэ трэба сказаць, што ён — добры сем’янін, бацька шасцярых дзяцей. Дарэчы, яго жонка, Ніна Антонаўна, у свой час працавала кранаўшчыцай.


На будоўлі мы сустрэлі і загадчыцу дзіцячага сада-ясцяў №3 “Вясёлка” Евяліну Малькевіч.


— Мы са Станіславам Міхайлавічам даўно ў прыязных адносінах, — усміхаецца Евяліна Іванаўна. — Ён жа ў 1985 годзе будаваў наш садзік. Да таго ж  ПМК-97 наш спонсар-памагаты, кантакты ў нас узаемныя. Вось і на гэтым доме нашы работніцы дапамагалі аддзелачнікам клеіць шпалеры ў новых кватэрах.


Калі прараб Станіслаў Міхайлавіч Салавей ідзе альбо едзе на веласіпедзе па вуліцах нашага райцэнтра, то часам запыніць свой погляд на доме, які ён будаваў, успомніць цяжкасці штодзённых будняў і радасныя агеньчыкі ў вачах навасёлаў. І тады яму здаецца, што дом ветліва, удзячна ўсміхаецца…

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.