Любая дзейнасць павінна быць выніковай

Апаратную нараду правёў у панядзелак старшыня райвыканкама Мікалай Какора. Разгледжаны актуальныя пытанні жыццядзейнасці раёна за мінулы і пастаўлены задачы на бягучы тыдзень.


Адміністрацыйная практыка. За прайшоўшы перыяд за парушэнні, звязаныя з навядзеннем санітарнага парадку і добраўпарадкавання, складзены 47 адміністрацыйных пратаколаў, а таксама выдадзена 315 прадпісанняў.


— Кепска працуе землеўпарадкавальная служба, аддзел камунальнай гаспадаркі, архітэктуры, Верасніцкі, Дзякавіцкі, Мілевіцкі, Марохараўскі, Рычоўскі сельвыканкамы і іншыя структуры. Уключайцеся актыўна ў працу, толькі агульнымі намаганнямі можна навесці парадак, — канстатаваў старшыня райвыканкама. – На жаль, зусім не відаць працы ў малых населеных пунктах. Ды і ў райцэнтры ёсць цэлыя “аазісы” бяздзейнасці адказных структур, адзначыў ён.


На нарадзе паказаны фотакадры з большай часткі Руднянскага, Чырвоненскага, Марохараўскага, Юркевіцкага, Азяранскага і іншых сельскіх Саветаў, якія сведчаць пра недастатковасць прымаемых мер па добраўпарадкаванню, скошванню расліннасці.


Кіраўнік райвыканкама распарадзіўся, каб на працягу двух дзён супрацоўнікі ДАІ зрабілі  аналіз знаходжання на пляцоўках перад дамамі і ў зялёнай зоне аўтамабіляў: навошта людзям тады выдаваліся ўчасткі і яны пабудавалі гаражы?


На нарадзе дадзены канкрэтныя даручэнні па ўхіленню выяўленых недахопаў. Прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці шэраг кіраўнікоў служб і сельвыканкамаў за недастатковую працу па навядзенню парадку на тэрыторыі горада і сельскіх Саветаў.


АПК. Жніво набліжаецца да свайго завяршэння: па стану на панядзелак прыбрана 81 працэнт уборачных плошчаў, намалочана 20700 тон збожжа новага ўраджаю, сярэдняя ўраджайнасць па раёну склала 27,8 цэнтнера з гектара. На бягучым тыдні ўборка будзе завершана, за выключэннем грэчкі, канстатаваў намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама А. Санюк. 44 працэнты плошчаў па раёне гатова пад сяўбу азімага рапсу.


— Да 25 жніўня гэтая культура павінна быць пасеяна, — даў даручэнне М. Какора ўпраўленню сельскай гаспадаркі. — Неабходна кожнай гаспадарцы выдзеліць адну адзінку тэхнікі сельвыканкамам для распрацоўкі пустуючых участкаў зямлі для ўвядзення ў агульны севаабарот. Кожны вольны  і прыгодны кавалак зямлі павінен быць прыведзены ў парадак і працаваць на карысць дзяржавы і людзей. Гэта даручэнне  кіраўніцтва аблвыканкама павінна быць выканана безумоўна, падкрэсліў М. Какора.


Гаспадаркі раёна вядуць нарыхтоўку кармоў. Асабліва актыўна працуюць у гэтым накірунку КСУПы “Бялёў”, “Чырвоны Бор”, “Марохараўскі”. Недастатковыя прымаюцца меры па ўборцы збожжавай групы і нарыхтоўцы кармоў у КСУПе “Дзякавічы” – па рашэнню ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама ў камунальнае сельгаспрадпрыемства будзе накіраваны кормаўборачны атрад, суседнія гаспадаркі дапамогуць своечасова ўбраць збожжа з палеткаў КСУПа.


Палепшылася праца ў  вытворчасці малака ў раёне, дзякуючы прымаемым мерам у гаспадарках па павелічэнню жывёлагадоўчай прадукцыі. Тут таксама звярталася ўвага на паляпшэнне культуры гаспадарання на зямлі. Як адзначыў М. Какора, мы павінны дбаць пра тое, каб зрабіць наш раён прыгожым, як ён гэтага  заслугоўвае ў гістарычным і культурным плане.


Дэкрэт №18. 8-9 абавязаных асобаў, якія павінны працаваць, каб кампенсаваць дзяржаве затраты на ўтрыманне іх дзяцей у дзяржаўных установах, не выходзяць на працу зусім альбо дапускаюць працяглыя прагулы. Кепска, па ацэнцы кіраўніка раёна, працуюць у гэтым напрамку ўчастковыя інспектары РАУС. Старшыня райвыканкама запатрабаваў тэрмінова правесці каардынацыйны савет, дзе дэталёва разглядзець гэтае пытанне.


Надзвычайныя сітуацыі і праца назіральных камісій. Як паведаміў намеснік начальніка РАУС І. Хацяновіч, у райцэнтры на мінулым тыдні ў падвале аднаго з дамоў па вуліцы Школьная адбылося ўзгаранне з-за неакуратнага выкарыстання агню ў быту. У выніку агняборцам прыйшлося часова эвакуіраваць 30 жыхароў пад’езда, пажар быў хутка лакалізаваны. Як адзначалася, пажар, што кваліфікаваны як надзвычайнае здарэнне, адбыўся і з-за захламленасці падвала. Нанесены значны ўрон (выгарэў электрычны кабель і разводка кабельнага тэлебачання). Таксама ў перыяд уборкі ў адной з гаспадарак раёна адбылося ўзгаранне аўтамабіля, які задзейнічаны на адвозцы збожжа. Аўтамабіль выратаваны супрацоўнікамі РАНС, ніхто з людзей не пацярпеў.


Як адзначалася, назіраюцца выпадкі нападзення ядавітых насякомых на людзей – служба РАНС ліквідуе гэтыя ачагі нападзення. Іх зарэгістравана ажно тры выпадкі.


На мінулым тыдні праведзены адзіны дзень папярэджання надзвычайных здарэнняў — актыўна працавалі ва ўсім раёне назіральныя камісіі. Адзначаліся недахопы па ўтрыманні службовага (КСУП “Марохараўскі”), а таксама прыватнага жылля, дзе ёсць рэальная пагроза для жыцця людзей. Уласнікам накіраваны інфармацыйныя пісьмы аб ліквідацыі недахопаў, а таксама складзены пратаколы.


ПраваахоўНая дзейнасць. За тыдзень у РАУС зарэгістаравана 162 паведамленні аб здарэннях і правапарушэннях. Узбуджана 8 крымінальных спраў, раскрыта 6. Сярод правапарушэнняў – крадзяжы ўсіх відаў. Зарэгістраваны 3 дарожна-транспартныя здарэнні без трагічных выпадкаў. Затрымана 6 вадзіцеляў у нецвярозым стане за рулём аўтамабіля, 108 вадзіцеляў парушылі хуткасны рэжым, на 13 пешаходаў складзены пратаколы за парушэнне  правіл дарожнага руху. Супрацоўнікамі міліцыі выяўлены 2 вартаўнікі лясгаса ў нецвярозым стане на рабочым месцы. Кіраўніцтва ДЛГУ “Жыткавіцкі лясгас” зволіла злосных парушальнікаў з працы.


Шырока абмеркаваны пытанні аховы працы ў прадпрыемствах і арганізацыях раёна. Адзначаўся нізкі ўзровень выканаўчай дысцыпліны, што прыводзіць да траўматызму ў рабочы час. Як асабліва актуальнае, пытанне аховы працы будзе вынесена на разгляд райвыканкама па выніках працы за 8 месяцаў.


Негатыўную ацэнку на нарадзе атрымалі, мякка кажучы, нястрыманыя паводзіны прадстаўніка інжынернай службы ПМК-76 падчас планавага наведвання мабільнай групай райвыканкама па ахове працы. На адным з аб’ектаў будаўнікі ПМК працавалі з парушэннямі заканадаўства па ахове працы, спецыялісты мабільнай групы зрабілі заўвагу, а ў адказ атрымалі… знявагу ад адказнай асобы.


— Такіх адносін нельга дапускаць, — канстатаваў старшыня райвыканкама. – Выпадак павінен быць разгледжаны тэрмінова і віноўнік прыцягнуты да адказнасці. Нельга працаваць, не выконваючы заканадаўства па ахове працы і ігнаруючы заўвагі да наймальніка з боку службаў. Бяспека перш за ўсе, гэта павінны разумець усе кіраўнікі.


Рознае. На нарадзе разгледжаны пытанні выканання прагнозных паказчыкаў у эканоміцы, выканання дзяржаўнай праграмы развіцця Прыпяцкага Палесся, шырокае кола камунальных пытанняў.


Таксама разглядаліся актуальныя пытанні аховы здароўя, сферы адукацыі, культуры і іншых структур. Кіраўнік раёна звярнуў увагу на выніковасць усёй дзейнасці ў кожным з адзначаных напрамкаў.


— Мы робім усё для людзей. І рабіць трэба ўсё пастаянна, своечасова, з адказнасцю. Гэтага патрабуе ад нас час.


Адзначаўся нездавальняючы догляд аўтамабільных дарог і прыдарожных палос на тэрыторыі раёна.


Падрыхтавана па матэрыялах райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.