Падрыхтоўка школ: з усёй адказнасцю

Не паспелі і азірнуцца, як на парозе хутка залаты верасень, і дзеці-школьнікі зноў сядуць за школьныя парты, распачнецца цудоўная вандроўка ў Краіну ведаў. Але пакуль яшчэ  ў школах іншы клопат: як мага лепей падрыхтавацца да новага навучальнага года, каб стварыць найлепшыя ў эстэтычным і бяспечным плане ўмовы для знаходжання і навучання вучняў, педагогаў, абслугоўваючага персаналу. Кіраўніцтва школ заўсёды з унутраным хваляваннем чакае традыцыйных прыёмных камісій, ствараемых па ініцыятыве органаў улады і арганізоўваемых аддзелам адукацыі – такая дзяржпрыёмка “заўважае” не толькі што зроблена хораша, але і ўскрывае хібы, якія трэба тэрмінова ўхіляць.


Сёлета прыёмныя камісіі распачалі сваю працу значна раней мінулагодняга – такое рашэнне было прынята загадзя, і аб гэтым было даведзена ўстановам адукацыі. Таму трэба было парупіцца, каб не было сорамна не толькі перад камісіяй, але і перад калегамі-кіраўнікамі, якія таксама запрашаюцца на перадвераснёўскія агледзіны. Прынамсі, так было пад час працы камісіі на чале са старшынёй райвыканкама Мікалаем Какора, якая ажыццяўляла праверку-прыёмку  устаноў адукацыі райцэнтра і Турава.


Першы візіт быў нанесены ў самую буйную і па колькасці вучняў, і ў аб’ёмным плане навучальную ўстанову Жыткавічаў — САШ №3. Разам з дырэктарам школы Ганнай Кірылаўнай Друк камісію сустракалі і дырэктары ААТ “Сатурн-1”, Жыткавіцкага лясгаса, “Жыткавічыхімсерсіс”, якія аказалі школе значную дапамогу па падрыхтоўцы да новага навучальнага года. Добрыя кантакты ў кіраўніцтва школы склаліся з адміністрацыяй Жыткавіцкага маторабудаўнічага завода, адкуль таксама ёсць адчувальная падтрымка. Але не толькі на адну дапамогу скіравана ўвага — школа заключыла ўзаемавыгадныя дагаворы з шэфамі: дапамагае, да прыкладу, ім правесці нейкую ўрачыстасць хораша і запамінальна, адгукаецца на розныя просьбы шэфаў. Больш 26 мільёнаў рублёў прыцягнута розным чынам у навучальную ўстанову і годна скарыстана для стварэння лепшых умоў навучання і выхавання дзяцей.


Члены прыёмнай камісіі пераканаліся, наведаўшы класы, сталовую, спартыўную залу, што ступень падрыхтаванасці школы, якая сёлета адзначыць сваё дваццацігоддзе, вельмі высокая. Адпавядаюць санітарным нормам будзе і асвятленне ў класах, дзе ўстаноўлены энергазберагальныя свяцільнікі. Практычна ва ўсіх класах абноўлены вучнёўскія сталы — іх “збірала” вучнёўская школьная брыгада, створаная з дапамогай цэнтра занятасці насельніцтва. Засталося зрабіць апошнія штрышкі, каб, вобразна кажучы, “карціна” была завершанай. Разам з тым, кіраўніцтву школы  і аддзела адукацыі  пастаўлена задача М. Какорам: да наступнага навучальнага года зрабіць капітальны рамонт санвузлоў. Традыцыйна ўхіляецца ад шэфскай работы тут КУП “Жыткавіцкі камунальнік” — такая недабрасумленнасць кіраўніцтва камунальнай службы будзе ацэнена на рабочай нарадзе ў райвыканкаме.


Добрыя ўражанні засталіся ў членаў камісіі ад наведвання сярэдняй агульнаадукацыйнай школы №1. Дзякуючы рэалізацыі дзяржаўнай праграмы развіцця Прыпяцкага Палесся, тут была зроблена сучасная ўваходная група і адрамантаваны калідор першага паверха. Але не толькі на дзяржаўную падтрымку спадзявалася кіраўнік Валянціна Віктараўна Драбышэўская, якая працуе дырэктарам толькі першы год. Шмат зроблена за кошт дапамогі спонсараў, дзякуючы ініцыятыўнасці педагогаў, старанню тэхнічных работнікаў. І ў класы прыемна зайсці, і над афармленнем калідораў добра папрацавалі. Ды яшчэ і прадстаўнік міжрайгаза тут жа паабяцаў набыць у адзін з вучэбных кабінетаў новую дошку — гэта таксама прыўзняло настрой маладога кіраўніка. Самае лепшае ўражанне пакінула спартыўная зала — светлая, акуратна пафарбаваная, бадай, сёння самая прыгожая і ўтульная  сярод гарадскіх устаноў раёна. “Вось такія яркія фарбы трэба выкарыстоўваць, — пракаменціраваў старшыня райвыканкама М. Какора. — Толькі ўвайшоўшы, настрой адразу падымаецца…”


У мінулым годзе падрыхтоўка САШ №2 выклікала крытыку ў прыёмнай камісіі, а сёлета тут Аляксандр Фёдаравіч Некрашэвіч, малады кіраўнік, разам з калектывам прыклалі нямала намаганняў, каб школа выглядала годна. Шмат працавалі з шэфамі, якімі тут з’яўляюцца ААТ “Жыткавічлес”, лясгас і ПМК-76. Вось і падчас прыёмкі генеральны дырэктар акцыянернага таварыства С. Кудрыцкі паведаміў, што выдзелена 10 мільёнаў на замену ўваходных дзвярэй, і яны да першага верасня будуць устаноўлены.


Трэба сказаць, што прыёмная камісія была прыемна ўражана колькасці зробленага да новага навучальнага года. Практычна ўсе паверхі з класнымі пакоямі адрамантаваны, пафарбаваны светлымі фарбамі. Работу выконвалі і праз цэнтр занятасці. Зрабілі рамонт у сталовай. Абнавілі актавую залу і не толькі…


Як прыклад іншым кіраўнікам, М. Какора акцэнтаваў ўвагу, што сваімі сіламі і вельмі якасна вядзецца рамонт санвузлоў: пакладзена прыгожая плітка, заменена ўсё абсталяванне. Абяцалі дапамагчы пакласці плітку і шэфы з ПМК-76. 


Адна прыкрасць: крыху не паспелі да дня прыёмкі, аднак старанне відавочнае. І гэта вельмі вялікі плюс.


Да першага верасня абяцаў выканаць абяцанне — набыць школе №4 сучасны музычны цэнтр кіраўнік ДБУ-21, і гэта абяцанне стрымлівае. Школа ж, якой кіруе Таццяна Адамаўна Кузьміч, яшчэ можна лічыць новабудоўляй. Яна мае прывабны выгляд, тут ёсць усё, каб ажыццяўляць паспяхова вучэбна-выхаваўчы працэс. Аднак не мінулі вачэй членаў прыёмнай камісіі нават дробязі, якія можна паправіць за некалькі хвілін.


З усёй адказнасцю рыхтуюцца да новага навучальнага года і ў гарадской гімназіі, наведванне якой пакінула прыемныя ўражанні. Сапраўды шмат зроблена ва ўстанове новага тыпу, адчуваецца асабісты ўклад кіраўніка і падначаленага ёй калектыву. Выкананы ўсе даручэнні, што былі ўскладзены пратаколам даручэнняў старшыні райвыканкама па выніках мінулагодняй праверкі, па набыцці стала для доследаў у кабінет хіміі (дапамаглі шэфы — мясцовая хлебная база), заменены сталы раздачы ежы ў сталовай. Карацей, зроблена ўсё, каб гімназія сапраўды была гімназіяй.


Прыёмная камісія наведала таксама цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі і сацыяльна-педагагічны цэнтр з прытулкам, дзе таксама адзначаны створаныя належныя ўмовы для працы і пражывання дзяцей.


Далейшы позірк прыёмнай камісіі быў скіраваны ў бок горада Тураў. Сярэдняя агульнаадукацыйная школа №2 звонку выглядае годна. Добраўпарадкаванне на вуліцы радуе вока, вельмі шмат кветак. Але ж адразу прагучала і крытыка: дыхтоўная агароджа саржавела, няўжо б шэфы адмовілі дапамагчы з фарбай? Пэўнага адказу ад дырэктара школы М.Д. Дарошкі камісія не дачакалася.


Калі звонку больш не было заўваг, то яны з’явіліся ў самым будынку. Тут, як аказалася, яшчэ не пачаты край работы. На першым паверсе дагэтуль вядзецца частковая замена сістэмы ацяплення, таму ён цалкам не падрыхтаваны.


А вось другі і трэці паверх – спакойна заверыў дырэктар школы, падрыхтаваны добра. Добра, на яго думку, гэта калі пафарбавалі падлогу ў класах і калідорах. Камісія ж зрабіла іншыя высновы: не, гэтага мала. І столя ў многіх кабінетах пажаўцела, і сям-там павуцінне з мінулага навучальнага года вісіць, і на лесвічных пляцоўках шкло, хоць і яно і арміраванае, але  разбіта, а гэта небяспечна. І ў сталовай у падлозе адтуліны ўтварыліся, трэба замяніць адну-дзве палавіцы, але пакуль яшчэ чамусьці не замянілі…


— Чаму так? — пытанне завісла ў паветры. На яго ў адміністрацыі не знайшлося адказу. Старшыня райвыканкама замест адміністрацыі звярнуўся да дырэкцыі філіяла “Тураўскі кансервавы камбінат” ААТ “Тураўшчына”, каб дапамаглі вырашыць такую складаную праблему.


У сярэдняй школе №1 г. Тураў сітуацыя крыху лепшая, але дробязяў, якія відавочныя і якія не патрабуюць значных фінансавых затрат,таксама нямала, на што было ўказана адміністрацыі школы.


Зусім іншая справа — дзіцячы садок-яслі! Тут створаны выдатныя ўмовы для адпачынку і развіцця дзяцей. Тут жа і былі падведзены вынікі працы прыёмнай камісіі. Спачатку камісія заслухала думкі і ўражанні дырэктараў школ адносна ўбачанага ў сваіх калег. Затым усе члены камісіі далі свае заключэнні па наведванню школ. Аднагалосна прынята рашэнне лічыць усе гарадскія школы г. Жыткавічы, гімназію і Тураўскі дзіцячы садок установамі, якія спраўляюцца з пастаўленай задачай па падрыхтоўцы базы да новага навучальнага года. У кароткі тэрмін аддзелу адукацыі і кіраўнікам школ старшыня райвыканкама даручыў выправіць адзначаныя недахопы, якія выяўлены камісіяй. А САШ №1 і 2 г. Турава  пакінуты “на пераэкзаменоўку”. Сюды да пачатку навучальнага года прыедзе яшчэ раз прыёмная камісія, каб засведчыць дакументальна факт належнай падрыхтоўкі ўстаноў. Зразумела, кіраўнікам гэтых школ указана на недастатковасць прынятых мер. Ім трэба сур’ёзна папрацаваць, у тым ліку разам з шэфамі, каб першага верасня не было сорамна ўвесці ў Краіну ведаў ранейшых і новых вучняў.


У. Прыазёрны.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.