Пасля рапсу — на хлебнае поле

У КСУПе “Чырвоны Бор”  адразу, як толькі закончылі ўборку рапсу, мясцовыя хлебаробы прыступілі да абмалоту каласавых


— Нядрэнна папрацавалі камбайнеры на рапсавым палетку. Літаральна за некалькі дзён правялі ўборку гэтай культуры. А гэта больш ста сарака гектараў. Намалацілі насення рапсу амаль дзвесце тон. Шкада, што неспрыяльныя пагодныя ўмовы не дазволілі вырасціць больш важкі ўраджай, хаця спадзяванні на гэта былі вялікія, — расказвае пра першыя дасягненні на жніве дырэктар гаспадаркі Сяргей Макарэвіч.


Не хаваў ён і тых праблем, з якімі сутыкнуліся напачатку кампаніі. Ужо не адзін год турбуе мясцовых працаўнікоў пытанне сушкі збажыны. Маламоцныя сушылкі не паспяваюць спраўляцца з тым аб’ёмам зерня, што за дзень могуць намалаціць камбайнеры. З насеннем рапсу выхад  знайшлі: часткова высушылі ў сябе на старэнькім абсталяванні, а часткова скарысталіся сушыльным комплексам суседняга сельгаспрадпрыемства.


— На работнікаў сушыльнай гаспадаркі цяпер будзе даволі значная нагрузка, — зазначае Сяргей Аляксандравіч, — таму будзем старацца максімальна іх падтрымліваць, у тым ліку і ў матэрыяльным плане. Была задумка купіць новы зернесушыльны комплекс, ужо і праекты падрыхтавалі. Але не паспелі. Па цяперашніх цэнах такое абсталяванне не на адзін мільярд пацягне.


Неспакой за такі важны ўчастак кіраўніка зразумелы. Асноўныя аб’ёмы ўборкі наперадзе, а збожжавы клін гаспадаркі ў гэтым годзе складае больш за паўтары тысячы гектараў. Першыя намалоты паказваюць: ураджайнасць кожнага з іх складае па дваццаць цэнтнераў. І каб дапрацаваць своечасова ўсё зерне, не адмовяцца ад яго плюшчэння.


Наведаліся з кіраўніком і на збожжавы палетак, дзе працавалі камбайны. За апошнія гады іх парк аднавілі поўнасцю. А гэта, памножанае на стараннасць механізатараў, іх спрактыкаванасць, надае ўпэўненасці, што ў “Чырвоным Бары” хлеб на палях не пакінуць. У чым пераканаўся, калі пагутарыў з перадавым камбайнерам гаспадаркі Дзмітрыем Макарэвічам.


— Машыны ў нас надзейныя, грунтоўна падрыхтаваныя да работы, — расказвае Дзмітрый Анатольевіч. — І настрой на працу маецца таксама адпаведны. Усё ж хочацца леташняе сваё вытворчае дасягненне за гэты сезон палепшыць. Умовы ёсць: наладжана харчаванне, створана рамонтнае звяно, якое сёлета ўкамплектавалі новым абсталяваннем. Ды і іншыя пытанні вырашаны.


З кожным днём у сельгаспрадпрыемстве павялічваецца агульны намалот. Хутка распачнецца і рэалізацыя зерня дзяржаве. Але самае галоўнае, што кожны ўдзельнік жніва добра разумее, сваёй асабістай працай ён непасрэдна прымае ўдзел у адной вялікай справе, якую патрэбна зрабіць, не зважаючы ні на што.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.