Растуць хлебныя пастаўкі

Растуць хлебныя пастаўкі


На кругласутачны рэжым работы перайшоў у гэтыя дні працоўны калектыў Жыткавіцкай хлебнай базы. Па словах кіраўніка прадпрыемства Канстанціна Комара, спецыялістамі будзе зроблена ўсё магчымае, каб сёлета паспяхова выканаць даведзенае заданне па прыёмцы і захаванню збожжа новага ўраджаю.


Згодна задання, калектыву базы ў гэтым годзе неабходна прыняць і пакласці на захоўванне  102 тысячы тон зерня. Аб’ём немаленькі, калі параўнаць з мінулым годам, калі на прадпрыемстве прынялі толькі 38 тысяч тон збожжа, то цяпер ён павялічаны ў тры разы. Але такая акалічнасць не палохае мясцовых рабочых і спецыялістаў, а толькі натхняе на  плённую працу.


— Да прыёму хлеба новага ўраджаю мы падрыхтаваліся грунтоўна, — распавядае Канстанцін Іванавіч Комар. — Амаль паўмільярда рублёў затрачана на рамонт тэхналагічнага абсталявання. Вырашана і кадравая праблема, дадаткова на гэты перыяд працаўладкавана на прадпрыемстве дзесяць чалавек. Усё гэта дазваляе нам бесперабойна прымаць зерне, якое дастаўляецца на базу і аўтамабільным транспартам, і чыгуначным.


Адной з галоўных адметнасцей цяперашняй кампаніі, як адзначыў кіраўнік, з’яўляецца тое, што сёлета пашырылася геаграфія паставак на прадпрыемства збажыны, як і партнёраў, камбінатаў хлебапрадуктаў, для якіх на базе будзе захоўвацца зерне. Акрамя КХП Міншчыны і Гомельшчыны хлеб для сваёй вытворчасці ў Жыткавічах будуць захоўваць камбінаты хлебапрадуктаў з Баранавічаў і Ліды. А зерне будзе паступаць практычна з усіх рэгіёнаў краіны, нават аддаленых: Віцебшчыны і Гродзеншчыны.


— Першыя аўтамашыны з зернем да нас пачалі прыязджаць яшчэ два тыдні назад, — гаворыць Канстанцін Іванавіч, — і іх колькасць, а гэта значыць і аб’ёмы збажыны, штодня ўзрастаюць. Як і колькасць чыгуначных вагонаў, на якіх таксама прывозяць да нас зерне. За суткі нашыя магутнасці дазваляюць разгрузіць і пакласці на захоўванне больш дзвюх тысяч тон зерня. Задача калектыва своечасова справіцца з такім аб’ёмам, каб менш было прастояў транспарту. Дарэчы, паралельна  з прыёмам збажыны вядзем і адгрузку зерня. Зараз, напрыклад, выконваецца заказ Гомельскага камбіната хлебапрадуктаў у памеры дзвюх тысяч тон.


І ўсё ж самыя жаданыя госці на базе — гэта аўтамашыны з сельгаспрадпрыемстваў раёна. Сёлета гаспадаркі Жыткаўшчыны павінны засыпаць у дзяржаўныя засекі 4070 тон зерня новага ўраджаю. Яшчэ паўтары тысячы тон рапсу для Рэчыцкага КХП. Як адзначаюць у калектыве базы, актыўнасць жыткавіцкіх аграрыяў па пастаўках зерня даволі нядрэнная. Напрыклад, хлебаробы КСУПа “Чырвоны Бор” ужо справіліся з даведзеным ім заданнем. Нядрэнна здаюць зерне дзяржаве і працаўнікі КСУПа “Марохараўскі”. Штодзённа больш чым па сто тон паступае збажыны і з адкрытага акцыянернага таварыства “Тураўшчына”.


У дзень нашага наведвання хлебапрыёмнага прадпрыемства  першыя тоны зерня сюды паступілі з КСУПа “Коленскае”. Дарэчы, у той дзень з гэтай гаспадаркі паставілі 90 тон жыта. Першым, хто прывёз зерне новага ўраджаю з “Коленскага”, стаў вадзіцель Іван Ханеня. Справа для яго неновая: перавозкай збажыны з гаспадарак на базу ён займаецца ўжо больш дваццаці гадоў. Рабіў гэта паспяхова яшчэ калі працаваў у аграсервісе.


— Кожны рэйс заўсёды робіцца з прыўзнятым настроем, бо добра ўсведамляеш, што маеш дачыненне да вялікай і важнай справы, — гаворыць вадзіцель. — А яшчэ імпануе, як калектыў прадпрыемства стараецца аператыўней нас абслужыць, каб мы хутчэй адпраўляліся за новымі рэйсамі.


Гэта так, у чым пераканаліся асабіста. Усяго некалькі хвілін Ханені давялося прастаяць пад пад’ёмнікам, каб лабаранты адабралі зерне для аналізаў. Хутка прайшло і ўзважванне, а таксама выгрузка. Канечне, крыху стрымлівае тое, што з сельгаспрадпрыемстваў вязуць у адзін дзень розную збажыну, і пакуль пасля аднаго віду не пачысцяць бункеры, другім даводзіцца пачакаць. Але такая акалічнасць вадзіцеляў не палохае, бо яны ведаюць: на прадпрыемстве цэняць іх час. Не падвядуць. Яшчэ клопат аб вадзіцелях праяўляецца і ў тым, што для іх адкрыта гандлёвая кропка, дзе ў спякоту можна і вады халоднай купіць, і перакусіць нешта.


Адна з галоўных умоў падчас прыёмкі – гэта, каб зерне, якое паступае з гаспадарак было якасным. Нараканняў на такі важны параметр пакуль няма, калі патрэбна дапрацаваць калектыў хлебапрыёмнага прадпрыемства дапаможа і падсушыць, і ачысціць збажыну. Але ў сховішчы элеватара на захоўванне яна пойдзе толькі ўстаноўленых кандыцый. Інакш нельга, бо зерне будзе дрэнна захоўвацца. Якасную планку працаўнікі базы трымаюць высока. Нездарма, як адзначыў кіраўнік, з мінулагодніх паставак партнёрам ад іх у адрас калектыва прадпрыемства не паступіла ніводнага наракання на якасць адгружанага зерня. І гэтай славы працаўнікі хлебапрыёмнага прадпрыемства траціць не жадаюць, таму і кантроль за якасцю наладжаны адпаведна строгі.


Зараз калектыў Жыткавіцкай хлебнай базы працуе як адладжаны механізм, бо добра кожны разумее, наколькі паспяхова справяцца з вытворчымі заданнямі, настолькі палепшацца і ўмовы працы на іх прадпрыемстве. А гэтых перамен не заўважыць нельга. З’явіліся на прадпрыемстве добра абсталяваныя душавыя пакоі, спартыўны пакой, для прыёмаў ежы, і іншыя бытавыя памяшканні. Шмат зроблена і па добраўпарадкаванню тэрыторыі. Тут кожнае структурнае падраздзяленне мае свой участак, дзе і клумбы разбівае, і чысціню падтрымлівае. Усё рукамі спецыялістаў і рабочых ажыццяўляецца. Ставіцца задача на бліжэйшы час зрабіць умовы на вытворчасці і парадак на тэрыторыі яшчэ больш прывабнейшымі. Імпануе, што такія планы нават у самую адказную пару не пакідаюць кіраўніцтва. Так, хлеб – гэта багацце. І каб яно толькі прымнажалася, патрэбна нямала працаваць, што і даказвае калектыў Жыткавіцкай хлебнай базы.


С. БЕЛКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.