Спецыялізацыя, рост людской запатрабаванасці і эканамічная мэтазгоднасць

Найперш менавіта гэтыя тры аспекты ляжаць у аснове шматлікіх напрамкаў дзейнасці Жыткавіцкага раённага спажывецкага таварыства апошнія некалькі гадоў.  Менавіта таму сярод аналагічных структур аблспажыўтаварыства спажыўкааперацыя раёна з’яўляецца ў ліку лідараў. Мінулагодняе трэцяе месца, прысуджанае па шматлікіх выніковых паказчыках, сведчыць пра патэнцыял жыткаўчан, і што ў іх ёсць чаму  павучыцца калегам з іншых раёнаў.  Кіраўніцтва Гомельскага аблспажыўтаварыства і скарыстала такую магчымасць, правёўшы надоечы на базе Жыткавіцкага райпа выязны семінар і  праўленне арганізацыйнай структуры.


Абласны  семінар, у якім удзельнічалі старшыні раённых спажывецкіх таварыстваў, іх намеснікі па эканоміцы і гандлёвай дзейнасці, стартаваў з малой залы  гарадскога цэнтра культуры. Старшыня праўлення аблспажыўтаварыства Васіль Смольскі адразу задаў тон накіраванасці працы семінара.


— Год назад быў у Жыткавічах, былі пытанні па функцыянальнаму назначэнню многіх аб’ектаў грамадскага харчавання і гандлю ў цэнтры горада, неабходнасць перапрафіліравання іх з улікам запатрабаванняў пакупнікоў і эканамічнай мэтазгоднасці. Як гэтыя пытанні вырашаны, ці змаглі абноўленыя структуры працаваць па-новаму, прыцягальнымі для людзей і з прыбыткам?  Мяркуючы па выніках працы першага паўгоддзя, а мы разумеем, што для гандлю і грамадскага харчавання гэта быў асаблівы час, калі тавары літаральна знікалі з паліц крамаў і іх патрэбна было напаўняць літаральна з калёс, мясцовыя кааператары справіліся са сваёй задачай  нядрэнна і іх дзейнасць у праўлення асаблівых нараканняў не выклікае, — адзначыў В. Смольскі. — Хаця ж дробязныя пытанні, накіраваныя на прыцягальнасць райпа, так  скажам, рэкламнасць, ёсць, над чым трэба працаваць па-сучаснаму, — канстатаваў кіраўнік аблспажыўтаварыства.


Сапраўды: ёсць што паказаць жыткавіцкім кааператарам, бо не сядзелі на месцы, шукалі новыя падыходы, каб прыцягваць пакупнікоў і кліентаў. Так, паслугі цырульніка, а менавіта такім напрамкам вырашылі нядаўна заняцца, аказаліся больш чым запатрабаванымі. Спатрэбілася нават расшырэнне, стварэнне двух залаў для мужчын і  жанчын. Цяпер у салоне, які знайшоў прапіску ў прыстасаваных памяшканнях, побач з цэнтральным універсамам, створана аж тры новыя рабочыя месцы. Прафесіяналы сваёй справы, што працуюць тут, аказваюць розныя паслугі па даступных цэнах, якія прыемна ўразілі зусім не радавую  дэлегацыю: у параўнанні з Гомелем паслугі таннейшыя ў Жыткавічах у два разы.


— Гэта мэтазгодныя цэны для райцэнтра, таму ёсць запатрабаванасць у людзей і неблагі эканамічны вынік, прымальная заработная плата ў цырульнікаў, — каменціравала для калег старшыня райпа Надзея Мурашка.


— Вучыцеся добраму, — адзначыў кіраўнік аблспажыўтаварыства, звяртаючыся да калег. —Такія аб’екты, каб развіваць платныя паслугі, якіх недастаткова ў райцэнтрах, не трэба будаваць нанава. Дастаткова прыстасаваць тое, што мы маем, а гандлёвай сеткі больш чым неабходна сёння. Задача – захаваць, перапрафіліраваць, зрабіць спецыялізаваным і, што зразумела, мець эканамічную, няхай і невялікую на такіх аб’ектах, выгаду.  І адначасова Васіль Смольскі адзначыў, што і тут крыху недапрацавалі гаспадары: пакрытыкаваў за якасць выкананых шыльдаў, маўляў, яны не адпавядаюць сучасным запатрабаванням.


У цэнтры ўвагі былі яшчэ некалькі новаствораных аб’ектаў, што з’явіліся на месцы былой сталовай. Абутковая майстэрня, аказанне камп’ютэрных паслуг – запатрабаваны насельніцтвам адразу з моманту адкрыцця. Прыцягальныя даступныя цэны і сервіс. Тут жа, пры наведванні ўніверсама “Цэнтральны”,  ішла размова пра насычэнне гандлёвых аб’ектаў таварамі, пра правядзенне акцый скідак, што прыцягвае  ўвагу пакупнікоў.


— Выбар мясных і малочных прадуктаў  дастатковы, каб забяспечыць попыт пакупнікоў. А новая крама, хоць яна па памерах, не адпавядае сваёй назве,  — адзначыў В. Смольскі, — адназначна створана на карысць людзей.


Прыцягальны для наведвальнікаў бар “Пітны вугалок”: амаль год працуе, а ўсё абсталяванне мае новы выгляд. За кошт летняй мансарды пашырана ўдвая колькасць пасадачных месцаў. Тут вырабляецца і рэалізуецца большай часткай уласная прадукцыя, ёсць міні-кухня, мангал для прыгатавання шашлыкоў і многае іншае. Дарэчы, такія салодкія прысмакі, як “поп-корн”, цяпер таксама вырабляюцца тут і пасля развозяцца па другіх крамах раёна. 


Усе абноўленыя і спецыялізаваныя аб’екты як грамадскага харчавання, так і гандлю — прыбытковыя, падкрэсліў старшыня аблспажыўтаварыства. Вельмі добра, што ідэя спецыялізацыі рэалізавана і ў Жыткавічах.


У межах семінара адбылася і ўрачыстасць. Працяглы рамонт рэстаранна-гандлёвага комплексу “Белая Русь” завяршыўся, і аб’ект, які быў уключаны ў Дзяржаўную праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся, быў адкрыты для наведвання.


Звяртаючыся да жыткаўчан, старшыня  праўлення аблспажыўтаварыства падкрэсліў, што гадавыя інавацыйныя сродкі структуры складаюць пяць мільярдаў, тры з паловай мільярдаў рублёў выдаткавана на рэканструкцыю гэтага комплексу. Гэта ў поўнай ступені падарунак  палескаму райцэнтру, дзе патэнцыял развіцця турызму вельмі  і вельмі вялікі. Зробленае – на карысць людзей, будзе адпавядаць духу часу.


Падзякаваў кіраўніцтву аблспажыўтаварыства за ўвагу да раёна і дапамогу райпа ў рэканструкцыі аб’ектаў гандлю намеснік старшыні Жыткавіцкага райвыканкама С.Таболіч.


І вось – урачысты момант, што адбыўся пасля музычнага прывітання народнага калектыву “Жытніца”: В. Смольскі, С. Таболіч, Н. Мурашка перарэзалі сімвалічную стужку і адкрылі гандлёва-рэстаранны комплекс.


Прафесіяналы гандлю і грамадскага харчавання, якія першыя наведалі  абноўленыя піцэрыю,  кулінарыю і рэстаран, далі высокую ацэнку праведзенай рэканструкцыі. Галоўнае, што было пад час яе зроблена, — заменена водаправодная сістэма, праведзены якасны рамонт унутры памяшканняў, набыта новае тэхналагічнае абсталяванне, якое дазволіць значна палепшыць якасць прапануемай кухні і абслугоўвання наведвальнікаў.


Другая палова дня была аддадзена пашыранаму пасяджэнню праўлення аблспажыўтаварыства, дзе абмеркаваны вынікі першага паўгоддзя і падыходы па забеспячэнню жыццядзейнасці сістэмы ў бягучы, нялёгкі для эканомікі краіны час. Да гонару жыткавіцкіх кааператараў, адзначаліся шматлікія паспяховыя вынікі іх працы. Разам з тым, зразумела, ёсць яшчэ над чым працаваць, каб задавальняць патрэбы сённяшняга патрабавальнага пакупніка. Кааператарам вобласці пастаўлены канкрэтныя  задачы па развіццю ўласнай вытворчасці, выкананні прагнозных паказчыкаў, насычэнні аб’ектаў гандлю таварамі першай неабходнасці.


У. Мікалаеў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.