Творцы хлебнай нівы

Камбайнавы экіпаж адкрытага акцыянернага таварыства “Тураўшчына” ў складзе Мікалая Лебядзінскага і Віктара Вянгуры па выніках мінулагодняга жніва стаў пераможцам раённага працоўнага саперніцтва – намалаціў больш за тысячу трыста тон зерня. Убіраюць збажыну гэтыя механізатары разам і сёлета. І, канечне ж, ставяць перад сабой не менш значную задачу – пераўзысці свой мінулагодні намалот.


Камбайнавым экіпажам вытрымліваць канкурэнцыю на збожжавых палетках таварыства даводзіцца не жартоўную, бо абмалот каласавых тут вядзецца штодня больш чым дзесяткам камбайнаў. На іх працуюць даволі спрактыкаваныя і вопытныя механізатары, якія таксама нацэлены на высокія вытворчыя паказчыкі.  Гэтай акалічнасці Мікалай і Віктар супрацьпастаўляюць сваё старанне і працавітасць, як кажуць, імкнуцца рабіць усё крыху лепей за іншых. Пакуль у хлопцаў гэта атрымліваецца. Ужо з бункера свайго КЗСа выдалі больш сямісот тон  зерня. На цяперашні час гэта адзін з лепшых паказчыкаў не толькі па гаспадарцы, але і ва ўсім раёне. Гэта сведчанне таго, што камбайнеры ўпэўнена ідуць да пастаўленай мэты, бо тысячатоны намалот ужо блізка.


Працоўны ўзлёт Віктара Вянгуры і Мікалая Лебядзінскага выпадковым не назавеш. Ужо летась яны за час жніва стварылі дзеяздольны тандэм, навучыліся разумець адзін аднаго з паўслова. Трэба сказаць, што ў Віктара Уладзіміравіча сёлета толькі другое па ліку жніво, але гэта ніколькі не ўплывае на вынік сумеснай працы. Не дзеляць яны абавязкі на свае і чужыя, а ўсё робяць дружна. Асабліва, калі нейкая паломка надарыцца. Увогуле, догляд за сваім камбайнам яны ажыццяўляюць нібы за малым дзіцём. Своечасова праводзяць прафілактычныя мерапрыемствы. Каб усё добра агледзець у машыне, камбайнеры прыходзяць у гараж за некалькі гадзін перад выездам у поле. Неабходна дадаць яшчэ і тое, што абодва хлопцы з’яўляюцца выхадцамі з патомных механізатарскіх сем’яў, нарадзіліся і выраслі ў вёсцы. Гэтая падобнасць лёсаў таксама накладвае адбітак на працоўную дзейнасць Вянгуры і Лебядзінскага.


Віктар і Мікалай вельмі добра ведаюць цану хлебу, якой працай ён дастаецца. Жніво – гэта толькі вянец той вялікай працы, што прыкладвалі яны, пачынаючы з мінулай восені: калі аралі і сеялі, даглядалі за пасевамі. Але заўсёды хлебаробаў не пакідала надзея, што ўсе старанні дадуць плён, і на грамадскай ніве выспее вялікі ўраджай. Так, даводзілася пахвалявацца, калі надвор’е не вельмі спрыяла развіццю раслін, але верылі толькі ў лепшае. Іх спадзяванні апраўдаліся. На цяперашні час сярэдняя ўраджайнасць па гаспадарцы складае больш пяцідзесяці цэнтнераў з гектара.


Кожны сельскагаспадарчы год пакідае ў памяці хлебаробаў свае ўражанні і эмоцыі. Вянгура і Лебядзінскі летась іх накапілі нямала, і ўсё больш станоўчых. Прыемна было камбайнерам, калі іх за добрую працу на жніве ўшаноўвалі прама на палетку, а потым і на раённых дажынках. Яшчэ, што ўспамінаецца з леташняга жніва – невыносная спякота, ад якой ратаваў толькі кандыцыянер у кабіне. Сёлета ўборка таксама не з лёгкіх, а можа нават яшчэ і складанейшая. Спякота не меншая на вуліцы стаіць, а яшчэ часта ідуць дажджы. Апошняе вельмі засмучае механізатараў, бо не дазваляе выкарыстаць на ўсю магутнасць свайго “стэпавага карабля”. Паўплывала на стварэнне настрою на працы і тое, што ім даверылі на раённых зажынках узняць сцяг сёлетняга жніва. І як вынік, цяпер амаль штодзённа намалочваюць хлебаробы па сотні тон зерня.


Вянгура і Лебядзінскі з тых людзей, для якіх зямля з’яўляецца бясцэнным скарбам, мерай іх дабрабыту. Паважлівыя адносіны да працы на зямлі яшчэ ў дзяцінстве прывілі ім бацькі. І хлопцы ўпэўнена крочаць па пракладзенай хлебаробскай дарозе, сумленна выконваючы пачэсны хлебаробскі абавязак на палетках роднай гаспадаркі.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.