З любоўю і трывогай пра край родны

Уладзімір Мікалаевіч Гаўрыловіч нарадзіўся ў 1967 годзе ў вёсцы Вятчын Жыткавіцкага раёна. Са сваёй маленькай радзімай звязаны раз і назаўсёды, як ніхто, бадай, у нашым вялікім Гомельскім рэгіёне. Міжволі згадваецца: все писатели в столице, один Шолохов в станице. І сапраўды, скончыўшы мясцовую школу, Уладзімір паступіў у Мінскі педагагічны інстытут, на філалагічны факультэт, дзе вучыўся ў вядомых педагогаў не толькі навуцы слова, але і ягонаму гучанню, бо ўдзельнічаў у славутым тэатры мастацкага слова А. Каляды.


 


Пасля вучобы У. Гаўрыловіч працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў роднай школе, дырэктарстваваў, апошнія гады працуе галоўным рэдактарам жыткавіцкай раённай газеты “Новае Палессе”. З’яўляецца старшынёй Гомельскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Саюза пісьменнікаў Беларусі».

У літаратуру ўваходзіў, як і многія паплечнікі, праз журналістыку і публіцыстыку, дзе навучаўся шукаць тэму і знаходзіць адпаведныя мастацкія сродкі для яе ўвасаблення. І дасягнуў пры гэтым значных поспехаў. Па сутнасці, і журналістыка, і чыстая літаратура ў творчасці У. Гаўрыловіча – гэта дзве грані аднаго працэсу, бо спецыфічнымі адметнымі сродкамі пісьменнік імкнецца ўвасобіць па сутнасці адно – земляка, палешука на гэтай цудоўнай зямлі, паказаць яго ў часе і прасторы, у вечнай стабільнасці і пастаяннай зменлівасці. Таму сваё мастацкае ўвасабленне – даследаванне фізічнага і духоўнага бытавання сваіх герояў пачынае з сівой мінуўшчыны. Так, у нарысе “Сівая легенда Палесся”, прысвечаным 1025-годдзю Турава і 1000-годдзю Тураўскай епархіі, ён сыноўняй любоўю ўсхваляе родную зямлю, святую ў яго ўспрыняцці, якое прыйшло з малаком маці і дзецям маім астанецца, і вельмі хоча, каб наш сінявокі край паўсюль ведалі, цанілі, паважалі і любілі гэтак, як любім яго мы, дзеці гэтай зямлі. І разам з тым, гэта напамінанне і тутэйшаму люду, асабліва дзецям і моладзі, каб не зракаліся памяці і дбалі аб яго будучыні. Менавіта таму ў нарысе па-мастакоўску спалучылі і факты, і мясцовыя легенды, і гістарычныя падзеі, і перспектывы поруч з сучасным быццём. Але ўсё гэта арганічна паяднана аўтарскім захапленнем і любоўю.


Калі ж старажытны Тураў усё ж такі ведаюць, ды і пішуць пра яго нямала, то слаўны гарадок Жыткавічы, якому ў 2005 годзе ўжо налічвалася 505 гадоў, не меў да гэтага часу сваіх летапісцаў. Неяк быў ён у цені вялікага суседа, мастацкім вобразам якога ўсе захапляліся. Уладзімір Гаўрыловіч, стала атабарыўшыся ў гэтым адметным і прыгожым гарадку, вырашае ліквідаваць гістарычную несправядлівасць і дасягае гэтага з добрым плёнам і поспехам. Хаця цяжкасцей на гэтым шляху было вельмі і вельмі багата: у гісторыі Жыткавіч не было выдання, дзе б тлумачылася тапаніміка горада ці было б праведзена хаця мінімальнае гістарычнае даследаванне. Таму патрыёт краю, неафіт Гаўрыловіч з апантанасцю знайшоў тыя крупінкі, што засталіся з мінулых часоў, вярнуўся ў далёкае мінулае, выкарыстаў эпічныя жанры фальклору. Усё гэта дапамагло стварыць жывы воблік горада, старажытнага і вечна юнага, з вялікай перспектывай развіцця.


Для Гаўрыловіча-журналіста цікавы не рэшткі былых муроў ці маляўнічая прырода сама па сабе, і ў іх суаднясенні-ўздзеянні з чалавецтвам. Вось чаму паралельна са стварэннем фізічнай памяці рэгіёну, ён узбагачае і духоўную памяць роднага краю. У гэтым плане вылучаюцца з любоўю напісаная кніга нарысаў “Жыватворная крыніца Жыткавіцкага краю” (2004), дзе гаворка ідзе аб вытоках, пачатках усяго існага – жыватворнай крыніцай народа з’яўляецца яго спадчына: мова, культура, гісторыя, яго фальклор. І абавязак кожнага – зрабіць усё магчымае дзеля таго, каб захаваць гэтую крынічку, а гэта значыць, зберагчы нацыянальную самабытнасць народа. У нарысах, падрыхтаваных да ХІ Дня беларускага пісьменства ў горадзе Тураў, аўтар расказаў аб носьбітах фальклорнай традыцыі Беларускага Палесся – вядучых калектывах мастацкай самадзейнасці Жыткавіцкага раёна. Іх усяго 34, а займаецца болей чым паўтысячы аматараў народнай творчасці. Сведчаннем прафесіяналізму з’яўляецца той факт, што палове з іх прысвоена высокае званне «народнага». Аўтар з любоўю і захапленнем расказаў пра большасць з іх, даў невялічкую гісторыю ўзнікнення і развіцця, назваў самых здольных і апантаных удзельнікаў, змясціў іх рознакаляровыя здымкі ў цудоўных строях. Тым самым ён сцвердзіў, што менавіта дзякуючы руплівай працы такіх, улюбёных у народную творчасць і сваю зямлю, людзей, цячэ яшчэ адна наша жыватворная крынічка і нясе сваё багацце ў нашу будучыню. У кнізе змешчаны таксама матэрыялы аб мінулым і сённяшнім дні старажытнага Турава, легенды і паданні тураўскай старонкі, звесткі аб мясцовым краязнаўчым музеі. Усё гэта зрабіла нарысы У. Гаўрыловіча энцыклапедычным даведнікам народнай культуры Жыткаўшчыны ў яе сучасным развіцці і гістарычных згадках.


Пра слаўных, шырока вядомых і проста прыгожых, разумных і спагадлівых людзей роднага краю расказаў аўтар у своеасаблівай кнізе “Паяднаныя з зямлёй”, куды ўвайшлі эсэ, артыкулы, дыялогі, героямі якіх становяцца былыя франтавікі, настаўнікі, хлебаробы, мастакі, народныя майстры. Гэта нарысы пра настаўніцу Г.В. Бобрык, што была ў гады акупацыі партызанскай сувязной, а ўсе мірныя гады прысвяціла дзецям (“Ліпа” выходзіць на сувязь”); таленавітую спявачку, таксама настаўніцу Т.Г. Туравец (“Па жыцці з песняй”); таленавітую і адметную мастачку Наталлю Чарнагалову, творы якой знаходзяцца ў галерэях і прыватных зборах Балгарыі, Польшчы, Швецыі, Даніі, ЗША, Германіі, Аўстрыі, Канады (“Зямлячка, або прыязджаю ў Жыткавічы, як у Парыж!”); славутага народнага разьбяра па дрэве, удзельніка і пераможцу шматлікіх фестываляў і выстаў народнай творчасці, аўтара драўлянай скульптуры пры ўездзе ў Жыткавічы, якая сталася візітоўкай раёна, Аляксандра Масла (“Крыніцы яго натхнення – мясцовыя краявіды, або запрашаем у аграсядзібу”). Цікавіць дапытлівага краязнаўцу, якім выступае У. Гаўрыловіч, і тураўскія саркафагі, і славутыя крыжы, што растуць на мясцовых могілках, і доля протаіерэя Сяргея Радакоўскага, які быў расстраляны без суда і следства, ён цікавіцца археалагічнымі даследаваннямі на сур’ёзным навуковым узроўні.


Асабліва ўражвае дакументальная аповесць “Памятаць, каб жыць”, прысвечаная маладзенькім хлопцам, што загінулі ў Афганістане. Уладзімір Гаўрыловіч сцвярджае, што яшчэ адно гора прыйшло на зямлю, якая як след да гэтага часу не залячыла раны папярэдняй страшэннай вайны, і вось пачынаецца трагічная старонка нашай гісторыі, звязаная з трунамі і слёзамі блізкіх. 271 ураджэнец Жыткавішчыны прайшоў праз Афганістан, 70 з іх узнагароджаны ардэнамі і медалямі. 14 хлопцаў загінула, іх бацькі атрымалі пахаронкі ў мірны час: выконваючы нейкі інтэрнацыянальны абавязак, іх дзеці загінулі ў далечыні ад Радзімы. І праз пэўны час пасля трагедыі журналіст і пісьменнік Ул. Гаўрыловіч моліць Бога, каб хапіла сіл напісаць пра сваіх равеснікаў, што вярнуліся з далёкай краіны ў свінцовых трунах, якія не дазволілі адкрыць і паказаць нават маці. Бо ён падсвядома адчувае віну перад бацькамі загінуўшых салдат, у якіх распытвае пра іх дзяцей, прымушаючы вярнуцца да перажытага, здавалася б, мінулага болю, які ніколі не стане мінулым, бо памяць пра хлопчыкаў жыве вечна ў сэрцах ужо нямоглых старых. Ён прымушае яшчэ раз вярнуцца да гэтага болю, каб перадаць яго чытачам, каб болей ніколі не паўтаралася трагедыя. Таму і нарысы пра іх жыццё і раннюю смерць называюцца паэтычна і змястоўна (“Каб ніводная маці не заплакала болей на магіле сына-салдата”; “Мы адплачам за ўсіх…”; “Балючую рану не залечыш нічым…”; “Сэрца маці зноў і зноў плача…”). У. Гаўрыловіч працягнуў галерэю вобразаў простай беларускі, вымушанай, як і ва ўсе вякі, аплакваць сваіх дзяцей.


Публіцыстыка, краязнаўчыя нарысы, экскурсы ў мінулае сталіся своеасаблівым для таленавітага пісьменніка пераходным мостам ад журналістыкі да мастацкай літаратуры.


Уладзімір Гаўрыловіч адметны перш за ўсё тым, што і ў ХХІ стагоддзі працягвае класічную нацыянальную традыцыю, прадстаўленую галоўным чынам Якубам Коласам і Іванам Мележам. Ягоная творчасць, нягледзячы нават на вандраванні па свеце і сумесныя праекты з замежнымі літаратарамі, не паддаецца самым мадэрновым уплывам. У гэтым ён нагадвае акадэміка Ул. Гніламёдава, які ў апошнія гады заваяваў сабе прызнанне вялікімі раманамі-эпапеямі. Уладзімір Васілевіч пісаў: «Я не імкнуся пісаць мадэрнова – трэба мець асаблівы талент, каб быць эксперыментатарам. Жыццё настолькі цікавае, што яго можна апісваць такім, якім яно ёсць, простымі словамі. Не сумняваюся, што Уладзіміру Мікалаевічу, прадстаўніку зусім іншай творчай генерацыі, чалавеку, які валодае словам і мае добрую прафесійную абазнанасць, пад сілу мадэрновыя выкрутасы і знаходкі, якімі цяпер так багата еўрапейская проза, у тым ліку і беларуская. Аднак нешта значна большае, чым элементарнае, але такое зразумелае, асабліва ў творчай сферы, жаданне вядомасці і прызнання, валодае і кіруе ягоным мастацкім пачуццём і творчымі арыентацыямі.


Ён упэўнены і перакананы, што класічная, традыцыйная літаратура яшчэ далёка не выкарыстала ўсе свае мажлівасці, не выявіла свой велізарны патэнцыял. Вернасць традыцыям ён будзе нават свядома падкрэсліваць, даючы выразныя падставы для крытыкі. Аднак гэта не палохае арыгінальнага пісьменніка, бо добрая школа, вучоба ў класікаў нікому яшчэ не шкодзіла. Згадаем апісанне свята працы – касьбу – у зачыне рамана “Забранае шчасце”. Вось якім маляўнічым пейзажам адкрываецца першая частка – “Хмара над хатамі”:


Стаяў самы поўдзень лета. У паветры разліваўся смачны пах абвялай травы, ён паволі, лена плаваў, казытаў у носе…


Каса шохала звонка, спеўна, спачатку ішла лёгка. Але ўжо праз гадзіну-дзве з кожным пракосам весці яе было ўсё цяжэй і цяжэй – чым бліжэй да балота, тым большала вады. У вочы, у твар касца хмараю навальвалася назойлівая камарэча, і не было калі яе сагнаць. Як убіралася ў сілу сонца, навала гэтая трохі прасоўвалася да блізкага дробнага лесу, рудога чэзлага хмызняку.


Сонца прыкметна вышэла і вышэла. Хутка ўжо напякло добра-такі ў плечы, шыю, рукі. Каса, адчувалася, з кожным узмахам станавілася важкай, хоць трава – бачыў касец – радзела, бралася на шорсткую асаку, заўважна горшала.


Нарэшце малады касец, чарнявы высокі хлопец, давёўшы пракос да канца, змогся. Ён спыніўся, каб перавесці дыханне. Зрэбная сарочка набрыняла потам, прыліпала да спіны – не ададраць. Намоклі вышэй каленяў і штаны – вада ўжо падступала да лытак, – адна толькі выгода: прыемна халадзіла ногі».


Хто не згадае тую атмасферу радасці быцця, у якую патрапляеш пры чытанні адпаведных старонак “Людзей на балоце”. Нават сам загаловак “Хмары над хатамі” выклікае пэўныя асацыяцыі з “Подыхам навальніцы”. Малады пісьменнік, як і ягоны старэйшы настаўнік, кожны па-свойму, але ў пэўнай адпаведнасці з нацыянальным менталітэтам перадаюць адвечную трывогу беларуса ў гэтым існаванні-барацьбе за жыццё і быццё з ягонымі трывогамі і рэдкімі радасцямі. Гэта людзі, што жывуць адметным жыццём, якое не падобна да іншых. Яны яшчэ не парвалі сувязі з прыродай, бо лічаць яе не аб’ектам дзейнасці, а часткай, і пры тым галоўнай, быцця. Вось як паэтычна, нібы вершы ў прозе, гучаць адпаведныя філасофскія адступленні аўтара ў рамане ХХІ стагоддзя:


І была за восенню зіма. І зноў вясна. Спякотнае лета, іх лета. Заспала восень, пераспела. Багатая ж была на хараство…


Ніхто не ведаў, хоць гадалі – колькі будзе доўжыцца бабіна лета, колькі яшчэ нязмушана, не спяшаючыся, спакойна, разважана восень будзе шпурляць, у Князь-возера поўныя жмені жоўтага і крыху парудзелага лісця. Такой восені, шчодрай на дары садоў, на цёплыя ночы без туманоў, не памятаў Рыгор. Не магла ўспомніць і Верка. І як бы нехта, можа, сам Усявышні, доўжыў іх лета, цеплыню і шчодрасць іх сэрцаў, іх кахання. Як бы нехта запавольваў час – лістапад здаваўся толькі пачаткам верасня.


Але вочы возера ўжо адчувалі смутак; ён з большай  сілай навальваўся на зямлю, туманы гусцей усцілалі пачарнелую роўнядзь вады. Здаецца, у вачах стаіўся нечаканы боль, як люстра, за адзін вечар пакрылася скарынкай крохкага панцыра, які з кожнай гадзінай таўшчэў, павялічваўся, аддзяляў ваду ад сонца, што вось так, знянацку, перастала грэць.


Заваёўніца была безапеляцыйнай: прыйшла адразу, за адну ноч, і надоўга. Возера сцішыла хвалі, супакоіла іх, і ўжо праз цяжкі панцыр важка дыхала, але ўзіралася з надзеяй у бяздоннае блакітнае неба. Возера, як і закаханыя, чакала свайго дня.


Згадаем, як Якуб Колас паэтызаваў Прыпяць, як ён рабіў паўнапраўным удзельнікам падзей. Вельмі добра, што ўрок класіка не прапаў марна і паспяхова засвоены ў новых гістарычных традыцыях.


Аднак не толькі захаваннем класічных традыцый цікавая проза Ул.Гаўрыловіча. Ягоны раман “Забранае шчасце”, пра які мы вялі гаворку, цікавая з’ява ў мастацкім асэнсаванні долі беларуса і Беларусі на пакручастых сцежках гісторыі. Паўнапраўным удзельнікам, героем твора з’яўляецца возера Чырвонае, якое мясцовымі жыхарамі называецца Князь, Жыд і г.д. Яно не толькі сочыць за людзьмі, жыве з імі поруч, але і людзі чуюць ягонае дыханне, а па знешняму вобліку, па агульнай атмасферы могуць адчуць, што іх чакае ў недалёкай будучыні. Так, калі героі не ведаюць, што з імі здарыцца пра імгненне, яно паўстае такім:


Возера сцішыла хвалі, супакоіла іх, і ўжо праз цяжкі панцыр важка дыхала, але ўзіралася з надзеяй у бяздоннае блакітнае неба. Возера, як і закаханыя, чакала свайго дня.


Апісанне напачатку другога раздзела “Дзе ты, доля?” незадаволенага Князь-возера, заціснутага ў кола горнымі балотамі, чорным алешнікам і куп’істым лазняком, куды восень, стогнучы і плюхаючы, гоніць хвалі злосці, і неба, няласкавае і пахмурнае, што топіцца ў яго азёрным, чорным прадаўгаватым лапці, паказвае, што ўсё адцуралася ад героя, і не знойдзе ён спагады сярод людзей, блізкіх і чужых. А згадка пра згінулых вясельнікаў у возерным балоце якраз у тым месяцы, куды выйшаў герой, прадказвае і яму хуткую пагібель. Таму зачын чацвёртай часткі – “Плата за каханне” – ніякага аптымізму не выклікае.


Стан Князь-возера, ягоная глыбінная ўнутраная сувязь з прыродай і чалавекам, з’яўляецца выключным камертонам усіх падзей. І гэта падкрэслівае перспектыўнасць падобнай паэтыкі і кампазіцыі.


Уладзімір Гаўрыловіч, аднак, разумее, што часы шматтомных эпапей прайшлі. Таму ён добра адчувае закон абмежаванасці і робіць развіццё дзеяння ў сваім рамане імклівым, дынамічным, экспрэсіўным, што ў спалучэнні з лірычнымі і філасофскімі адступленнямі і, пра што гаворка ішла вышэй, надае творам адметнасць, непаўторнасць, робіць іх чытанне не толькі займальным, але і карысным. Не цураецца аўтар і прыгодніцкіх (знаходка золата), дэтэктыўных (пошукі і ўцёкі ахвяры і яе катаў) элементаў; па-свойму, з улікам нацыянальнага менталітэту, паказаны звычаі, абрады, уяўленні палешукоў. Раней пра гэты край пісалі толькі чужынцы, таму ўсё тут старонняму ўяўлялася незвычайным, не такім, як у людзей, а раней на палешукоў паглядвалі, не раўнуючы, як на абарыгенаў, якім яшчэ даволі далекавата да прадукта цывілізацыі, нават да homo sapiens.


Ул. Гаўрыловіч глядзіць на прыроду, людзей вачыма сына гэтай зямлі, ён імкнецца перадаць не знешнія выйгрышныя абрысы, а заглянуць у душу палешука, адчуць і пераказаць, што робіцца там, якія страсці і жарсці палаюць у душы гэтай, здавалася б, памяркоўнай і незлаблівай істоты. Уладзімір Гаўрыловіч перш за ўсё ў абліччы тутэйшага ўбачыў чалавека, які па-свайму ўнутранаму хараству не саступіць нікому. Іншая справа, што вымушаны ён даказваць гэта ў чарговы раз, як і ягоныя шматлікія продкі ў розныя часы. І ніколі абставіны не былі для яго спрыяльнымі, незалежна ад таго, якая ўлада кіравала ў краіне. Ніхто не даваў мясцоваму чалавеку займацца адвечнай земляробскай працай, любавацца Князь-возерам, балотам, рэчкай, лясамі і барамі, касіць, любіць, нараджаць дзяцей ад каханай жанчыны. Заўсёды з’яўляліся чарговыя перашкоды, а нібы гаспадар гэтай зямлі вымушаны быў вандраваць па ёй і туляцца, нібы злодзей. Якраз у гэтых мясцінах жыў асочнік Хадыка (аднайменны твор Ул. Сыракомлі), які вымушаны быў шмат дзесяцігоддзяў хавацца ад людзей і князевых слуг, і толькі паміраць вярнуўся ў свет. Блуканні па пакутах Рыгора – яшчэ адно сведчанне беспрытульнасці беларуса на гэтым свеце. Малады, прыгожы, дужы хлопец не толькі марыць пра каханне, пра любую, але і змагаецца за сваю долю. Але мяняюцца абставіны, наступаюць злыя гады ХХ стагоддзя, калі ў грамадстве, і ў векавым укладзе быту палешука адбываюцца выключнейшыя, кардынальнейшыя змены. І цяпер крывёю напаўняюць раўчукі быцця, і зліваецца яна ў сімвалічнае Князь-возера нацыянальнай трывогі і пакут. І не толькі Рыгору, але і ўсім, хто не загінуў ад рэпрэсій, каго не выгналі ў свет, не вывезлі ў Сібір ці на Поўнач, прыходзіцца або туляцца, або неяк выжываць. Назло ўсім: і абставінам, і ворагам, каб даказаць, і ў першую чаргу самому сабе. У такі час вельмі лёгка памыліцца, зблытаць сябра з ворагам; у гэты час руйнуюцца сяброўскія і крэўныя повязі, аднак чалавек павінен выстаяць, адрадзіцца, пераўзысці ўсіх і перш за ўсё самога сябе. Вось чаму героі рамана так дбаюць пра маленькіх і яшчэ нават ненароджаных дзяцей, бо ў гэтым бачыцца будучыня – і кожнага з іх канкрэтна, і ўсяго краю, нацыі. Як і патрэбна раманнай канцэпцыі, у творы Гаўрыловіча сустракаюцца самыя розныя пласты апавядання (мысль народная суседнічае з мыслью семейной). Акрамя ўсебаковага адлюстравання рэальнага вясковага жыцця пачатку ХХ стагоддзя, тут сустракаюцца экскурсы ў гісторычнае і этнаграфічнае мінулае, апісанне дзейнасці мясцовай і раённай улады, службы аховы, што робіць раман па-сапраўднаму аб’ёмным і панарамным.


 


Так жыць – было нельга.


Кожны сплачваў часу за сваю праўду.


Ашалелая, безразважная ярасць усё больш захоплівала, змярцвяла душы людскія.


І пасля…


Пасля праўда – для ўсіх – стала адзінай.


Але так думалі тыя, хто лічыў сябе разумнейшымі.


Астатніх – не пыталіся…


Першыя і частка другіх – зніклі.


Назаўсёды.


І іх, за рэдкім выключэннем, ніхто асабліва не шкадаваў. Навошта?!


 


Выхад твора ў свет – важная падзея ў беларускай літаратуры пералому тысячагоддзяў.


Ул. Гаўрыловіч заявіў аб сабе і як аб неблагім майстру малой прозы. І тут ён заўсёды абірае адметныя сюжэты і падзеі для мастацкага ўзнаўлення і асэнсавання. Так, фінал апавядання “Карміцель” мог бы ўразіць любога еўрапейскага чытача сваёй экзотыкай:


Плакаць надта не было калі і каму. У поўдзень дамавіну вынеслі з хаты, прывітаўшы Айца, Сына і Святога Духа, ды ж селі Вулляна і ўнучка старога, Ганька. У першай везлі крыж і дамавіну. Ёю правіў сам Ігнась. У астатніх лодках плылі сваякі, суседзі, далёкая радня. Трохі людзей чакала на гары, каля могілак, куды трэба было плысці амаль праз усю вёску. Зарэчная, мажліва, упершыню за свой кроткі век, забудоўвацца пачала пасля вайны, бачыла такую пахавальную працэсію. Вёска гадала: ці не знарок Андронік выбраўся, як ніводзін аднавясковец, у паводку? Ці да дабра гэта? Ці, можа, да вялікага няшчасця для ўсіх іх гэтая нечаканая смерць?..


На свежаўзаранай мяжы, у адзіноце і спакоі памірае старая Ганна, якая малілася Богу толькі з адной просьбаю – няхай яе пахавае родны сын. І Бог пачуў яе малітву. Схільнасць да навелістычных сюжэтаў і канцовак уласціва многім апавяданням Ул. Гаўрыловіча. Але галоўнае ў іншым – у пранікненні ва ўнутраны свет простага чалавека, веданне ягонай псіхалогіі, любоў да сваіх герояў у звычайных і незвычайных абставінах.


Наогул, У. Гаўрыловіч, як і большасць празаікаў, пачынаў з навел і апавяданняў. Ягоныя першыя ўзоры малой формы ўбачылі свет у зборніку “Споднія яблыкі” (1994). Кнігу адрэдагаваў пісьменнік Уладзімір Саламаха, які і напісаў прадмову “Святло роднай зямлі, цяпло добрых людзей”, у якой блаславіў уваходзіны невядомага яму да гэтага маладога хлопца з глыбіні Палесся, выказаў веру ў ягоны пісьменніцкі талент і надзею, што спадзяванні аўтара на дабро ў свядомасці людзей спраўдзяцца. А таксама ўпэўненасць, што творы У. Гаўрыловіча знойдуць свайго чытача, які будзе чакаць ягоныя новыя кнігі.


І сапраўды, малады празаік умее зацікавіць, заінтрыгаваць чытача, прымусіць яго сачыць за развіццём падзей, хаця часцей за ўсё фінал твора акажацца нечаканым і зусім непрадказальным. Гэта і некалькі смерцяў, раптоўных і недарэчных, у апавяданні “Таполевы Востраў”, які павінен быў быць Востравам Дзяцінства, Юнацтва, Першага Кахання; сустрэча маладога студэнта з маленькім хлопчыкам, які аказваецца ягоным сынам (“Я з табой”); гэта перадсмяротная споведзь старога бацькі, які некалі ў гады вайны забіў сваю жонку, спісаўшы злачынства на немцаў, і, сыходзячы назаўсёды, прызнаецца ў гэтым сыну (“Даўні сон”); старая жанчына імкнецца памірыць свайго гуляку-сына з былой жонкай, але безнадзейна (“Споднія яблыкі”). Аднак заўсёды раскручаны сюжэт развіваецца па адпаведных законах з выкарыстаннем вобразна-выяўленчых сродкаў, што надае творам пераканаўчасць, лагічную завершанасць і мастацкую выразнасць.


Уладзімір Гаўрыловіч – суаўтар цікавага творчага праекту, здзейсненага ў выніку супрацоўніцтва Дэпартамента адукацыі, культуры і спорта кантона Ааргад (Швейцарыя) з недзяржаўнымі арганізацыямі Беларусі. Вясной 2006 года Уладзімір Гаўрыловіч, другі са згаданага кантона, Рэмігіус Бютлер, даследавалі гасціннасць адпаведнай краіны. Вынікам такіх даследаванняў і сустрэч сталася кніга “Запрашэнне. – Eingeladen! – Приглашение”: Выпрабаванне гасціннасцю ў Беларусі і Швейцарыі. З рэцэптамі” (2007), выдадзеная ў Швейцарыі дыхтоўна, прыгожа, з высокім густам і ілюстрацыямі на трох мовах. У яе ўвайшлі рэпартажы, якія расказваюць пра гасцяванне і перадаюць святочны настрой. Кніга сталася адметнай з’явай, бо тут нам расказваюць пра нас праз прызму уласнага бачання, а шматлікія рэцэпты страў дазваляюць лепш спазнаць менталітэт еўрапейскіх народаў, не такіх ужо далёкіх адзін ад аднаго, як гэта здаецца некаму.


У восеньскіх нумарах часопіса “Полымя” за 2009 год надрукаваны новы раман Ул. Гаўрыловіча “Цяпло маладзіка”, у якім на новай ступені па-мастацку даследуецца сучасны дзень праз прызму часу. У аснове ляжыць незвычайны сюжэт – каханне нямецкага салдата і беларускай дзяўчыны ў час Вялікай Айчыннай вайны. Поўнасцю раман надрукаваны ў першым томе “Выбранага”, дзе змешчаны і новыя творы сучаснага беларускага пісьменніка.


Іван Штэйнер, кандыдат філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт Міжнароднай акадэміі Еўраазіі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.