Клопат пра дзіцячае здароўе

Дэпутат абласнога і раённага Саветаў Міхаіл Пятровіч Саскевіч неаднойчы браў удзел у дабрачынных акцыях. З асаблівым пачуццём гэты чалавек пастаянна дапамагае дзецям. Па-бацькоўску грунтоўна ён за ўласныя сродкі збірае партфелі школьнікам, бацькі якіх апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Пасільную дапамогу атрымліваюць ад яго і навучальныя ўстановы раёна.


Днямі Міхаіл Пятровіч наведаўся ў дзіцячы садзік №3 райцэнтра. І не з пустымі рукамі. У рамках дабрачыннай акцыі “Дэпутацкі клопат пра дзіцячае здароўе” дэпутат Саскевіч падараваў выхаванцам установы спартыўны інвентар.


Сустракалі гасцей Міхаіла Пятровіча Саскевіча і Ніну Мікалаеўну Рамановіч, старшыню раённага Савета дэпутатаў, у зале ўстановы. Рабяты і выхавацелі, якія сабраліся тут, да гэтай падзеі падрыхтаваліся грунтоўна. Усе ўважліва слухалі гасцей, якія расказалі пра дабрачынную акцыю, што дзякуючы яе правядзенню садзік атрымае ад дэпутата спартыўны інвентар на суму больш як адзін мільён рублёў. Усё гэта будзе спрыяць умацаванню здароўя выхаванцаў, ды і на ўроках фізкультуры ім значна цікавей будзе займацца. Пасля чаго Міхаіл Пятровіч і Ніна Мікалаеўна пачалі раздаваць рабятам прывезеныя падарункі. З вялікай радасцю дзеці бралі ў рукі новыя мячы, наборы кегляў, тэнісных ракетак і іншы інвернтар. Некаторым выхаванцам прыйшлося падыходзіць і па два разы, каб забраць усе падарункі, настолькі іх было шмат.


Дзіцячую радасць падзялялі і педагогі, словы падзякі дэпутатам выказала кіраўнік ўстановы Евяліна Малькевіч.


Толькі на гэтым свята не закончылася. Выхаванцы садзіка, падзяліўшыся на дзве каманды, паказалі гасцям, як ва ўстанове моцна сябруюць са спортам. Дзеці ўдзельнічалі ў спартыўных эстафетах і гульнях, дэманстравалі сваю спрытнасць, хуткасць і кемлівасць.


Дэпутаты ўпэўніліся, што з падарункам установе не прагадалі, і ён дапаможа рабятам яшчэ лепш развіць і выпрацаваць тыя якасці, якія яны прадэманстравалі падчас спартландыі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.