Адзначылі старадаўняе свята

Колісь у вёсцы Пагост і другіх населеных пунктах Палесся існаваў такі абрад культу агню як “Жаніцьба коміна”. Калі дзень скарачаўся і наступалі доўгія вечары, то аднавяскоўцы збіраліся па хатах, пралі кудзелю, запраўлялі кросны, расказвалі розныя гісторыі, спявалі. Лучына заставалася адзіным святлом у хаце. Вось тады і ладзіўся асенні абрад “Жаніцьба коміна”. Яго і правяла нядаўна захавальніца народных старадаўніх абрадаў жыхарка вёскі Пагост Кацярына Аляксееўна Панчэня разам са сваім калектывам “Міжрэчча”.


Для гэтай падзеі ў хаце збіраюцца людзі, упрыгожваюць палатняны дымаход, запальваюць лучыну і водзяць карагод. Згодна слоў Кацярыны Аляксееўны, “комін жанілі” ў вёсцы не ўсе, а толькі ў тых хатах, дзе былі зроблены ў столях спецыяльныя адтуліны для выцяжкі дыму. У хаце збіралася да дваццаці чалавек. Удовы не маглі “жаніць коміна”.


У час правядзення абраду людзі прыгаварвалі: “На гэты год коміна жэнім, каб на той год Бог урадзіў пшаніцу на каравай. Каб было з чаго каравай пякці і сына жаніць!”, “Каб нашаму роду не было пераводу!”


Дарэчы, сёлета паглядзець на абрад прыязджала група этнографаў з Польшчы, каб выбраць нешта ўнікальнае з нашай традыцыйнай культуры.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.