Добра папрацавалі і настрой добры

Больш за месяц зводны студэнцкі атрад у складзе 107 чалавек з Жыткавіцкага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага вучылішча працаваў на палетках шэрагу сельгаспрадпрыемстваў Падмаскоўя. Назад навучэнцы ўстановы вярнуліся з добрым настроем і яркімі ўражаннямі, якія засталіся ад паездкі.


Працавалі юнакі, дзяўчаты і іх выхавальнікі ў Каломенскім і Зарайскім раёнах трох гаспадарках: таварыствах з абмежаванай адказнасцю “Сельгаспрадукты”, “Ленінскае” і “Сяргіеўскі”. Практыка, калі навучэнцы ДПТВ пачынаюць навучальны год з працоўнага семестра, стала ўжо традыцыйнай. Для рабят гэта добрая магчымасць паспрабаваць свае сілы на канкрэтным участку сельгасвытворчасці, усвядоміць, ці правільна яны зрабілі свой прафесійны выбар, набрацца пэўнага жыццёвага вопыту, а таксама атрымаць сваю першую заработную плату за ўласную працу. На вёсцы яна нялёгкая, але цікавая і вельмі патрэбная. На палетках гаспадарак жыткаўчане ўбіралі сталовыя буракі і моркву, затарвалі бульбу. Там яны пабачылі шмат новай сучаснай тэхнікі замежнай вытворчасці, цікавіліся гатункамі сельгаскультур.


У Расіі навучэнцы не толькі плённа працавалі, але і паспявалі адпачываць на дыскатэках, знаёміліся з мясцовай моладдзю, заводзілі сяброўства. Калі ішлі дажджы, то арганізоўвалі спартыўныя спаборніцтвы па шашках, шахматах. Пазнаёміліся і з найбольш значнымі мясцінамі Каломны, а таксама Бабрынёва манастыра. Спадабаўся ўсім старажытны горад, у якога вельмі багатая і цікавая гісторыя. Дарэчы, пра стараннасць навучэнцаў вучылішча напісалі і ў мясцовай газеце. І гэта нездарма. Дапамога дзяўчат і юнакоў з Жыткавіч аказалася настолькі патрэбнай мясцовым сельгасвытворцам, што кіраўнікі гаспадарак папрасілі іх застацца яшчэ папрацаваць.


Толькі вучэбная праграма — рэч вельмі важная, таму ўсе вярнуліся ў вызначаныя тэрміны і селі за парты, каб пачаць асвойваць азы абраных прафесій.


Навучэнцы засталіся задаволенымі сваім працоўным дэсантам у Падмаскоўе. Заробкі, якія яны атрымалі, таксама адыгралі істотную ролю на агульным настроі. Ды і тое, што сельгаспрадпрыемствы запрасілі прыехаць на ўборку ў наступным годзе, таксама адбілася на іх, бо недарэмнымі былі іх старанні. Сваёй працай навучэнцы дапамаглі ўмацаваць матэрыяльную базу роднай установы. За пералічаныя грошы расійскімі сельгаспрадпрыемствамі кіраўніцтва вучылішча закупіла газонакасілкі і спартыўны інвентар.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.