Калі маецца трывалая сувязь

Дзень пажылога чалавека ветэраны Жыткавіцкага раёна электрычных сетак успрымаюць, як свята. І гэта не выпадкова, бо ў іх з’яўляецца чарговая нагода для сустрэчы ў сценах роднай арганізацыі, куды іх запрашаюць на ўрачыстасць.


— Зноў адчуць рабочы пульс прадпрыемства, дзе адпрацавалі шмат гадоў, пацікавіцца яго справамі, а таксама падзяліцца вопытам з тымі спецыялістамі, што прыйшлі нам на змену – гэта так радасна і хвалююча, — кажа старшыня ветэранскай пярвічкі РЭСа Святлана Сцяпанаўна Мелехава. – Нават цяжка перадаць усіх эмоцый, якія авалодваюць табой, калі бачыш былых калег. Словы пажаданняў і віншаванняў у такі момант толькі і паспяваеш выказваць і прымаць. Вось і зараз, карыстаючыся момантам, хачу павіншаваць ветэранаў РЭСа з Днём пажылога чалавека, пажадаць ім здароўя, радасці на ўсю старасць, падтрымкі ад дзяцей, а яшчэ, каб не забывалі на сваю арганізацыю, наведвалі яе часцей, бо цяперашні калектыў заўжды дапаможа нават у самай складанай сітуацыі.


Апошняе выказванне старшыні пярвічкі мае пад сабой трывалую аснову. І грунтам для яе з’яўляюцца паважлівыя адносіны кіраўніцтва Жыткавіцкага раёна электрычных сетак да сваіх пенсіянераў. Іх у арганізацыі налічваецца 45 чалавек. Пражываюць былыя энергетыкі і ў Жыткавічах, і ў Тураве, і ў Леніна. Адным словам, там, дзе працуюць структурныя падраздзяленні РЭСа. Але нягледзячы на месца свайго жыхарства, пажылых людзей сённяшні калектыў арганізацыі і зараз лічыць сваімі членамі.


Адпаведна, кіраўніцтва, прафкам і падтрымліваюць сваіх ветэранаў, як дзеючых рабочых і спецыялістаў. Усе віды дапамогі прапісаны ў калектыўным дагаворы. Падтрымка аказваецца ўсебаковая. Напрыклад, захварэў ветэран, яму патрэбна матэрыяльная дапамога на лячэнне, мае права падаць заяву адміністрацыі прадпрыемства на яе аказанне. Летась гэтай магчымасцю скарысталіся 3 чалавекі. Самае галоўнае, кіраўніцтва РЭСа нікому ў такой падтрымцы не адмаўляе. Аплачвае арганізацыя значную частку кошту пуцёўкі сваім ветэранам на санаторна-курортнае лячэнне. Калі патрэбна, дапаможа і з яе выдзяленнем. Пенсіянеру патрэбна ўсяго толькі звярнуцца ў адміністрацыю. Вырашаецца і нямала бытавых пытанняў пенсіянераў: транспарт для прывозкі паліва, выдзяленне і апрацоўка зямельных участкаў, прывозка ўраджаю – усё гэта таксама забяспечваецца адміністрацыяй РЭСа за прымальную цану. Бездакорна выконваецца і палажэнне аб выплатах пенсіянерам да іх юбілейных дат з дня нараджэння, да шэрагу свят: Дня Перамогі (2 удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны), Дня энергетыка, на 8 Сакавіка, 23 лютага і іншых. Частыя госці ветэраны прадпрыемства і на розных урачыстасцях, на якія пастаянна запрашаюцца. Ды і прадстаўнікі арганізацыі таксама з’яўляюцца частымі гасцямі на ветэранскіх мерапрыемствах, у дамах сваіх былых работнікаў. Варта сказаць, што калектыў РЭСа аказвае дапамогу і па провадах сваіх пенсіянераў у апошні шлях. Такое жыццё, і нічога з гэтым не зробіш.


Несумненна, што ў значнай ступені ўсе станоўчыя стасункі паміж кіраўніцтвам РЭСа і пенсіянерамі складваюцца дзякуючы рабоце актыва ветэранскай пярвічкі арганізацыі. Паміж імі заўсёды маецца трывалая сувязь, што дазваляе вырашыць мноства праблем пажылых людзей, ахапіць іх належнай увагай і клопатам. І вельмі добра, што ў Жыткавіцкім РЭСе гэты клопат з’яўляецца ў ліку найгалоўнейшых.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.