Новыя вытворчасці – новыя магчымасці

Не так і многа гадоў прайшло з таго часу, як у адкрытым акцыянерным таварыстве «Жыткавіцкі агратэхсервіс” запрацаваў участак па вытворчасці бетонных агароджаў і іншых вырабаў. Нядаўна ў таварыстве адкрылі новую вытворчасць, дзе пачалі вырабляць вокны і дзверы з ПВХ.


Участак размясціўся на плошчах аднаго з цэхаў прадпрыемства. Сярод іншых ён выдзяляецца новенькім абсталяваннем. Яго з вялікім задавальненнем прадэманстраваў начальнік участка Дзмітрый Лазарчык.


— Абсталяванне каштуе нятанна, больш двухсот мільёнаў. Але станкі набылі самыя сучасныя, на якіх нашыя рабочыя могуць вырабіць вокны з пластыка самых розных памераў. Робім і балконныя дзверы. Усё гэта дае спадзяванне на перспектыву, — расказвае пра сваю гаспадарку Дзмітрый Уладзіміравіч.


Дарэчы, Лазарчык у таварыстве лічыцца маладым спецыялістам. Трапіў сюды па размеркаванню пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага агратэхнічнага ўніверсітэта. І вельмі ганарыцца, што кіраўніцтва прадпрыемства даверыла менавіта яму развіваць новую вытворчасць. Значыць, ёсць дзе прыкласці свае навыкі і веды. Усё ж папрацаваць патрабуецца нямала, каб новая прадукцыя знайшла свайго пакупніка, заняла сваю нішу на рынку. І найперш гэтага можна дамагчыся толькі вырабляючы вокны і дзверы высокай якасці.


Над гэтым і працуе калектыў участка, стараецца выконваць заказы якасна і ў тэрмін.


Працуе на ўчастку толькі тры рабочыя, ды яшчэ брыгада па ўстаноўцы. Менавіта яны з майстрам і выконваюць усе заказы на вокны, пачынаючы ад іх замераў, распрацоўкай дызайну і заканчваючы ўстаноўкай у кватэрах гаспадароў. Заказаў пакуль не так і многа, але яны пачалі паступаць пастаянна. Вось і падчас наведвання вытворчасці на ўчастку стаялі гатовымі некалькі вокнаў і дзвярэй. Усяго ж за змену мясцовыя майстры могуць поўнасцю зрабіць пяць вырабаў. Варта адзначыць, што якасці новай прадукцыі ўжо ацанілі некаторыя жыхары раёна. Нават прыязджалі дзякаваць асабіста за добрую якасць прадукцыі, а таксама за выдатную ўстаноўку.


Канечне, першаступеннае значэнне адыгрывае сыравіна. Профілі, напрыклад, беларускай вытворчасці, а вось уся фурнітура нямецкай. Гэта адбіваецца і на цане, зразумела, на карысць пакупніка.


Адкрыццё такіх вытворчасцей для кіраўніцтва агратэхсервіса з’яўляецца вельмі неабходнай умовай для развіцця таварыства. Яны прыносяць дадатковы даход. А яшчэ вырашаецца праблема занятасці працаўнікоў. Усё ж парк тэхнікі ў сельгаспрадпрыемствах аднавіўся і зараз гаспадаркі не надта ахвотна імкнуцца рамантаваць яе ў агратэхсервісе. А новая вытворчасць дазваляе вырашаць задачу па працаўладкаванні вызваліўшыхся рабочых і спецыялістаў. Адным словам, як кажуць, новыя вытворчасці даюць і новыя магчымасці развіццю прадпрыемства. 


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.