Пашана хлебаробам

Горад у апошні дзень перад сваім днём нараджэння нібы не спаў. Рыхтаваўся сустрэць гасцей ва ўсёй красе і прыгажосці. Яшчэ зацемна яго вуліцы абудзіў рух магутнай сельгастэхнікі, якая ішла з гаспадарак раёна на запланаваную выставу. Гэтак жа з самага рання Жыткавічы “апраналіся” ў палатно гандлёвых і выставачных палатак, каб паказаць сваю таленавітасць, працавітасць і шчодрасць. Актыўны рух у гарадскім парку імя Гамолкі, дзе ладзілі свае падворкі прадстаўнікі сельскіх Саветаў, на вуліцы Чкалава, дзе размясціўся “Горад Майстроў”, на вуліцы Карла Маркса, дзе выстраіліся калоны людзей, а таксама на іншых плошчах і ў скверах, дзе былі арганізаваны шматлікія святочныя мерапрыемствы. Але самыя важныя ўрачыстасці адбыліся на галоўнай сцэне, што была ўстаноўлена на цэнтральнай плошчы райцэнтра. Па вуліцах нясуцца гукі радыёпраграмы «Люблю цябе, мой горад родны» спецыяльна падрыхтаванай да дня нараджэння горада і раённага свята «Дажынкі-2011».


Яшчэ не паспелі майстры народнай творчасці аформіць свае выставы, як да іх пацяклі ручаіны цікаўных гараджан і гасцей горада. Многае было падрыхтавана навучэнцамі ўстаноў адукацыі і работнікамі аддзела культуры. Асабліва шмат уражанняў засталося ад выставы дамашніх жывёл, сельскагаспадарчай тэхнікі і іншых. Агледзеўшы прапанаваныя арганізатарамі выставы, усе кіруюцца на цэнтральную плошчу, дзе і адбылася галоўная дзея свята.


Шэсцем працаўнікоў сельскай гаспадаркі ды ўручэннем караваяў распачалося раённае свята “Дажынкі-2011”. Не адзін год гэтая ўрачыстасць і свята горада ідуць побач, і яна займае асаблівае месца ў грамадскім жыцці раёна. Пачэснае права адкрыць “Дажынкі-2011” прадастаўлена старшыні раённага выканаўчага камітэта Мікалаю Міхайлавічу Какору. Ён адзначыў, што нягледзячы на ўсе складанасці бягучага года хлебаробы раёна вырасцілі добры ўраджай. І сённяшняе ўшанаванне лепшых працаўніркоў вёскі – гэта даніна павагі самаахвярнай працы хлебаробаў, якія на высокім узроўні правялі жніво. Несумненна, дасягнутае на збожжавым палетку найперш не толькі вынік працы сялян, але і вынік той пастаяннай падтрымкі дзяржавы, якая аказваецца аграрнай галіне. Адзначыў старшыня райвыканкама і той факт, што два гады запар прадстаўнікі Жыткаўшчыны прымаюць удзел у галоўным свяце хлебаробаў краіны.


Урачыстасць працягваецца запрашэннем на сцэну пераможцаў і прызёраў прайшоўшага жніва. Ім уручаюцца заслужаныя ўзнагароды. Гучаць пажаданні хлебаробам, каб на нашай зямлі яшчэ больш важкімі былі ўраджаі ўсіх культур. Словы падзякі ўдала падмацаваны канцэртнымі нумарамі, якія падаравалі вяскоўцам самадзейныя артысты ўстаноў культуры раёна. Нездарма ж кажуць, калі ёсць хлеб, то за песняй справа не стане.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.