Перадаць дзецям любоў і майстэрства

Пры знаёмстве з Аляксандрам Ігнаткевічам, гледзячы на яго статную, дужую паставу, міжволі падумалася: “Вось такім і павінен быць сапраўдны спартыўны чалавек – зграбным, падцягнутым, якога да таго ж і ростам Бог не пакрыўдзіў…”


А яшчэ Аляксандр здаўся сціплым, нават сарамлівым. Не любіць ён прыгожа і доўга расказваць пра сябе. Ну хто ён такі? Просты выкладчык-трэнер спецыялізаванай навучальна-спартыўнай установы “Дзіцячая юнацка-спартыўная школа горада Жыткавічы”, з якою, дарэчы, ён падтрымліваў цесныя сувязі з самага дзяцінства. Ужо з другога класа, калі вучыўся ў Жыткавіцкай сярэдняй агульнаадукацыйнай школе №1, пачаў наведвацца сюды. Летам гулялі ў футбол, а зімой у хакей. У іхнім класе з 30 вучняў 10 хлопчыкаў былі падлеткамі спартыўнымі, амаль усе наведвалі спартыўную школу, якая знаходзілася па суседству з іх навучальнай установай. Ды не ўсе вытрымалі выпрабаванне спортам, што называецца, сышлі з дыстанцыі. А ён, Аляксандр, застаўся верным сваёй спартыўнай школе, абранаму ім футболу як самаму лепшаму на свеце віду спорта. Удзельнічаў у розных спартакіядах як на раённым, так і на абласным узроўнях.


— Пасля школы здаў экзамены і стаў студэнтам інстытута, а закончыў ужо акадэмію, якая зараз завецца Беларускім дзяржаўным універсітэтам фізічнай культуры, — не без гумару апавядае Аляксандр Міхайлавіч. — Вучыўся на фізічным факультэце на аддзяленні футбола. Вучыцца было цікава, тэорыю сумяшчалі з практыкай, займаліся ў розных спартыўных школах.


Затым быў год службы ў арміі, у ваенна-паветраных сілах, пасля якой Аляксандр Ігнаткевіч і пачаў працаваць трэнерам па футболу ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе. Яго выхаванцы – гэта ў сваёй пераважнай большасці вучні школ райцэнтра. Выкладае ім агульную фізічную падрыхтоўку, гуляюць у футбол, баскетбол, хакей. Выкарыстоўваюць для гэтага спрыяльны час, у асноўным пасляабедзенную пару, хаця бывае што і зранку, у залежнасці ад таго, як займаюцца вучні. Згодна загадзя зацверджанага распарадку, заняткі гэтыя праводзяцца як на стадыёне, так і ў двары яго былой школы. Праблемай нумар адзін застаецца адсутнасць добрай спартыўнай залы пад дахам у нашым горадзе. А стадыён – справа сезонная, пачынае псавацца надвор’е, пайшлі дажджы і жадаючых займацца футболам адразу паменела. Застаюцца толькі спартыўныя залы школ, дзе ў футбол не пагуляеш. Ды і ў пасёлак Чырвонае ўвесь час не наездзішся…


Працяг настаўніка, як вядома, у яго вучнях. Аляксандр Міхайлавіч, безумоўна, бывае вельмі задаволены, калі штогод 1-2 з яго выхаванцаў паступаюць вучыцца ў Мазырскае вучылішча алімпійскага рэзерву. Але, як сцвярджае ён самакрытычна, трэба яшчэ працаваць і працаваць, каб гэтыя маленькія зорачкі сталі сапраўднымі зоркамі ў футболе, пайшлі вышэй і прынеслі заслужаную славу нашаму раёну. І для гэтага ён не шкадуе сваіх сіл і часу, каб перадаць дзецям любоў да спорту і ўласнае майстэрства.


— Аляксандр Ігнаткевіч – адзін з лепшых нашых работнікаў, — гаворыць дырэктар спартыўнай школы Анатоль Ярмош. — Чалавек вельмі працалюбівы, надзейны, які не падвядзе ні ў якіх умовах і якога любяць дзеці.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.