Пераможцам стаць не проста

Імёны механізатараў адкрытага акцыянернага таварыства “Тураўшчына” Уладзіміра Кірыловіча і Міхаіла Клімовіча даўно прапісаліся ў ліку лепшых хлебаробаў раёна. І гэтага яны дабіліся дзякуючы найперш стараннай працы на ўборцы зерневых і зернебовых культур. І сёлета гэтыя камбайнеры сярод лідараў раённага працоўнага спаборніцтва на жніве.


— Свой КЗС механізатары даўно паставілі на захоўванне. Цяпер у іх іншыя клопаты — працуюць на ўраджай будучага года. Калі ўлічыць, што за Уладзімірам і Міхаілам замацаваны энерганасычаныя трактары, то і ўклад механізатараў у агульную справу на палетках даволі адчувальны.


Заўсёды прыемна працаваць, калі ўраджай багаты, — кажуць хлебаробы. – Толькі яго спачатку патрэбна вырасціць. У гэтым годзе мы пастараліся, зерневыя ў гаспадарцы былі намнога лепшымі чым летась. Стараемся, каб і ў наступным годзе яны парадавалі яшчэ большай аддачай.


Наша размова адбылася з механізатарамі ранкам у гаражы таварыства, перад самым выхадам у поле. Было бачна, як грунтоўна рыхтуюцца да працы Кірыловіч і Клімовіч, як даражаць кожнай хвілінай. Вось так і на жніве, нават яшчэ з большай адказнасцю ставіліся яны да выканання сваіх абавязкаў. Заканчвалі працу зацемна, а зрання, калі сонца яшчэ толькі выкідвала свае першыя праменні, — яны ўжо знаходзіліся на машынным двары.


Першае, што рабілі, клапаціліся пра стан свайго камбайна, правяралі вузлы і агрэгаты, рэгулявалі іх, ухілялі паломкі. І машына бездакорна працавала на палетку, не падводзіла хлебаробаў.


— Нялёгкім было сёлетняе жніво, — гавораць Уладзімір і Міхаіл. — Вельмі расчароўвала надвор’е. Дажджы ледзь не праз дзень лілі. Таму ў пагодны час працавалі з падвоенай энергіяй, каб не страціць хлеб у полі.


Гэта дапамагло камбайнерам дабіцца добрага намалоту, нават большага на некалькі соцень тон чым летась.


Тры гады Клімовіч і Кірыловіч працуюць разам на жніве. І заўсёды дабіваюцца добрых вынікаў.


— Канечне, працоўныя перамогі натхняюць на яшчэ больш высокія дасягненні, але даюцца яны не так і лёгка, канкурэнцыя збоку калег, — кажа Уладзімір Кірыловіч. — Але тым прыемней перамога.


У гэтым ёсць, праўда, свой сэнс. З высокім хваляваннем прымалі камбайнеры сёлета віншаванні і падарункі прама ў полі, калі намалацілі першую тысячу тон зерня.


— Словамі гэтых адчуванняў не перадаць, — гаворыць Міхаіл Клімовіч, — усё так урачыста, цёпла прайшло. Несумненна, і такія мерапрыемствы дапамагаюць дабівацца належнага выніку. Увогуле, у гаспадарцы на сёлетнім жніве было арганізавана ўсё вельмі выдатна, таму і працавалася адпаведна.


І Кірыловіч, і Клімовіч ведаюць адно, што толькі гультай ды п’яніца сёння дрэнна жывуць на вёсцы. А калі плённа працуеш, то і заможнасць у хаце будзе, і павага ў калектыве. Канечне ж, спадзяюцца гэтыя хлебаробы на яшчэ больш значныя працоўныя перамогі ў будучым. Па тым старанні, з якім шчыруюць Кірыловіч і Клімовіч на палетках таварыства, можна не сумняваца, усё ў іх атрымаецца.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.