Так прыходзіць майстэрства

У перасоўнай механізаванай калоне №97 рыхтаваліся да дня кіраўніка, таму ў першую чаргу прыводзілі да ладу адміністрацыйны будынак прадпрыемства. Разам з другімі шчыравала і яна – тынкоўшчык-маляр Галіна Зайцава. Нельга было не залюбавацца работай гэтага адмысловага майстра – сапраўдны мастак. Пасля яе ўпэўненай, філіграннай работы шэрая сцяна будынка ператварылася на вачах у сапраўдную карціну.


Як высветлілася з далейшай размовы з Галінай Адамаўнай, яна не адразу знайшла сваю сапраўдную дарогу ў жыцці. Нарадзілася ў Жыткавічах, тут і закончыла 8 класаў сярэдняй школы №1, пасля якой стала студэнткай Палескага саўгаса-тэхнікума, што ў Калінкавічах. За тры з паловаю гады вучобы атрымала як сярэднюю адукацыю, так і спецыяльнасць заатэхніка.


З першых дзён працоўнай біяграфіі дзяўчыне давялося прайсці нялёгкія жыццёвыя ўніверсітэты: у саўгасе “Круглянскі”, што на Магілёўшчыне, працавала адразу заатэхнікам і загадчыцай фермы. Менавіта там навучылася паважаць людзей працы, зведала, якой цаною здабываецца кожны сумленны рубель, прайшла сапраўдную загартоўку. Тры гады аддала яна рабоце ў сельскай гаспадарцы. Затым выйшла замуж і нябачным магнітам пацягнула на радзіму. Пераехалі ў Жыткавічы, дзе жывуць і працуюць зараз.


— Спачатку ў нашай ПМК працавала вучаніцай тынкоўшчыка-маляра, — успамінае Галіна Адамаўна. — Я вельмі ўдзячна сваёй першай настаўніцы ў гэтай справе Надзеі Сямёнаўне Русай. Менавіта ў яе вучылася свайму новаму рамяству. Сачыла за дзіўнымі рухамі яе рук і нават не верылася: няўжо і ў мяне гэтак з цягам часу атрымаецца?


Неяк нечакана для сябе жанчыну захапіла яе новая работа. А з цягам часу прыйшла ўпэўненасць у сваіх здольнасцях, што драмалі да гэтага часу недзе далёка ў глыбіні душы. Нават маленькія перамогі робяць чалавека моцным і з цягам часу прыйшло майстэрства, якое хацелася ўвесь час адточваць і шліфаваць. І вось ужо нароўні з другімі, старэйшымі жанчынамі яна спрытна, умела тынкуе, фарбуе, клеіць шпалеры. А ад сказанага своечасова добрага, пахвальнага слова, здаецца, вырастаюць крылы і хочацца працаваць яшчэ больш і лепей.


Увогуле ў іх, маляроў-тынкоўшчыкаў, работа як цікавая, у нейкім сэнсе творчая, так і надзвычай адказная, якая ў рэшце рэшт і фарміруе для забудоўшчыкаў-навасёлаў канчатковы імідж іхняй будаўнічай арганізацыі. Бо іхнія работы – на самым завяршальным этапе, пасля якога ў пакоі новай кватэры і ўваходзяць гаспадары. Так што Галіна Адамаўна Зайцава, якая чвэрць стагоддзя аддала справе, стараецца годна трымаць як марку сваёй брыгады, так і калоны ў цэлым.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.