Вольны час з карысцю

Штодня жыхары аграгарадка Ленін наведваюць мясцовую ўстанову культуры. Яна ўжо не адзін год з’яўляецца сапраўдным цэнтрам адпачынку для жыхароў населенага пункта ўсіх узростаў.


Асабліва шматлюдна ў Ленінскім маладзёжным цэнтры культуры, калі там ладзяцца ўрачыстасці з нагоды розных святочных дат. Апошняе мерапрыемства было прысвечана Дню маці. Прайшло яно ва ўстанове з вялікім размахам. Павіншавалі маці на ім старшыня Ленінскага сельсавета Уладзімір Нямчэня, іншыя мужчыны, дзеці. А потым быў цудоўны канцэрт, які падрыхтавалі самадзейныя артысты цэнтра культуры. Усе нумары вельмі спадабаліся гледачам, якія аддзячвалі артыстаў апладысментамі.


Мясцовы самадзейны калектыў з’яўляецца гонарам установы і карыстаецца вялікай папулярнасцю ў ленінцаў. І гэта зразумела, бо ў мастацкай самадзейнасці прымаюць удзел літаральна ўсе слаі насельніцтва.


Гэта і ветэраны працы, настаўнікі, школьнікі, медработнікі і іншыя. Пад кіраўніцтвам дырэктара ўстановы яны пастаянна адточваюць, павышаюць сваё вакальнае майстэрства, распрацоўваюць новыя канцэртныя праграмы. Хочацца адзначыць і тую ролю, што аказаў на развіццё мастацкай самадзейнасці ў нашым населеным пункце раённы аддзел культуры, які забяспечыў артыстаў касцюмамі для выступленняў.


Круглы год у цэнтры культуры працуюць розныя гурткі і клубы па інтарэсах. У іх можна навучыцца хораша спяваць, танцаваць, а таксама тэатральнаму мастацтву. Узрост удзельнікаў гэтых фарміраванняў самы розны: займаюцца ў іх вучні ад першага да адзінаццатага класа мясцовай школы, ветэраны, працаўнікі сельскай гаспадаркі, лясніцтва, сельскага Савета. І нягледзячы на розны від працоўнай дзейнасці, усе яны знаходзяць у цэнтры культуры сабе занятак па густу.


Канечне, прыцягвае людзей ва ўстанову культуры і тое, што апошнім часам тут правялі вялікі рамонт і цэнтр значна папрыгажэў. Гэта для наведвальнікаў таксама мае немалаважнае значэнне. Бо кожны жыхар аграгарадка Ленін, расчыняючы дзверы сваёй установы культуры, ведае дакладна, што свой вольны час тут ён правядзе з карысцю, весела і атрымае добры зарад бадзёрага настрою.


А. РУДЗІНСКАЯ, старшыня ветэранскай арганізацыі Ленінскага сельсавета.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.