Вынік стараннасці

Сёлетняе жніво для вадзіцеля КСУП “Чырвоны Бор” Анатоля Макарэвіча адзначалася чарговым працоўным рэкордам. На сваім аўтамабілі МАЗ-556 ён перавёз 737 умоўных тон зерня.


Анатоль не стаў шукаць шчасця ўдалечыні. Звязаў лёс са сваёй жа вёскай. Адразу, як атрымаў вадзіцельскае пасведчанне, уладкаваўся на працу ў сельгаспрадпрыемства “Чырвоны Бор”. У гаспадарцы з задавальненнем прынялі маладога вадзіцеля, паколькі працалюбівыя рукі былі вельмі патрэбны. Канечне ж, кіраўніцтва пастаралася зацікавіць новага работніка і адразу, як толькі выдалася магчымасць, выдзеліла яму новы аўтамабіль. Вось на ім і працуе цяпер Анатоль і даволі плённа.


Выконвае самыя розныя работы, але найбольш працы летам. З пачаткам корманарыхтоўкі на сваім МАЗе ён перавозіць травяную масу, на жніве – збажыну.


— Цяперашняя ўборка зерневых культур нічым асаблівым не адрознівалася ад іншых, вось толькі дажджы ішлі часцей, — гаворыць вадзіцель. — Але працаваць было намнога прыемней, бо ўраджай на палетках вырас намнога лепшы, чым летась. Калі дазваляла надвор’е, прыходзілася працаваць амаль да апоўначы.


Перавозіў Макарэвіч зерне не толькі з поля на збожжаток, але дастаўляў хлеб пасля дапрацоўкі ў склады. Дзякуючы стараннасці паспяваў усюды.


У яго няма звычкі дзяліць рэйсы на зручныя і нязручныя. Яму сказалі – ён аператыўна і добрасумленна выконваў. Машыну сваю Макарэвіч заўсёды трымае ў спраўным стане. Своечасова яе памые, пачысціць, а калі неабходна, і парамантуе. Ад адносін да тэхнікі, як лічыць вадзіцель, многае залежыць у яго працы. Анатоль карыстаецца павагай сярод калег. Безумоўна, яна прыйшла не ў адно імгненне, а дасягалася гадамі стараннай і выніковай працай.


Што звязаў сваё жыццё з сялянскай хлебаробскай справай, Анатоль Анатольевіч не шкадуе. Бо бачыць, як кіраўніцтва гаспадаркі імкнецца палепшыць умовы працы работнікаў, умацоўваць матэрыяльную базу, будуецца жыллё. Вадзіцель добра разумее, што, каб гэты працэс працягваўся і ў далейшым, неабходна з кожным годам дабівацца ўсё лепшых і лепшых паказчыкаў на вытворчасці, якая з’яўляецца асновай эканамічнай стабільнасці. У Макарэвіча гэта атрымліваецца добра, аб чым сведчыць і цяперашняе працоўнае дасягненне на жніве. С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.