Вынік ствараецца на месцах

Шырокае кола пытанняў жыццядзейнасці раёна было разгледжана на апаратнай нарадзе, якую правёў старшыня райвыканкама Мікалай Какора ў мінулы панядзелак.


Пачалося мерапрыемства невялікай урачыстасцю. Кіраўнік раёна і прысутныя на нарадзе павіншавалі начальніка фінансавага аддзела райвыканкама Галіну Карасёву з днём нараджэння.


Разгляд надзённых спраў распачаўся з аналізу вынікаў работы па адміністрацыйнай практыцы, а таксама дзейнасці мабільнай групы райвыканкама. Падчас апошняга рэйду яе членамі выяўлены выпадкі знаходжання работнікаў на вытворчасці ў нецвярозым стане. Гэта на пілараме КСУПа “Дзякавічы” і на прадпрыемстве меліярацыйных сістэм. Віноўныя, як запэўнілі кіраўнікі арганізацый, панеслі заслужанае пакаранне. Дарэчы, да дырэктара сельгаспрадпрыемства “Дзякавічы” М. Кудзелькі былі выказаны нараканні за беспарадак, які маецца на пілараме. Кіраўнік раёна запатрабаваў неадкладна заняцца там добраўпарадкаваннем, а таксама папярэдзіў аб недапушчальнасці ў далейшым выпадкаў п’янства на вытворчасці. “Такія выпадкі — вынік аслабленага кантролю з боку спецыялістаў за сваімі работнікамі, якіх дапусцілі да працы на такім небяспечным аб’екце, — зазначыў Мікалай Міхайлавіч. — І добра, што факты парушэння дысцыпліны былі выяўлены своечасова”.


— За мінулы тыдзень усімі службамі, якія маюць права прымяняць адміністратыўную практыку, складзена 29 пратаколаў і выдадзена 183 прадпісанні, — агучыў вынікі гэтай дзейнасці Аляксандр Палтаран, упраўляючы справамі райвыканкама. З пачатку года складзена пратаколаў і прадпісанняў 11368. Па васьмі тысячах з іх парушэнні ўхілены.


Разам з тым, як адзначалася на нарадзе, гэтая работа вядзецца нездавальняюча. Крытыкаваліся старшыні сельсаветаў, спецыялісты камунальнай гаспадаркі. Хаця працаваць над добраўпарадкаваннем населеных пунктаў яшчэ патрэбна шмат, аб чым і засведчылі паказаныя фотаздымкі. Парушэнні санітарнага парадку на гэты раз былі выяўлены на вуліцы Пралетарскай райцэнтра, шэрагу іншых у мікрараёне Паўночны. Жыхары апошніх ператварылі вуліцы ў склады для дроў і будаўнічых матэрыялаў. Безумоўна, патрабаванне наводзіць парадак паўсюдна і надалей не страціць сваёй актуальнасці.


Уладзімір Кулеш далажыў на нарадзе пра становішча з надзвычайнымі сітуацыямі на тэрыторыі раёна. На мінулым тыдні зарэгістравана два пажары. Працавалі і назіральныя камісіі. Імі абследавана 78 дамоў, 16 з іх грамадзян, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы. З пачатку года назіральнымі камісіямі праверана 1919 аб’ектаў, выяўлена амаль дзевяць тысяч розных парушэнняў. А вось справа з іх ухіленнем складваецца не так бліскуча – выпраўлена 2200 парушэнняў.


Невыпадкова, што кіраўнік раёна задаўся пытаннем: як жа працуюць назіральныя камісіі, калі такі нізкі плён іх працы. Ды і ў разрэзе сельсаветаў справаздачы вельмі стракатыя. Напрыклад, у Людзяневіцкім Савеце ўхілена 400 парушэнняў, якія выявілі камісіі, а ў Чырвоненскім — толькі дваццаць, хаця абследавана амаль аднолькавая колькасць аб’ектаў. Гэта яшчэ адно сведчанне пра зацікаўленасць кіраўнікоў мясцовай улады ў выніках дзейнасці.


Абмеркаванне спраў у аграрнай галіне на нарадзе распачалося з вытворчасці малака. На жаль, працаўнікам ферм пакуль не ўдаецца выйсці на тыя паказчыкі, што ад іх патрабуюцца. Паспяшацца варта аграрыям і на палетках, дзе яшчэ патрэбна ўбраць кукурузу, бульбу і агародніну. Важна, каб апошнія былі своечасова пакладзены на захоўванне. Перад кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў пастаўлена задача пастарацца за кошт прадажы бульбы і агародніны выплаціць заробкі без прыцягнення на гэтыя мэты крэдытаў.Адным з ключавых момантаў нарады быў стан правапарадку на тэрыторыі раёна. 124 звароты паступіла за мінулы тыдзень у Жыткавіцкі РАУС. Заведзена 10 крымінальных спраў, 6 з якіх раскрыты па гарачых слядах. Працавалі супрацоўнікі міліцыі і па выяўленню п’яных вадзіцеляў, вялі пошук бясследна знікшай жыхаркі в. Хлупін, правяралі, як працуе варта на прадпрыемствах і гэтак далей.


На апаратнай нарадзе разгледжаны пытанні эканамічнага развіцця раёна, будаўніцтва, дзейнасці камунальнай службы па падрыхтоўцы да ацяпляльнага сезону, а таксама працаўладкавання працаздольнага насельніцтва ў вёсках і іншае.


Падрыхтавана па матэрыялах райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.