Яго цагліны ў будынку горада

Малюнак, які не можа не радаваць кожнага нераўнадушнага да свайго горада чалавека: Жыткавічы дружна прырастаюць мікрараёнам Азёрны, у якім новыя дамы ўзнімаюцца адзін за другім вышэй сасняку, што шчыльнаю сцяною калышацца па-над сажалкамі. Вось чаму знайсці вагончык брыгадзіра Пятра Малочкі з ПМК-76 было не так і лёгка. Давялося добра-такі паблукаць па будаўнічых пляцоўках, пакуль мы не спыніліся ля яго бытоўкі, якая, па вядомым законе, была апошняю на нашым шляху…


Быў абедзенны перапынак, будаўнікі як мае быць падсілкаваліся і выйшлі з вагончыка на свежае паветра перакурыць.


— Вось кладзем падушкі, а калі больш зразумела, закладваем фундамент пад новы 40-кватэрны дом у 2 пад’езды, — дае няспешны каментарый Пётр Рыгоравіч, які за доўгія гады работы на новабудоўлях адчувае і тут сябе быццам рыба ў вадзе. — А гэтыя два новыя дамы, што побач, таксама нашы. Вось гэты пафарбаваны 45-кватэрны ў 3 пад’езды здаецца зараз, а суседні 40-кватэрны на 2 пад’езды – праз месяц. А наш новы, згодна нарматыўных тэрмінаў, мы павінны “нарадзіць” праз 9 месяцаў. Гэта раней дамы маглі будавацца гадамі. А зараз тэрміны – закон. Да таго ж гэта і нашы прэміі, і своечасовае фінансаванне, і новыя аб’екты і аб’ёмы работ.


Які па ліку будзе гэты новы дом на рахунку будаўніка і брыгадзіра Пятра Малочкі? На жаль, не ведае ён такой статыстыкі. А за плячыма 35 гадоў работы муляра. Родам Пётр Рыгоравіч з Брагінскага раёна. Пасля сярэдняй школы вясковы юнак закончыў прафесійна-тэхнічнае вучылішча ў Рэчыцы, пяць гадоў працаваў трактарыстам, затым вырашыў перакваліфікавацца і пачаў з памочніка муляра.


— Што трэба, каб стаць добрым муляром? — паўтарае маё пытанне адмысловы майстар. — Толькі адно – жаданне. Ведаеце, у нас ёсць рабочыя, якія па 7 гадоў працуюць толькі рыдлёўкай. Кажу: “Бяры кельму і пачынай лажыць цэглу”. Не хоча. А другі бярэцца з энтузіязмам. Праходзіць два-тры месяцы і пайшла справа.


Ажаніўшыся, Пётр Рыгоравіч у 1978 годзе пераязджае і жыве ў Жыткавічах. У адным з дамоў у мікрараёне Зубраня, які і ўзводзіў разам са сваімі калегамі. Дарэчы, у гэтым мікрараёне ні адзін цагляны дом не абышоўся без шурпатых рук умелага муляра. У Азёрным будаваў інтэрнат, паліклініку. Тады ён працаваў у будаўнічай брыгадзе Жыткавіцкага маторабудаўнічага завода, а ў 1992 годзе перайшоў у ПМК-76, дзе шчыруе і па сённяшні дзень.


Зараз у комплекснай брыгадзе Пятра Малочкі 14 чалавек. Асяродак складаюць муляры і цесляры-бетоншчыкі – трэба ж і апалубку ставіць, і бетон прымаць. Па шляху бацькі пайшоў і яго сын Андрэй, які працуе муляром у яго брыгадзе. У бацькі шосты разрад, у сына пяты, а гэта значыць, што на пяткі ўжо наступае…


Штогод паміж перасоўнымі механізаванымі калонамі акцыянернага таварыства “Гомельсаўгасбуд” праводзіцца конкурс прафесійнага майстэрства “Лепшы муляр”. Сёлета ён праходзіў на будаўнічым аб’екце ПМК-43 горада Калінкавічы. Шэсць звенняў, па два муляры ў кожным, з трох ПМК аспрэчвалі права на першынство быць лепшымі па прафесіі. І не можа нарадавацца Пётр Рыгоравіч, што лідарства, як і летась, утрымаў яго сын Андрэй разам са сваім напарнікам. Яны былі ўзнагароджаны дыпломам першай ступені і грашовай прэміяй.


Хутка, у кастрычніку бягучага года, ПМК-76 адзначыць свой 35-гадовы юбілей. Шмат добрых спраў на рахунку калоны. У тым ліку і са зробленага ў нашым райцэнтры. І нямала ў гэтым агульным будынку трывалых цаглін, пакладзеных рукою аднаго з самых вопытных будаўнікоў Жыткаўшчыны Пятра Рыгоравіча Малочкі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.