Карысныя справы пярвічкі

Не пакінуць без увагі ніводнага былога працаўніка свайго калектыва – вось ужо некалькі гадоў запар працуе па такім прынцыпе пярвічная ветэранская арганізацыя Жыткавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы. На справаздачным сходзе яе члены ў чарговы раз падсумавалі вынікі работы за гэты год.


Яны, па словах старшыні ветэранскай пярвічкі Ніны Махнач, радуюць. Дарэчы, кіраўніку арганізацыі было надзвычай лёгка трымаць справаздачу перад прысутнымі, бо за акрэслены вышэй перыяд было здзейснена нямала карысных і добрых спраў. Ветэранскім актывам шмат увагі ўдзялялася вырашэнню бытавых праблем медработнікаў, якія пайшлі на заслужаны адпачынак. Такім людзям неаднойчы аказвалася матэрыяльная дапамога, дасылаліся віншаванні з нагоды святаў і юбілеяў. Даволі часта актывісты пярвічкі наведваліся да былых калег дадому. Канечне ж, не з пустымі рукамі, а з падарункамі ды канцэртнымі нумарамі. Вось і на самім сходзе траіх ветэранаў павіншавалі з днём нараджэння і ўручылі ім падарункі.


Нямала сіл прыкладвалася кіраўніцтвам пярвічнай ветэранскай арганізацыі бальніцы па прыцягненню былых калег у культурна-масавую работу. Адзін толькі конкурс “А-ну, бабулі!” чаго варты. У ім каманда ветэранаў-медработнікаў сапернічала з прадстаўнікамі іншых ветэранскіх арганізацый горада. Творчае саперніцтва запомнілася тады гледачам сваёй відовішчнасцю, імправізацыяй, а таксама таленавітасцю ўдзельніц.


Зразумела, што пералічыць усе справы, якія здзейснілі ветэраны пярвічкі бальніцы за год, даволі цяжка ў рамках невялікага артыкула. Але важна адзначыць, што яны адбыліся дзякуючы цеснай сувязі кіраўніцтва арганізацыі з адміністрацыяй бальніцы, якую ўзначальвае Мікалай Бабенка, прафсаюзным камітэтам установы, старшынёй якога з’яўляецца Канстанцін Грамак. Менавіта іх усебаковая падтрымка кожнага пачынання ветэранаў і дапамагла ажыццявіць задуманае. Скажам, што ў Жыткавіцкай ЦРБ заўсёды рады бачыць сваіх калег, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку, а ветэранскі актыў толькі мацнейшымі і трывалейшымі робіць такія стасункі. Менавіта на гэтым зрабіў акцэнт старшыня прафкама ЦРБ Канстанцін Грамак, які выступіў на ветэранскім сходзе, спыніўся на тых накірунках дзейнасці прафкама, адміністрацыі ўстановы і ветэранскай пярвічкі, якія патрэбна яшчэ рэалізаваць. Высокую адзнаку рабоце ветэранскага актыву медработнікаў даў і старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Адам Купрацэвіч, які прысутнічаў на мерапрыемстве. Ды і самі члены арганізацыі не скупіліся на словы пахвалы, калі гаварылі пра дзейнасць сваіх актывістаў.


Зразумела, што такая адзнака па заслугах. Толькі ветэранскі актыў Жыткавіцкай ЦРБ на дасягнутым спыняцца не збіраецца. А значыць, патрэбна чакаць у будучым яшчэ больш разнастайных добрых і карысных спраў.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.