Краса яе ўзораў

Захапілася вышываннем Евяліна Забеліч яшчэ ў дзяцінстве. І з гадамі цяга да гэтага рамяства толькі ўзмацнялася, а з-пад працавітых рук жанчыны выйшла мноства надзвычай прыгожых рэчаў.


У любую пару года хата Евяліны Рыгораўны зіхаціць рознакаляровымі фарбамі адмысловых кветак. Яны, нібы жывыя, усміхаюцца гасцям і гаспадыні з посцілак, занавесак, сурвэтак, выпраменьваючы тую цеплыню і любоў, якімі іх надарыла жанчына, калі стварала гэтую прыгажосць пры дапамозе іголкі і нітак. Як кажа майстрыха, яна пражывае ў Перарове, ёй вельмі пашанцавала на настаўніцу, якая не толькі навучыла ўсім сакрэтам гэтай справы, а самае галоўнае прывіла да яе любоў.


Пачалося ўсё ў дзяцінстве, калі яшчэ школьніцай Забеліч завітала да адной сваёй аднавяскоўкі. Там дзяўчынка ўбачыла, як тая прыгожа ўмее вышываць. Папрасіла навучыць і яе. Калі атрымала станоўчы адказ, шчыра ўзялася за навуку.


— Мая маці не ўмела так прыгожа рабіць, — расказвае Евяліна Рыгораўна. — Ды і ў каго ёй беднай сіраціне было вучыцца. Парабкавала больш у заможнага гаспадара з Кольна — пасвіла кароў, авечак. Ткаць, шыць навучылася ўжо, калі выйшла замуж за майго бацьку і пераехала ў Перароў. Тады для любой жанчыны такія навыкі былі неабходны, бо ўсе жылі з уласнай гаспадаркі. На крамнае грошай у сялян не было. Мая ж цяга да вышывання склалася больш ад любві да прыгожага.


Свае першыя вырабы перароўская вышывальшчыца і да гэтага часу беражна захоўвае. Нялёгка яны ствараліся.


— Нітак не было, прыйшлося распусціць на іх старую матчыну кофту. Узяла кусок матэрыі і распачала справу. Не ўсё адразу атрымлівалася, але якой была вялікай радасць, калі самастойна закончыла сваю першую накідку, — дзеліцца ўспамінамі Евяліна Рыгораўна. — А потым усё наладзілася, чым больш шыла, тым лепей выходзілі вырабы.


Іх у Евяліны Рыгораўны шмат. Традыцыя такая ў вёсцы ёсць, што бабуля ўнукам абавязкова павінна на вяселле падараваць прыгожа аздоблены ручнік, каб пакрыць ім ікону. І тут адным адмысловым узорам не абыдзешся, яшчэ і канцы патрэбна як след апрацаваць. Таму асвоіла майстрыха і пляценне кручком, каб канцы ручнікоў, сурвэтак, посцілак аздабляць. Дарэчы, зараз Евяліна Рыгораўна заканчвае чарговы свой ручнік вышываць. Хутка ж ва ўнучкі вяселле адбудзецца, і гэты выраб менавіта да яго прымеркаваны.


Варта адзначыць, што не раз вырабленыя рэчы Евялінай Рыгораўнай выручалі яе, калі ўзнікалі матэрыяльныя складанасці. Усё ж адна дваіх дзяцей падымала на ногі. Выводзіла іх у жыццё. Калі вучыўся сын, давала яму на продаж ручнікі, карціны, сурвэткі, каб у таго была нейкая капейка на студэнцкае пражыванне. З ахвотай набывалі вырабы, якія прапаноўваў сын. Хаця Евяліне Рыгораўне яны нялёгкай працай даставаліся. Не адну ноч даводзілася пасядзець, каб давесці да ладу чарговую рэч.


— Бывала, сяджу позна, вышываю, а маці гаворыць: «Ішла б ты спаць, дачушка». А справа так зацягвае, хочацца вось яшчэ лісток дакончыць, а потым яшчэ. Нават не заўважаеш, як час бяжыць. А заўтра ідзеш на працу, нібы пасля добрага адпачынку, — кажа Евяліна Рыгораўна. — А ўзоры для сваіх вырабаў сама падбіраю. Убачу на вуліцы кветачку, на паштоўцы і пераношу на палатно. Нешта не ўдаецца, ніткамі падпраўляю.


— Так, перароўская майстрыха стараецца, каб кожная вышытая ёю кветка, узор выглядалі на тканіне, як намаляваныя. І ёй гэта ўдаецца вельмі добра, у чым пераканаліся, калі Евяліна Рыгораўна дэманстравала тварэнні рук сваіх. Як яна адзначыла, што іх яна ні за што не прамяняе на магазінныя. У апошніх няма той душэўнасці, што перадаецца ад майстра вырабу ў працэсе працы над ім.


Ёсць і запаветная мара ў Евяліны Рыгораўны. Гэта, каб у іх вёсцы нехта з дзяцей палюбіў аддана і на ўсё жыццё традыцыйнае старадаўняе рамяство і прыходзіў да яе вучыцца. Як некалі гэта было з ёй. На жаль, ахвотнікаў пакуль не знаходзіцца. Але жанчына не траціць надзеі і спадзяеццца, што яе майстэрства знойдзе сваіх прадаўжальнікаў.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.