Майстры высокіх прываг

У штомесячных справаздачах райсельгасхарчу, дзе характарызуецца дзейнасць жывёлагадоўчай галіны раёна, па велічыні атрыманых прываг на вырошчванні буйнай рагатай жывёлы працаўнікі аддзялення “Хлупін” заўсёды займаюць лідзіруючыя пазіцыі. І сёлета работнікі гэтага структурнага падраздзялення сельгаспрадпрыемства “Ляскавічы” сваімі здабыткамі даказваюць, што яны сапраўдныя майстры па атрыманню высокіх прываг.


Знаёмства з дзейнасцю жывёлаводаў аддзялення адбылося на перароўскай ферме, куды запрасіла начальнік аддзялення Вольга ЧЫЖЫК.


— На гэтай ферме займаюцца вырошчваннем цялушак для ўзнаўлення асноўнага дойнага статка, — расказвае Вольга Канстанцінаўна. – Сярэдняе пагалоўе, якое тут утрымліваецца, складае прыкладна чатырыста цялушак. 300 галоў глыбокасцельных цялушак мы ўжо адправілі на малочнатаварную ферму сельгаспрадпрыемства. Усе цёлкі адпраўляем туды вагой не меней за 380 кілаграмаў ва ўзросце пятнаццаці месяцаў. Гэта сведчанне таго, што калектыў фермы працуе тэхналагічна.


Узначальвае перароўскую ферму вопытны і адказны спецыяліст Тамара Масла. Яна ж выконвае і абавязкі тэхніка-асемянатара. Добрасумленна працуюць на ферме і жывёлаводы. Васіль Казлоў, Святлана Плех, Мікалай Голад. Менавіта на іх плячах і ляжыць увесь тэхналагічны працэс на ферме. Дарэчы, уся жывёла тут утрымліваецца на мяккай саламянай падсцілцы бяспрывязна, што накладвае адбітак на працу жывёлаводаў. Менавіта яны забяспечваюць належны мікраклімат у памяшканнях, бо пастаянна падтрымліваюць тут парадак, своечасова падсцілаюць цялушак. Своечасовасць выканання ўсіх работ — адна з галоўных састаўных поспеху ўсёй работы. Рэжым працы выконваецца бездакорна. Кармы паступаюць згодна распарадку. Раздаюцца яны механізавана. У рацыёне цялушак паўнацэнныя кормасумесі, збалансаваныя па ўсіх спажыўных рэчывах. А яшчэ дадаткова раздаецца сена з лугавых траў.


— Сіласу, сенажу, сена ў аддзяленні назапашана дастаткова, лічы, паўтарагадовы запас, — гаворыць Вольга Канстанцінаўна. — Ды і якасць не выклікае нараканняў, бо закладвалі летам траншэі згодна ўсіх патрабаванняў і ў самыя сціслыя тэрміны. Канцэнтраты, гэта адзін з кампанентаў кормасумесяў, таксама маюцца. Таму і атрымліваем запланаваныя прывагі.


Новы напрамак у рабоце жывёлагадоўлі аддзялення — развядзенне мясных парод буйной рагатай жывёлы. Маецца яго 345 галоў, з якіх 250 выпасаецца кругласутачна, пачынаючы з мая, на адгонных выпасах. Гэты статак толькі ў кастрычніку прыганяецца на ферму для кантрольнага ўзважвання. Практыка паказвае, што на лугах жывёла адчувае сябе выдатна, а цяляты, якія знаходзяцца на падсосе, за сем-восем месяцаў дасягаюць вагі 230-260 кілаграмаў. Несумненна, патрэбна аддаць пашану пастухам, якія і ажыццяўляюць выпас жывёлы. Гэта Мікалай Забеліч, Сяргей Мешчанка і Сяргей Голад.


Ганарацца на перароўскай ферме не толькі сваімі вытворчымі здабыткамі, але і тым парадкам, які пастаянна пануе на яе тэрыторыі. Гэта таксама справа рук маленькага і дружнага калектыва. Яны не толькі штодзённа прыбіраюць тэрыторыю, сочаць за станам памяшканняў, але і высаджваюць кветкі. Гэта таксама дапамагае асноўнай рабоце. Нездарма, па выніках агляду-конкурса па добраўпарадкаванні тэрыторый Нацыянальнага парка жывёлаводам перароўскай фермы уручаны дыплом першай ступені і прэмія ў памеры мільёна рублёў. Любое старанне павінна быць і ацэнена адпаведна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.