На прынцыпах абгрунтавання і пераканання

Актывізаваць работу па розных напрамках дзейнасці, менавіта на гэтым зроблены акцэнт на нядаўна прайшоўшай нарадзе ідэалагічнага актыву раёна пад кіраўніцтвам начальніка аддзела ідэалогіі райвыканкама Леаніда ВАЛАТОЎСКАГА.


Спраў жа ў ідэолагаў прадпрыемстваў і арганізацый больш чым дастаткова. І найперш, патрэбна праводзіць растлумачальную работу з людзьмі, што дазволіць пазбягаць неабгрунтаваных зваротаў і своечасова вырашаць узнікаючыя праблемы. За прыкладамі далёка хадзіць не трэба. З 20 лістапада Гомельскі абласны вузел радыёвяшчання і тэлебачання ўвёў у эксплуатацыю на радыётэлевізійнай перадаючай станцыі ў Жыткавічах лічбавы тэлевізійны перадатчык. Гэта азначае, што ў раёне распачата трансляцыя тэлевізійных праграм у лічбавым стандарце. Зразумела, пачатак кожнай новай справы мае свае цяжкасці. Вось і ў гэтым выпадку, каб якасна прымаць тэлевізійныя праграмы ў сучасным лічбавым фармаце, гаспадарам тэлевізараў старэйшых пакаленняў выпуску патрэбна набываць спецыяльныя прыстаўкі. Гэта жыццёвая неабходнасць, бо да 2015 года згодна з Дзяржаўнай праграмай развіцця лічбавага тэлебачання тэлевяшчанне ў аналагавым фармаце будзе прыпынена. І людзям стануць даступны толькі тэлепраграмы ў лічбавым фармаце. Ідэалагічным работнікам тут варта пастарацца, каб растлумачыць у сваіх калектывах неабходнасць гэтага кроку з боку дзяржавы, каб людзі правільна ўспрынялі, што тэхнічны прагрэс не стаіць на месцы. Так, патрэбна выдаткаваць пэўную суму грошай і ўстанавіць прыстаўку, але і перспектывы найперш якаснага характару, якія адкрыюцца перад тэлегледачамі.


На прынцыпах пераканання і абгрунтавання, доказнасці павінна грунтавацца работа ідэалагічнага актыву раёна з насельніцтвам пры фарміраванні пазіцый і на многія іншыя з’явы ў нашым грамадстве. Нават па самым негатыўным. Усе ведаюць цяпер пра ВІЧ і СНІД, якую пагрозу нясе гэтае захворванне чалавеку. Але мала хто задумваецца, што гэтая небяспека знаходзіцца побач з намі, зусім блізка. Па статыстыцы ў нашым раёне дыягназ гэтага захворвання пастаўлены 44 чалавекам у 10 населеных пунктах. Прычым шэсць хворых выяўлены за апошні час. У свеце лік захварэўшых ідзе на дзясяткі мільёнаў. Роля ідэалагічнага работніка тут бачыцца ў тым, каб пастаянна даносіць да кожнага члена свайго калектыва інфармацыю, якая б дапамагла людзям адчуць пагрозу. Менавіта на нарадзе ідэалагічнаму актыву было прапанавана правесці шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на прафілактыку небяспечнага захворвання чалавека. Тым больш што разнастайных матэрыялаў для гэтага дастаткова, ідэолагу застаецца толькі данесці іх да людзей.


Поспех работы ідэалагічнага работніка ў многім складаецца і ад таго, наколькі трывалыя сувязі ў яго наладжаны з грамадскімі арганізацыямі, якія дзейнічаюць на тым ці іншым прадпрыемстве. На сумеснай працы ідэолагаў і ветэранскіх арганізацый акцэнтаваў увагу прысутных старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Адам Купрацэвіч.


Плён працы ідэолага ў многім залежыць і ад інфармаванасці аўдыторыі, дзе даводзіцца працаваць. Асноўнымі крыніцамі атрымання інфармацыі для людзей на цяперашні час з’яўляюцца газеты і часопісы. Таму на нарадзе былі абмеркаваны і пытанні правядзення падпісной кампаніі на друкаваныя СМІ на першае паўгоддзе будучага года. Абмеркавалі ідэолагі раёна і іншыя пытанні сваёй дзейнасці.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.