Накірунак – паляпшэнне працы

Шматлікія пытанні жыццядзейнасці раёна разгледжаны на апаратнай нарадзе, якую правёў старшыня райвыканкама Мікалай Какора ў мінулы панядзелак.


ЗВАРОТЫ ГРАМАДЗЯН. Інфармацыю аб рабоце са зваротамі грамадзян, што паступілі за дзесяць месяцаў у Жыткавіцкі райвыканкам, агучыла загадчык сектарам па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Вольга Зубкова. Па яе словах, тэндэнцыя па гэтым накірунку дзейнасці ў параўнанні з мінулым годам назіраецца станоўчая. Хаця, па азначэнню старшыні райвыканкама Мікалая Какоры, неабходна больш актыўна працаваць з насельніцтвам, асабліва з тымі людзьмі, якія пішуць скаргі паўторна. Неабходна па такіх зваротах разбірацца дэталёва і даваць адказы, каб у чалавека не ўзнікала больш пытанняў. Шырока пры гэтым, падкрэсліў Мікалай Міхайлавіч, службам варта скарыстоўваць для інфармавання насельніцтва мясцовыя сродкі масавай інфармацыі. Своечасова дадзеныя людзям тлумачэнні па розных пытаннях таксама адыграюць станоўчую ролю па зніжэнні зваротаў грамадзян.


АДМІНІСТРАЦЫЙНАЯ ПРАКТЫКА І ДОБРАЎПАРАДКАВАННЕ. Як адзначыў кіраўнік справамі райвыканкама Аляксандр Палтаран, усімі службамі за мінулы тыдзень складзена 34 пратаколы і выдадзена 207 прадпісанняў. Калі па пратаколах спрацавалі горш у параўнанні з папярэднім перыядам ( іх складзена на 15 меней), то прадпісанняў выдадзена болей. З пачатку года практычна кожнаму трэцяму жыхару раёна выдаваліся прадпісанні ці пратаколы.


Які ж вынік гэтай дзейнасці? Менавіта такое пытанне задаў прысутным на нарадзе старшыня райвыканкама. Ён пакуль, па яго меркаванню, не зусім здавальняючы. Хібаў у добраўпарадкаванні населеных пунктаў раёна яшчэ дастаткова. Таму што з боку кіраўнікоў сельвыканкамаў і раённых службаў заніжана патрабавальнасць за выкананнем прадпісанняў і адміністрацыйных пратаколаў. Патрэбна і наладжваць узаемадзеянне паміж вясковай уладай і кіраўнікамі прадпрыемстваў, тады многія праблемы можна будзе вырашаць значна прасцей. Увогуле, патрабаванне па навядзенні парадку на зямлі зараз павінна вырашацца ўсімі больш актыўна і плённа.


НАДЗВЫЧАЙНЫЯ СІТУАЦЫІ. За мінулы тыдзень на тэрыторыі раёна надарылася тры пажары. Самы буйны адбыўся ў Бялёве, дзе моцна пацярпела домаўладанне аднаго з жыхароў гэтага населенага пункта. Узгаранне тут распачалося з лазні. Дарэчы, гэтыя прыватныя пабудовы сталі прычынай і іншых узгаранняў. Як кажуць, не даглядзелі гаспадары.


Працавалі ў населеных пунктах і назіральныя камісіі. Імі праверана 85 домаўладанняў. У гэтыя дні супрацоўнікамі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях распачнецца работа па праверцы домаўладанняў, дзе пражываюць дзеці да 14 гадоў. Асаблівы кантроль за бяспекай пражывання ў жыллі, дзе пражываюць шматдзетныя сем’і і сем’і, што знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы.


ПРАВАПАРАДАК. 130 заяў і зваротаў паступіла за мінулы тыдзень у аддзел унутраных спраў. Заведзена 12 крымінальных спраў, восем з іх раскрыты па гарачых слядах. Сярод іх і такія злачынствы, як крадзяжы з гандлёвых кропак раёна і пошук цела дзяўчыны, якая прапала. Зараз па гэтых справах вядзецца следства.


Асаблівая ўвага была нададзена на нарадзе пры абмеркаванні пытанняў правапарадку захаванасці дзяржаўнай маёмасці. На жаль, яшчэ не перавяліся грамадзяне, якія за кошт грамадскага хочуць паправіць сваё матэрыяльнае становішча. І гэтаму спрыяе бяспечнасць, якая дапускаецца на вытворчых аб’ектах. У прыватнасці, тычыцца гэта працы вартаўнікоў, якія замест выканання сваіх абавязкаў або спяць, або проста на працы знаходзяцца п’янымі. Ды і гандлёвыя кропкі таксама патрабуюць умацавання. На гэта і павінна быць звернута ўвага кіраўнікоў найперш.


СЕЛЬСКАЯ ГАСПАДАРКА. Вынікі работы аграрнай галіны раёна за дзесяць месяцаў агучыла намеснік начальніка райсельгасхарчу па эканоміцы Галіна Чорная. Сярод іншых пытанняў, якія тычыліся работы сельскай гаспадаркі, што былі разгледжаны на нарадзе, — заканчэнне ўборкі кукурузы на зерне, уздым зябліва, вытворчасць малака, увядзенне пакінутых зямель у севазварот, навядзенне парадку на вытворчых аб’ектах гаспадарак. Тут таксама, як адзначыў Мікалай Міхайлавіч, патрэбна ісці ў накірунку паляпшэння працы.


ІНШАЕ. Акцэнт падчас разгляду пытанняў сацыяльнай абароны насельніцтва быў зроблены на нарадзе на выкананні Дэкрэта №18 і занятасці насельніцтва. Разгледжаны і пытанні дзейнасці камунальнай гаспадаркі, эканамічнага развіцця рэгіёна, працы галін культуры і адукацыі, а таксама будаўнічага комплексу.


Падрыхтавана па матэрыялах райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.