Новае аблічча лясніцтваў

Жыткавіцкі лясгас – адзін з самых лясістых як сярод аналагічных гаспадарак Гомелшчыны, так і ў цэлым у нашай рэспубліцы. Лясы тут займаюць 79,5 працэнта ад усёй плошчы. І ўсё гэта зяленае багацце закліканы ахоўваць, абараняць і прымнажаць 470 работнікаў дзяржаўнай лесагаспадарчай установы.


Нездарма кажуць: ёсць умовы – будзе поспех. У тым, што калектыў з зайздроснай па-добраму стабільнасцю штогод выконвае даведзеныя планы і заданні як па лесаўзнаўленні, так і па прамысловай дзейнасці немалую долю адыгрываюць спрыяльныя ўмовы для работы, якія створаны і прадаўжаюць паляпшацца ў кожным з 10 лясніцтваў.


Прыкметна паляпшаць добраўпарадкаванне ў сваіх службовых кабінетах і на прылягаючай тэрыторыі работнікі лесу пачалі з 2009 года. У ліку першых былі Юркевіцкае і Бялоўскае лясніцтвы. Затым да іх пакрысе далучыліся Жыткавіцкае, Людзяневіцкае, Беразняцкае. Сёлета значны аб’ем работ быў праведзены ў Ленінскім, на чарзе – Хвойкаўскае лясніцтва.


У хуткім часе новую “прапіску” набудзе Мілевіцкае лясніцтва, якое пасля афармлення неабходнай куплі перабярэцца ў новае дыхтоўнае памяшканне. Тут ужо вядзецца капітальны рамонт, устаноўлена сучасная агароджа. Для службовых пакояў заказана новая мэбля. Дарэчы, гаспадарлівыя лесаводы не адмовіліся і ад свайго былога памяшкання, якое будзе пераабсталявана ў прыпыначны пункт для паляўнічых.


Застаецца дадаць, што ў кожным лясніцтве маецца новая сучасная мэбля, для аператыўнай работы бухгалтараў і майстроў, ёсць не меней двух камп’ютараў. А ў новым 2012 годзе ў трох лясніцтвах – Людзяневіцкім, Ленінскім і Беразняцкім – запрацуюць уласныя лазні.


С. КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.