ПАЛЕШУКІ ЎШАНОЎВАЮЦЬ ТРАДЫЦЫІ

Упершыню ў нашым раёне адбылася цікавая фальклорная падзея. У вёсцы Рычоў прайшоў «Міхайлаўскі кермаш». Са старадаўніх часоў такія мерапрыемствы былі прысвечаны святому заступніку вёскі, у гонар якога і будавалася царква. Пры гэтым такое свята цесна перапляталася з язычніцтвам, калі адзначалася заканчэнне восеньскіх палявых работ. Правядзенне такога фестывалю павінна пакласці пачатак адраджэнню культурнай спадчыны нашага краю, далучаць насельніцтва да традыцый Палесся. Ініцыятарам гэтага мерапрыемства выступіў метадычны кабінет аддзела культуры райвыканкама.


«Міхайлаўскі кермаш», які праходзіў у Рычоўскім цэнтры традыцыйнай культуры, пачаўся са святочнага шэсця па вуліцах вёскі. Яго ўдзельнікі — самадзейныя артысты з вёсак Грабава, Новыя Мілевічы і Грэбень з песнямі і музыкай запрашалі мясцовых жыхароў на свята. А на чале гэтага шэсця па вёсцы пранеслі святочнае кола, сімвал урадлівасці і дабрабыту. Але ж і самі жыхары праявілі цікаўнасць да гэтага мерапрыемства, сабраўшыся ў цэнтры традыцыйнай культуры. А тут і па-сапраўднаму было што паглядзець.


Вучні і настаўнікі Рычоўскай школы арганізавалі выставу вырабаў з гародніны і садавіны (дырэктар школы Мікалай Каляда).


Асаблівую ўвагу выклікаў куток “Смачна есці”, які падрыхтавалі працаўнікі ўстаноў культуры – Хільчыцкага сельскага клуба і бібліятэкі, Старажавецкага сельскага клуба, Сямурадскага сельскага клуба і Беражэцкай бібліятэкі. Стравы нацыянальнай беларускай кухні карысталіся попытам у наведвальнікаў свята і асабліва ў юных гледачоў. Жадаючыя з задавальненнем смакавалі каўбасу па-вясковаму, фаршыраванага шчупака і іншыя прысмакі. Нездарма гаспадыні кутка Марыя Рай, Лідзія Масла, Тамара Кузёмка, Алена Якубоўская, Ларыса Гром, Галіна Акуліч, Анастасія Рыдзецкая і Інга Дубіна пастараліся на славу.


Акрамя гэтага, была падрыхтавана і выстава народнай творчасці працаўнікамі мясцовага цэнтра традыцыйнай культуры, раённага цэнтра рамёстваў, які размешчаны ў вёсцы Азяраны.


У дадатак да гэтага працаўнікі гарадскога цэнтра культуры арганізавалі бяспройгрышную латарэю, ды і ў афармленні тэрыторыі каля цэнтра культуры было зроблена нямала.


Галоўная ж падзея «кермаша» разгарнулася на сцэне цэнтра традыцыйнай культуры. Аформленая пад вясковую хату, яна і стала на працягу ўсяго выступлення самадзейных артыстаў тым незабыўным месцам, якое прыцягвала гледачоў. Яны ж па-сапраўднаму падарылі гледачам незабыўныя ўражанні.


Напачатку гэтага мерапрыемства выступіў загадчык раённага аддзела культуры Сяргей Агіевіч.


— Гэтае мерапрыемства праводзіцца з мэтай не даць традыцыям Палесся знікнуць, — адзначыў Сяргей Віктаравіч. – І жадаем такім святам прыдаць статус раённых для таго, каб сталае пакаленне падзялілася са сваімі аднавяскоўцамі традыцыямі і звычаямі.


Таксама Сяргей Віктаравіч павіншаваў мясцовых жыхароў і гасцей вёскі з гэтым святам.


Акрамя тэатралізаванага выступлення, удзел у якім прымалі мясцовыя працаўнікі ўстановы культуры Ганна Бурак, Таццяна Кажаноўская, Мікалай Бічка, Аляксей Кот і Надзея Кот, свае выступленні прадэманстравалі госці «кермаша».


Беларускія і рускія народныя песні ў выкананні вакальнага ансамбля “Скарбніца” (кіраўнік Любоў Варановіч), Грэбянёўскага сельскага клуба, народнага фальклорнага этнаграфічнага гурта “Крыніца” (кіраўнік Наталля Басарановіч) Новамілевіцкага клуба-бібліятэкі, фальклорнага калектыва “Хільчанка” (кіраўнік Кацярына Шукаловіч) Хільчыцкага сельскага клуба і бібліятэкі.


Са сцэны гучалі гумарэскі, байкі, якія таксама спадабаліся гледачам.


Асаблівую ж цікавасць выклікала выступленне народнага фальклорнага калектыва сельскага дома народных традыцый з вёскі Грабава “Стрэчанне” (кіраўнік Марыя Малькевіч). Акампаніятар Аляксандр Міхалковіч і Іван Малькевіч разам з удзельнікамі калектыва падарылі шмат яскравых уражанняў гледачам. Нават і адпускаць іх са сцэны мясцовыя гледачы не жадалі. Таму і паабяцалі самадзейныя артысты яшчэ не раз выступіць у гэтай вёсцы. Тым больш што адчулі падтрымку мясцовых жыхароў і старшыні сельвыканкама Уладзіміра Атаманчука падчас правядзення гэтага свята.


А напрыканцы гэтага мерапрыемства на сцэне была выканана фінальная песня, якая і паставіла кропку ва ўрачыстасці свята, пасля чаго жыхары Рычова пайшлі па старажытнаму звычаю да знаёмых і радні ў госці.


А. КІЦУРА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.