Пры належным старанні і аддача адпаведная

Шматлікія пытанні жыццядзейнасці раёна разгледжаны на апаратнай нарадзе, якую ў мінулы панядзелак правёў старшыня райвыканкама Мікалай Какора.


Адміністрацыйная практыка і добраўпарадкаванне.


Размова на нарадзе па гэтых пытаннях як заўсёды была даволі сур’ёзнай. Найперш былі заслуханы за неналежнае выканане рашэння райвыканкама па навядзенні парадку на зямлі кіраўнікі шэрагу прадпрыемстваў. У прыватнасці, Жыткавіцкага маторабудаўнічага завода, прадпрыемства меліярацыйных сістэм, СМУ-8, энергазбыту і энерганагляду, торфапрадпрыемства, Жыткавіцкага РКБА, “Жыткавічлес”, ДЭУ -111 і іншых. Гэтыя калектывы крытыкаваліся за слабую працу па добраўпарадкаванні ў замацаваных за імі населеных пунктах, а таксама за беспарадак на меліярацыйных аб’ектах і прыдарожных палосах.


На жаль, не дае належнага выніку і адміністрацыйная практыка, што прымяняецца адказнымі службамі да аматараў развядзення антысанітарыі. Толькі за той тыдзень складзена 47 адміністрацыйных пратаколаў, што на трынаццаць болей чым за папярэдні тыдзень, а таксама 241 прадпісанне. Практычна кожны трэці жыхар раёна ўжо атрымліваў папярэджванні ў выглядзе прадпісанняў, ці прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. Але вялікіх зрухаў і энтузіязму пакуль сярод людзей па навядзенні парадку не назіраецца. Па меркаванні старшыні райвыканкама, пэўную негатыўную ролю тут адыгрывае пазіцыя кіраўніцтва сельсаветаў, якое слаба працуе з насельніцтвам.


Адным з важных аспектаў дзейнасці сельскай улады на цяперашні дзень павінна быць праца па самаабкладанню людзей. Сабраныя грашовыя сродкі могуць таксама паспрыяць працы па навядзенні парадку. Вось толькі не ва ўсіх Саветах актыўна працуюць па сбору грошай з людзей. Гэта ў першую чаргу тычыцца Тураўскага гарадскога і Чырвоненскага сельскага Саветаў.


Хапае праблем з добраўпарадкаваннем і на гарадскіх вуліцах, тэрыторыях вакол райцэнтра. На апошніх маецца нямала несанкцыянаваных звалак, якія патрэбна найхутчэй прыбраць камунальнай службе. Актывізацыі патрабуе і праца па пасадцы дрэў у горадзе. Хаця варта сказаць, што даволі нярэдкія выпадкі, калі жыхары райцэнтра праяўляюць сапраўднае дзікунства ў адносінах да маладых пасадак. Саджанцы ламаюць, крадуць колікі, якімі тыя агароджваюцца. На жаль, не ўдалося праілюстраваць фотаздымкам гэтыя акты вандалізму на старонках газеты, бо “чорную справу” рук жыхароў райцэнтра аператыўна выправіла камунальная служба: перасадзіла паламаныя дрэўцы. Але варта людзям задумацца, усе хочуць жыць у чысціні і парадку, прыгажосці, а для гэтага нават палец аб палец не ўдарылі. Пакуль больш шкоды чым карысці.


Надзвычайныя сітуацыі і правапарадак.


Пажараў за мінулы тыдзень не зарэгістравана. Выратавальнікі пяць разоў выязджалі на тушэнне падпаленай некім травы. Работа назіральных камісій, якія працавалі на мінулым тыдні, у чарговы раз засведчыла наколькі дрэнна клапоцяцца нашы грамадзяне пра сваю бяспеку і захаванасць свайго жылля. У абследаваным камісіямі 21 домаўладанні, дзе пражываюць шматдзетныя сем’і, адзінокія пажылыя людзі, сем’і, аднесеныя ў сацыяльна-небяспечнае становішча, выяўлена 71 парушэнне, складзена 9 пратаколаў. Аналіз дзейнасці назіральных камісій, як адзначыў старшыня райвыканкама, павінен быць усебаковым, каб дакладна даць адказ на пытанне аб дзейснай карысці такіх фарміраванняў. Пакуль жа гаварыць аб гэтым рана: з выяўленых з пачатку года па раёну 10000 парушэнняў выпраўлена толькі крыху больш двух тысяч. Таму патрэбна не толькі выяўляць, але і кантраляваць, як выпраўляюцца парушэнні.


У РАУС на мінулым тыдні паступіла 119 заяў і зваротаў ад грамадзян. Узбуджана 8 крымінальных спраў, 6 з іх раскрыта па гарачых слядах. Начальніка аддзела ўнутраных спраў райвыканкама вельмі турбуе крымінагенная сітуацыя, што склалася апошнім часам у аграгарадку Кольна. Затрымана супрацоўнікамі міліцыі пяць п’яных вадзіцеляў, 59 – за перавышэнне хуткаснага рэжыму, а таксама 11 пешаходаў. Занепакоенасць выказана і па ахове грамадскай маёмасці. Супрацоўнікамі правапарадку зафіксаваны выпадкі, калі вартаўнікі замест выканання сваіх абавязкаў мірна спалі на рабочых месцах. Прадпрымаліся меры па ўмацаванню гандлёвых кропак. Забеспячэнне бяспекі грамадзян і правапарадку адна з галоўных умоў стабільнасці ў грамадстве.


Сельская гаспадарка.


Аналіз спраў аграрыяў раёна распачаўся на апаратнай нарадзе са стану вытворчасці малака. За гэты месяц у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года ўдалося павялічыць яе на 117 працэнтаў. Значную прыбаўку дало адкрытае акцыянернае таварыства “Тураўшчына”. Праўда, не ўсе гаспадаркі так плённа працуюць. У прыватнасці, гэта КСУПы “Дзякавічы”, “Марохараўскі”, “Людзяневічы”. Мікалай Какора выказаў сваю незадаволенасць і тым, як вядуцца ў гаспадарках работы па ўздыму зябліва, высечцы кустоў на сельгасугоддзях, а таксама навядзеннем парадку на вытворчых аб’ектах. Акцэнтавана ўвага і на больш плённай працы па закупу маладняку буйной рагатай жывёлы ў насельніцтва.


Сацыяльная абарона.


Асноўнае пытанне гэтай сферы жыццядзейнасці раёна тычылася працаўладкавання так званых абавязаных бацькоў па Дэкрэту №18. На жаль, некаторыя з іх робяць прагулы. Такіх прыцягвалі на працу на мінулым тыдні пяць чалавек. Яшчэ адна важная праблема — размяшчэнне адзінокапражываючых пажылых людзей на час зімы ў інтэрнаты і бальніцы сястрынскага догляду. Старшыня райвыканкама прапанаваў прапрацаваць гэтае пытанне сацыяльнай службе раёна. Аказанне адраснай сацыяльнай дапамогі таксама было ў цэнтры ўвагі. Найперш яна павінна аказвацца тым, хто ў ёй мае пільную патрэбу.


Іншае.


На нарадзе разгледжаны пытанні дзейнасці камунальнай гаспадаркі, будаўнічага комплексу, эканамічнага развіцця рэгіёна і іншыя.


Падрыхтвана па матэрыялах райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.