Школьная глабалізацыя

Яшчэ ў мінулым годзе на тры вёскі Савета было дзве школы -дзевяцігодкі. Але пасля ўмяшальніцтва адмоўнай дэмаграфіі з 1 верасня яны вымушаны былі аб’яднацца ў сценах Хлупінскага вучэбна-педагагічнага комплекса дзіцячы сад – базавая школа. Хаця тут і было менш дзяцей, затое будынак не драўляны як у Перарове, ды і гадоў яму не столькі. Да 22 мясцовых вучняў цяпер штодня прыязджаюць на ўрокі яшчэ 26 дзяцей з Перарова, 14 хлопчыкаў і дзяўчынак наведваюць дзіцячы садок. Клопат аб навучанні маладога пакалення ляжыць на 14 педагогах, шэсць з якіх прыйшлі з Перароўскай школы, у тым ліку і дырэктар Іна Дарафей.


— Спачатку, канешне, мы хваляваліся, як усё складзецца, — кажа намеснік дырэктара школы па вучэбна-выхаваўчай рабоце Ніна Ярмоленка. – Але не прайшло і месяца як перасталі адрозніваць дзяцей, яны ўсе нашыя. Хапіла часоў для выкладання і настаўнікам.


Калі раней бывала на ўроках у прамым сенсе ажыццяўляўся індывідуальны падыход, то пасля аб’яднання ў самых малых па колькасці класах стала па 4 вучні, а найвялікшы цяпер налічвае дзевяць чалавек. Гэтая школа і злучыўшыся, застаецца адной з самых малакамплектных у раёне. Гэта як вялікая сям’я, тут усе навідавоку: кожнае дзіця на кантролі, пра ўсіх бацькоў вядома. Можа таму ў гэтай навучальнай установе, як раней і ў Перароўскай школе, ужо колькі гадоў няма так званых цяжкіх дзяцей, што мелі б праблемы з дысцыплінай, не ведаюць тут і што такое сацыяльнанебяспечныя сям’і.


Чым жа яшчэ вызначаецца гэтая навучальная ўстанова сярод іншых? Яе вучні заўсёдныя ўдзельнікі амаль усіх спартыўных спаборніцтваў, што праходзяць у раёне. Пяты год тут ажыццяўляецца праграма “Здароўе”, якая прыносіць добры плён не толькі ў фізкультуры, але наогул у далучэнні дзяцей да здаровага ладу жыцця, зніжэнні захваральнасці, прафілактыкі шкодных звычак. Арганізатар гэтай работы – настаўнік вышэйшай катэгорыі Аляксандр Ярмоленка, які выкладае фізкультуру. Ен з’яўляецца сапраўдным трэнерам для мясцовых дзяцей, выхоўваючы ў іх патрэбу актыўна рухацца, не заседжвацца на месцы. Здаровае дзіця – добры вучань, лічаць тут. Школа ганарыцца сваімі спартсменамі. Полбіна Таццяна, Віка і Саша Касцянка (цяпер яны гімназісты), Аляксандр Цішкоўскі, Вольга Садоўская, Станіслаў Пашук неаднаразова станавіліся пераможцамі спартакіяд. Між тым, свае захапленні фізкультураю школьнікі захоўваюць і ў тых установах, куды паступаюць вучыцца. Сёлета два хлупінскія выпускнікі сталі першакурснікамі бюджэтнага аддзялення Бабруйскага аўтамеханічнага каледжа, адзін працягнуў вучобу ў Жыткавіцкай гімназіі. Сюды, дарэчы, паступіла сёлета яшчэ 4 вучні школы. Апошнія атэстаты аб заканчэнні Перароўскай дзевяцігодкі ў мінулым навучальным годзе атрымалі 4 чалавекі, тры пайшлі за сярэдняй адукацыяй у Хваенскі вучэбна-педагагічны комплекс, адзін паступіў у Пінскі каледж на бюджэтнае аддзяленне.


Да спартыўных перамог хлупінскіх дзяцей перароўскія школьнікі дадалі захапленне мастацкай самадзейнасцю. Да Дня маці сумеснымі намаганнямі далі выдатны канцэрт ў абедзвюх вёсках.


І настаўнікі, і дзеці таксама клапоцяцца пра добраўпарадкаванне прышкольнай тэрыторыі – высаджваюць кветкі, ствараюць скульптурныя кампазіцыі. Канешне, у параўнанні з участкам Перароўскай школы і яго дзівосамі, не ў крыўду будзе сказана, тут усё выглядае больш сціпла. Але гэта, напэўна, пакуль так. Каб ажыццявіць самыя смелыя ландшафтныя праекты, у гэтай аб’яднанай установы, ёсць усе магчымасці. Галоўнае, каб было жаданне ствараць прыгажосць уласнымі рукамі, заводзіць новыя традыцыі, мацаваць добрымі справамі калектыў аднадумцаў.


НА ЗДЫМКАХ: Лепшыя спартсмены – гонар школы; за цікавымі заняткамі хутка бяжыць час у дзіцячым садку.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.