Спадзяванне на добрае

Ужо некалькі дзён запар святло з вокнаў раённага ваеннага камісарыята пранізвае непраглядную лістападаўскую цемру. Яшчэ няма і пяці раніцы, а супрацоўнікі гэтай установы ўжо знаходзяцца на сваіх рабочых месцах. Служба таго патрабуе. З сярэдзіны бягучага месяца пачаліся адпраўкі прызыўнікоў з нашага раёна ў воінскія часці.


Чарговая прызыўная кампанія падышла да свайго лагічнага завяршэння. Юнакі прайшлі ўсе неабходныя прызыўныя мерапрыемствы і цяпер іх чакае вайсковая служба. Па словах ваеннага камісара Мікалая Барысавіча Акунца, хлопцы для адправак у войска з’яўляюцца ў строга вызначаны ў павестках час. Канечне ж, не адны, а ў суправаджэнні бацькоў, радні, сяброў, якія прыехалі, каб падтрымаць будучых салдат у апошнія гадзіны іх цывільнага жыцця. Гэты людскі натоўп, што збіраецца ля будынка ваенкамата, з’яўляецца таксама адметнай рысай провадаў у армію. Традыцыя, і яе стараюцца прытрымлівацца, не парушаць. Усім хочацца даць будучым абаронцам Радзімы наказ, як найлепш адслужыць і вярнуцца здаровым. Але ў прызыўнікоў не шмат часу, каб выслухаць усе парады. Кароткія поціскі рук праважаючых, моцныя абдымкі з бацькамі – і хлопцы, хутка падабраўшы сумкі з неабходнымі рэчамі, кіруюцца ў будынак ваенкамата. У іх яшчэ нямала спраў. Патрэбна прайсці і апошні медагляд, запоўніць патрэбныя паперы, прайсці інструктаж, як паводзіць сябе ў дарозе, на абласным зборным пункце. Усё гэта робіцца хутка і дакладна. Усяго гадзіну на такія працэдуры адводзіцца.


І вось гучыць каманда: “Выходзіць ва ўнутраны двор ваенкамата і строіцца ля аўтобуса”. Выконваецца яна пакуль зусім не па-вайсковаму, са смехам і жартамі. Настаюць для хлопцаў самыя хвалюючыя імгненні, калі ім даецца некалькі хвілін, каб развітацца са сваімі блізкімі. Яны тут, побач, за агароджай, стаяць у чаканні. Толькі ўсё імгненна змяняецца эмацыянальным узрывам, бо ўсім хочацца выказаць самае галоўнае юнакам на дарогу.


Гэтак жа імгненна натоўп людзей супакойваецца, калі хлопцы садзяцца ў аўтобус і той выязджае са двара на шашу. Такім чынам яшчэ адна каманда накіравана на вайсковую службу.


У дзень нашага наведвання райваенкамата гэта была па ліку ўжо трэцяя партыя прызыўнікоў, якіх накіравалі ў вайсковыя часці. Хлопцы будуць праходзіць службу ў пагранічных войсках і на цэнтральным вузле сувязі. Раней папаўненне з Жыткаўшчыны атрымалі часці мабільных сіл і 120 гвардзейскай брыгады.


— Апошняя адпраўка ў войскі будзе праведзена 28 лістапада, — падсумоўвае вынікі чарговай кампаніі Мікалай Акунец. — Падчас яе ў армейскія падраздзяленні будзе накіравана прыкладна сотня нашых землякоў, якім давядзецца служыць у самых розных радах войск. Апошнімі пойдуць юнакі, якія прызываюцца на службу ў рэзерве. Гэта прызыўнікі, што маюць складанае сямейнае становішча, а таксама па хадайніцтву кіраўніцтва арганізацый, дзе яны працуюць.


Несумненна, было адзначана Мікалаем Барысавічам і адметнасць цяперашніх адправак. Упершыню яны праводзяцца не як раней у студзені, а ў лістападзе. Ды і тое, што ў армію ідзе шмат хлопцаў, якія маюць вышэйшую і сярэдне-спецыяльную адукацыю, таксама імпануе ваенкаму. З ліку такіх прызыўнікоў і жыткаўчанін Дзмітрый Чыкіда. У свой час закончыў Мінскі дзяржаўны політэхнічны каледж, папрацаваў па спецыяльнасці ў рэспубліканскім аб’яднанні “Белагратэхсервіс”. Цяпер хлопцу давядзецца служыць на цэнтральным вузле сувязі. Такім раскладам ён задаволены. Вайсковая часць знаходзіцца ў сталіцы, дзе вучыўся і дзе працаваў. Ды і пра армейскае жыццё тэарэтычныя веды атрымаў ад родных: служыў бацька, брат зараз заканчвае ваенны факультэт Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэту. Галоўнае, Дзмітрый цвёрда ўпэўнены, што кожны мужчына павінен выканаць свой грамадзянскі абавязак па абароне Айчыне. А гэта немалаважная акалічнасць, якая надае ўпэўненасці хлопцу, што справы ў войску ў яго пойдуць добра, ён набудзе новую спецыяльнасць, новых сяброў. “Як наказваў бацька, глядзі па сітуацыі, тады ўсё будзе добра, — зазначыў Дзмітрый. — Зараз толькі адно непакоіць, што маці хвалюецца, але думаю, што з гэтым справімся і я, і яна”.


Безумоўна, турбуе гэта не аднаго Дзмітрыя, але і ўсіх тых хлопцаў, што разам з ім ідуць у армію. Толькі кожны з прызыўнікоў у сваіх думках бачыць сябе добрым салдатам, побач надзейных сяброў і справядлівых камандзіраў. Няхай гэта ў армейскім жыцці хлопцаў і адбудзецца.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.