У гонар працы хлебаробскай

Шэрагам узнагарод адзначана сёлетняя праца аграрыяў раёна на абласным фестывалі- кірмашы “Дажынкі -2011”, які напрыканцы тыдня прайшоў у горадзе Светлагорску.


Горад хімікаў і нафтавікоў вельмі гасцінна сустракаў хлебаробаў з усіх рэгіёнаў вобласці.


Перад тым, як пачалася асноўная дзея свята, дэлегацыям раёнаў было прапанавана наведаць некалькі выстаў. Адна з іх раскінулася на галоўнай вуліцы Светлагорска. На некалькіх сотнях метраў размясціліся сучасныя трактары і агрэгаты сельскагаспадарчага прызначэння, дзякуючы якім аграрыі вобласці дабіваюцца цяпер плёну на палетках і фермах. Сапраўды, тэхнічны патэнцыял сёння ў працаўнікоў вёскі даволі ўнушальны, што дазваляе працаваць на высокім тэхналагічным узроўні, і адпаведна атрымліваць высокія ўраджаі. Менавіта на выставу тэхнікі і накіраваліся прадстаўнікі дэлегацыі з Жыткаўшчыны. Раён на абласным свяце хлебаробаў прадстаўлялі кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання начале са старшынямі райвыканкама і райсавета Мікалаем Какорам і Нінай Рамановіч.


Бясспрэчна, спадабаўся ўсім гасцям і кірмаш, які віраваў тут жа непадалёку. Гасцінна запрашалі гандлёвыя рады, дзе прадавалася і сельскагаспадарчая прадукцыя, і іншыя прысмакі. Тут жа віталі гасцей і вясёлымі песнямі, якія па-майстэрску выконвалі самадзейныя артысты.


Знаёмства з прапанаванай гаспадарамі праграмай свята прадоўжылася ў Цэнтры культуры, куды з вуліцы кіраваўся натоўп гасцей. Тут таксама было арганізавана шмат выстаў-прэзентацый перапрацоўчых сельгаспрадукцыю прадпрыемстваў Гомельшчыны. Прыемна было бачыць у іх шэрагу і багаты асартымент прадукцыі філіяла “Тураўскі кансервавы камбінат” адкрытага акцыянернага таварыства Тураўшчына”. Жадаючых пакаштаваць кансерваваныя гарошак, кукурузу і сокі было дастаткова.


Паступова госці збіраліся ў зале Цэнтра культуры, дзе і адбылася галоўная дзея свята. Яе адкрылі цудоўнай танцавальнай кампазіцыяй, якая сімвалізавала шчодрае жытнёвае поле, высілкі хлебароба, які вырасціў багаты ўраджай. Як спрацавалі аграрыі вобласці на ўрачыстасці, агучыў старшыня аблвыканкама Уладзімір Дворнік, якому на сцэне ўручылі пышны каравай. Уладзімір Андрэевіч адзначыў, што сёлетнімі здабыткамі працаўнікі вобласці могуць ганарыцца, бо вырашчаны і ўбраны багаты ўраджай зерня, назапашана дастаткова кармоў для грамадскага статка. Далей губернатар уручыў заслужаныя ўзнагароды пераможцам працоўнага спаборніцтва на жніве і на нарыхтоўцы кармоў. Павіншаваў хлебаробаў Гомельшчыны і міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіл Русы. Менавіта з яго рук начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Жыткавіцкага райвыканкама Аляксандр Наўныка атрымаў першую на гэтым свяце ўзнагароду – Ганаровую грамату міністэрства. У другі раз праца Аляксандра Міхайлавіча была адзначана кіраўніком Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімірам Навумчыкам. На гэтым прыемныя моманты для жыткаўчан на абласным свяце хлебаробаў не заканчваюцца. Разам з іншымі прызёрамі абласнога працоўнага спаборніцтва на нарыхтоўцы кармоў за заслужанай узнагародай на сцэну выклікаецца механізатар ААТ “Жыткавіцкі агратэхсервіс” Сяргей Федаровіч, які заняў трэцяе месца на перавозцы травяной масы.


Шмат цёплых і шчырых слоў прагучала на ўрачыстасці ў адрас хлебаробаў ад кіраўніцтва вобласці і шматлікіх гасцей. А колькі цудоўных канцэртных нумароў ад лепшых калектываў Гомельшчыны было ім падаравана падчас свята. Сапраўды, калі ёсць хлеб, то і спяваецца, і танцуецца весялей. Вядома, абласны фестываль – кірмаш “Дажынкі-2011” ярка падвёў рысу пад сёлетнімі клопатамі работнікаў сельскай гаспадаркі. І раз’язджаліся з урачыстасці госці з адной думкай, каб у наступным годзе спрацаваць яшчэ лепей, яшчэ больш прымножыць свае працоўныя здабыткі.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.