Весела было на свяце

У вёсцы Перароў шануюць свята Вялікага Кастрычніка. Да таго ж тут па старадаўняй традыцыі яшчэ адзначаецца і свята святога Дзмітрыя.


Некалі ў Перарове была царква ў гонар гэтага святога. У былыя часы ў гэты дзень да перароўцаў наведваліся многія родзічы. Жыхары вёскі грунтоўна рыхтаваліся, каб парадаваць радню. І добрым пачастункам, і чысцінёй, і парадкам у сваёй вёсцы. На жаль, цяпер свята Дзмітрыя адзначаецца не так шырока, традыцыя жыве толькі дзякуючы пажылым насельнікам, а вось моладзь аб ёй забываецца.


І ўсё ж жыхары Перарова напярэдадні гэтых свят стараюцца прыбіраць сваю вёску: вырываюць рэшткі расліннасці на кветніках, падграбаюць апалае лісце і іншае.


Канечне, многім пенсіянерам, а іх большасць на вёсцы, цяжка выканаць гэтую працу. Але на дапамогу ім прыйшлі вучні-валанцёры разам з настаўнікамі Хлупінскай навучальнай установы Аленай Саскевіч і Тамарай Ярмоленка. Яны прыбіралі вуліцу Набярэжная, на якой жывуць толькі пенсіянеры. Добра працавалі па навядзенні парадку Уладзімір Ярмоленка, Уладзіслаў Ярмоленка, Вікторыя Касцянка, Анастасія Метчанка, Анастасія Глушань, Дзмітрый Мінчук, Аляксандр Таненя.


Вялікі дзякуй рабятам за аказаную пажылым людзям дапамогу.


Парадавалі на святы перароўцаў сваім майстэрствам самадзейныя артысты фальклорна-этнаграфічнага калектыву “Сцвіжанка” Сямурадскага сельскага клуба. Яны выканалі шмат добрых песень і вясёлых прыпевак. Спадабалася жыхарам Перарова і канцэртная праграма, якую ім паказалі артысты самадзейнага калектыву “Рабінушка” з Сіманавіцкага ЦДК Лельчыцкага раёна.


Вось так весела і з карысцю правялі вяскоўцы кастрычніцкія святы. І за гэта вялікі дзякуй самадзейным калектывам.


Е.ЗАБЕЛІЧ, жыхарка в.Перароў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.