Адаптацыя праз мастацтва

Гэты фестываль, што праводзіцца ў пачатку снежня, у шэрагу вялікіх і малых культурных мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў раёне, вызначаецца сваёй непаўторнасцю. У чым яна? У тым, што яго ўдзельнікі рыхтуюцца да выступленняў намнога старанней, а яшчэ ў той атмасферы, якая пануе на працягу ўсяго свята ў зале. Так, гаворка ідзе аб фестывалі дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, які сёлета пад назвай “Разам зробім болей”, прайшоў у раённым цэнтры культуры ў восьмы раз.


Самі ўдзельнікі і іх бацькі з нецярпеннем чакаюць гэтага мерапрыемства. Менавіта падчас яго рабяты, якіх абдзяліў лёс здароўем, маюць магчымасць прадэманстраваць свае здольнасці, псіхалагічна адчуць сябе паўнацэннымі ўдзельнікамі грамадскага жыцця. Для іх фестываль – гэта яшчэ і новыя знаёмствы, і сяброўствы. Усё ж бяда заўсёды збліжае людзей. Але не будзем аб сумным, а лепей спынімся на ходзе мерапрыемства.


У малой зале раённага цэнтра культуры сабралася нямала дзяцей і дарослых. Што і казаць, толькі ўдзел у конкурснай праграме меліся прыняць 74 чалавекі. А яшчэ ж і гледачы, госці. Іх таксама прыйшло нямала. Адкрыў мерапрыемства Уладзімір Гулюта, намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама. Ён пажадаў усім удзельнікам свята здароўя, дабрабыту, а таксама паспяховых выступленнняў.


Сацыяльную накіраванасць мерапрыемства падкрэсліла ў сваёй прамове і старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Рамановіч.


Гучаць са сцэны пяшчотныя, напоўненыя дабрынёй словы вядучых свята. У пэўнай ступені і гэта таксама дапамагае сабрацца канкурсантам перад выступленнем, канечне, многія з іх ужо не аднойчы спрабавалі свае сілы на такім фестывалі, але ж нялёгка спраўляцца з хваляваннем. Да гонару рабят, яны знаходяць у сабе волю і на сцэну выходзяць упэўненымі, каб ужо там прадэманстраваць свае здольнасці. Як паказала канцэртная праграма талентаў і сярод дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі здароўя вельмі і вельмі шмат. Ёсць сярод іх нямала выдатных спевакоў і чытальнікаў вершаў, а таксама танцораў і майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Ці ж забудзеш, з якім задорам расказваў вершы хлопчык Ілья, або танцавала дзяўчынка Паліна, ці спявала Аліна. А працы Наталлі Субат выглядаюць нібы сапраўдныя шэдэўры, якія на любую выставу не сорамна везці. На жаль, рамкі артыкула не дазваляюць назваць імёны ўсіх канкурсантаў, але адзначу адно, што кожны з іх ужо стаў пераможцам, як толькі падымаўся на святочна прыбраную сцэну са сваім нумарам. Так, у некага атрымалася горш, у некага – лепш, але не гэта важна, а тое, што дзеці, абдзеленыя здароўем, дзякуючы сваім бацькам маюць магчымасць тварыць, займацца сваёй любімай справай і пры дапамозе работнікаў сацыяльнай службы дэманстраваць гэтыя творчыя напрацоўкі. І для такіх рабят гэта найбольшая радасць. Вось водгукі некаторых з іх.


Русаліна: — Удзельнічаю ў такім мерапрыемстве трэці год. Вельмі падабаецца, тут шмат дзяцей. Я вельмі люблю спяваць і выступаць, і на гэтым фестывалі я маю такую магчымасць.


Ілья:Да сёлетняга фестывалю я падрыхтаваў вершаваную кампазіцыю “марачок”. Выступаю ўжо не першы раз. Але заўсёды чакаю гэтага мерапрыемства з вялікім нецярпеннем, бо тут весела і цікава.


Наталля: — Сем год займаюся ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва вышыўкай, бісерам. Маю ўжо 10 работ, ацаніць якія можна было на выставе, што зладжана да гэтага мерапрыемства. А яшчэ я выканала песню, думаю яна ўсім спадабалася.


І такі водгук можна было пачуць ад кожнага ўдзельніка фестывалю. Задаволены тым, што ў раёне праводзіцца такое вялікае мерапрыемства для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, і іх бацькі. Вось што кажуць яны:


Людміла Леанідаўна: — Рыхтуемся з унукамі вельмі старанна. Два разы займалі першае месца, і сёлета спадзяемся на перамогу. Ён жа так чакае гэтага свята.


Ірына Аляксандраўна: — Чакаем фестывалю з радасцю. Дачка займаецца танцамі, і ў яе ёсць магчымасць прадэманстраваць сваё ўменне. Такія мерапрыемствы для нас вельмі важныя, бо на іх дзеці адчуваюць сябе роўнымі. Не так і лёгка такім рабятам праявіць сябе ў грамадстве, а тут, калі ласка.


Сапраўды, работнікі сацыяльнай службы раёна пастараліся, каб і ў восьмы раз стварыць для такіх дзяцей вялікае свята. Як адзначыла дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяна Казлова, мерапрыемства прызначана найперш для таго, каб заўважыць, раскрыць патэнцыял дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі.


— Таму і не збіраемся спыняцца на дасягнутым, — гаворыць Таццяна Іванаўна. — У параўнанні з першым фестывалем значна павялічылася колькасць удзельнікаў: з 15 да 74. Ды і майстэрства іх, магу сказаць смела, намнога палепшылася. А гэта прамое сведчанне, што такія мерапрыемствы патрэбны і рабятам, і іх бацькам. Усе бачылі, як упэўнена трымаюцца на сцэне маладыя інваліды, што наведваюцца ў наш цэнтр. Тут яны не толькі занятыя нейкай справай, але яшчэ маюць паўнацэнныя зносіны, дапамогу ад спецыялістаў.


Сапраўды, гэта так. Сталасць любога грамадства вызначаецца тым, як у ім ставяцца да людзей з абмежаванымі магчымасцямі здароўя. Ім патрабуецца не толькі падтрымка дзяржаўных устаноў, але і ўсіх грамадзян. Магчыма, не ўсё і не заўсёды атрымліваецца так, як хочацца, ідэальна. Але, прайшоўшы фестываль менавіта і засведчыў апошнюю акалічнасць, бо вялікую ролю ў гэтым адыграла грамадскасць. Па ініцыятыве Аляксандра Лебедзева і Валянціны Бандзюк многія прадпрымальніцкія структуры, якія працуюць на рынку горада, выступілі спонсарамі гэтага мерапрыемства. Таму кожны ўдзельнік фестывалю, акрамя добрага настрою, атрымаў падарункі. Супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра зладзілі для рабят дабрачынны абед. Лепшымі ж выканаўцамі па меркаванню журы, сталі: у намінацыі сцэнічнае майстэрства (Маргарыта Шышкова, песня «Наша Беларусь»), у намінацыі танца (Паўліна Русая), дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (Наталля Субат), у намінацыі мастацкае чытанне (Ілья Шпакоўскі).


Безумоўна, ўдзельнікі восьмага фестывалю раз’ехаліся з надзеяй, што гэта не апошняя іх сустрэча.


С. МІКАЛАЕЎ. Фота В. КіЖНЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.