Больш парадку на нашай зямлі

Пытанні жыццядзейнасці раёна былі разгледжаны на апаратнай нарадзе ў мінулы панядзелак, якую правёў старшыня райвыканкама Мікалай Какора.


Напачатку планёркі Мікалай Міхайлавіч падзяліўся з прысутнымі на нарадзе сваімі ўражаннямі аб рабоце пастаянна дзеючага семінара кіруючых работнікаў рэспубліканскіх і мясцовых дзяржаўных органаў на тэму “Імпартазамяшчэнне – важнейшы фактар дасягнення збалансаванага развіцця эканомікі Беларусі”, у якім прыняў непасрэдны ўдзел. Агучыў кіраўнік раёна і тыя восем асноўных задач, што пастаўлены прэзідэнтам краіны Аляксандрам Лукашэнка на семінары, працаваць над вырашэннем якіх павінен кожны грамадзянін краіны незалежна ад займаемай пасады. Таксама кіраўнік раёна запрасіў прысутных прыняць удзел у Дні кіраўніка, дзе будзе нададзена ўвага разгляду пытанняў імпартазамяшчэння, эканоміі і беражлівасці. Асаблівы акцэнт пры гэтым быў зроблены на малы бізнес. На жаль, яго прадстаўнікі не вельмі актыўна прымаюць удзел у такіх мерапрыемствах, хаця іх у раёне арганізуецца нямала, дзе прадпрымальнікі могуць бясплатна ад кампетэнтных службовых асоб атрымаць значную карысную інфармацыйную дапамогу.


Добраўпарадкаванне. У чарговы раз гэтую тэму на нарадзе пачалі разглядаць з дэманстрацыі фотаздымкаў. На іх узоры нашай безгаспадарчасці, якія папалі ў аб’ектыў фотакамеры на вуліцах Фрунзе, Школьная, Леніна, Зялёная і іншых тэрыторыях райцэнтра. Безумоўна, найперш гэта сведчанне бескультур’я гараджан, якія не хочуць, каб горад выглядаў прыгожым і добраўпарадкаваным. Разам з тым гэта і недапрацоўка адпаведных службаў, якія не ў поўнай меры скарыстоўваюць свае паўнамоцтвы, каб выкараняць такія заганы на корані. Таму кіраўніком раёна была пастаўлена задача ўзмацніць работу па добраўпарадкаванні.


Адміністрацыйная практыка. За мінулы тыдзень усімі кампетэнтнымі службамі было складзена 35 адміністрацыйных пратаколаў, што на трынаццаць больш чым за папярэдні перыяд. З плюсам спрацавалі і па прадпісаннях, якіх выдадзена больш двухсот за тыдзень. На жаль, не ўсе з дваццаці службаў, якія маюць права накладваць адміністрацыйныя пакаранні, спрацавалі вынікова. Напрыклад, ніводнага пратакола не склала за тыдзень землеўпарадкавальная служба, аддзел па архітэктуры і будаўніцтву, Тураўскі гарадскі, Азяранскі, Рычоўскі, Перароўскі сельскія выканкамы. Хаця, як адзначалася на нарадзе, не паўсюдна назіраецца ў раёне ўзорны парадак, і такая бяздзейнасць спрыяе распаўсюджванню антысанітарыі. З пачатку года за парушэнне правілаў добраўпарадкавання на жыхароў складзена больш трынаццаці тысяч адміністрацыйных матэрыялаў, з іх больш за тысячу дзвесце пратаколаў.


Надзвычайныя сітуацыі. На мінулым тыдні выратавальнікамі на тэрыторыі раёна ліквідаваны адзін пажар, які надарыўся ў аграгарадку Людзяневічы. Пацярпела гаспадарчая пабудова, дзякуючы зладжаным дзеянням супрацоўнікаў РАНС жывёлу з яе ўдалося выратаваць. Яшчэ адзін выезд на тушэнне пажару жыткавіцкія выратавальнікі зрабілі ў суседні раён. З мэтай прафілактыкі надзвычайных сітуацый абследавана 44 домаўладанні, у шэрагу якіх забаронена эксплуатацыя пячэй і электраправодкі па прычыне іх аварыйнага стану.


Правапарадак. За мінулы тыдзень у Жыткавіцкі РАУС паступіла ад грамадзян 135 заяў і зваротаў. З іх 76 ад жыхароў райцэнтра, 14 – ад жыхароў Турава і 45 – ад вяскоўцаў. Выязджалі супрацоўнікі міліцы на 23 сямейныя сваркі. Узбуджана за тыдзень дзевяць крымінальных спраў, з якіх шэсць раскрыта па гарачых слядах. Найбольш пашыраныя з іх гэта крадзяжы, але былі і больш небяспечныя: нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, а таксама разбойны напад. Апошняе злачынства ўчынена ў Тураве. На мінулым тыдні на дарогах раёна ўчынена шэсць дарожна-транспартных здарэнняў, затрымана сем п’яных вадзіцеляў за кіраванне транспартнымі сродкамі, шэсцьдзесят — за перавышэнне хуткаснага рэжыму. За знаходжанне ў цёмны час сутак без флікераў затрымана 35 пешаходаў.


Дэкрэт №18. За мінулы тыдзень абавязаныя асобы здзейснілі 23 прагулы, на работу не выходзіла пяць чалавек. Несумненна, кіраўнік раёна абавязаў адпаведныя службы ўзмацніць кантроль да бацькоў, якія павінны сплочваць дзяржаве за ўтрыманне ёю сваіх дзяцей і прымяняць да прагульшчыкаў самыя жорсткія меры, каб яны працавалі.


Сельская гаспадарка. асноўны клопат аграрыяў, скарыстоўваючы склаўшыеся ўмовы надвор’я, працаваць на ўздыме зябліва. Яшчэ адна задача — вытворчасць малака. На цяперашні час яго продаж у параўнанні з леташнім павялічаны на 120 працэнтаў. Занепакоенасць выклікае вытворчасць малака ў шэрагу гаспадарак. Але, па словах начальніка райсельгасхарчу Аляксандра Наўныкі, у працаўнікоў ферм нямала магчымасцей, каб палепшыць справы з надоямі. Найперш, гэта ўкараненне трохразовага даення. Працуюць у гаспадарках і па навядзенні парадку на сваіх вытворчых аб’ектах.


Іншае. На нарадзе разгледжаны пытанні эканамічнага развіцця рэгіёна, дзейнасць будаўнічага комплексу, камунальнай службы. У цэнтры ўвагі былі і пытанні падрыхтоўкі да святкавання навагодніх святаў. Гэтыя работы павінны быць паскораны.


Падрыхтавана па матэрыялах райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.