Больш увагі праблемам людзей

Шырокае кола пытанняў жыццядзейнасці раёна было разгледжана на апаратнай нарадзе, якую ў панядзелак правёў старшыня райвыканкама Мікалай Какора.


Звароты грамадзян. Напачатку нарады мікалай Міхайлавіч агучыў вынікі маніторынга, які ў нашым раёне нядаўна быў праведзены супрацоўнікамі Камітэта дзяржаўнага кантролю. Аналізуючы тыя недахопы, якія былі выяўлены падчас маніторынга, старшыня райвыканкама выказаўся адназначна, што большасць з’яўляюцца вынікам недапрацовак на месцах. Засяродзіў Мікалай Какора ўвагу прысутных і на такім аспекце, чаму праблемы людзей не вырашаюцца адпаведнымі службамі, а толькі жыхары звернуцца ў вышэйстаячую інстанцыю, як большасць пытанняў вырашаецца імгненна. Запатрабаваў кіраўнік раёна ад начальнікаў службаў і аддзелаў дэталёвага без валакіты разгляду кожнага звароту грамадзян. Як было агучана на нарадзе, хаця і назіраецца зніжэнне колькасці зваротаў грамадзян, але яно не настолькі вялікае, каб заспакойвацца. У гэтым годзе па розных пытаннях жыхары раёна звярнуліся ў розныя інстанцыі аж 351 раз, летась – 396. Большасць праблем, якія людзі ўзнімалі ў сваіх зваротах, тычыцца работы жыллёва-камунальнай службы. “Сёння рабоце са зваротамі грамадзян павінна надавацца самая пільная ўвага, і там, дзе ёсць праблемы, яны павінны вырашацца, — зазначыў кіраўнік раёна”.


Добраўпарадкаванне і адміністра-цыйная практыка. Разгляд гэтай тэмы ў чарговы раз распачалі з прагляду фотаздымкаў з фактамі безгаспадарчасці і неахайнасці жыхароў населеных пунктаў Чырвоненскага сельсавета. Непрыемна было глядзець на паваленыя агароджы, невысечаны кустарнік, кучы смецця, непакошаную пажоўклую траву. Таму і невыпадкова старшыня райвыканкама ўказаў на недастатковыя падыходы сельвыканкамаў і раённых службаў па вырашэнні пытанняў навядзення парадку. І ў прыватнасці, дрэнная праца з людзьмі. Там, дзе не дапамагаюць угаворы, павінна актыўна прымяняцца адміністрацыйная практыка, а яна, як было адзначана на нарадзе, з кожным тыднем ідзе на спад. Як сельвыканкамамі, так і раённымі службамі складаецца менш пратаколаў, выдаецца менш прадпісанняў. Паслаблены кантроль за іх выкананнем. Шмат крытыкі было выказана і ў адрас дарожных службаў. Вынік разгляду тэмы добраўпарадкавання: гэтая дзейнасць павінна быць актывізавана і працягнута, тым больш што надвор’е дазваляе наводзіць парадак.


Надзвычайныя сітуацыі і правапарадак. Чарговая смерць ад атручвання чадным газам на мінулым тыдні зарэгістравана ў раёне. Прычына гібелі мужчыны — курэнне ў ложку.


131 заява паступіла ў аддзел унутраных спраў за мінулы тыдзень ад жыхароў раёна. Узбуджана 13 крымінальнах спраў, 8 з якіх раскрыты па гарачых слядах. На дарогах раёна ўчынена чатыры дарожна-транспартныя здарэнні. Выяўлена тры п’яныя вадзіцелі за кіраваннем транспартным сродкам, 40 – за перавышэнне хуткаснага рэжыму, 23 пешаходы, якія парушалі правілы вулічнага руху.


Таксама на нарадзе была абмеркавана тэма работы ўчастковых інспектараў. Пастаўлена задача, як мага хутчэй закрыць вакансіі гэтых супрацоўнікаў праваахоўных органаў у шэрагу сельсаветаў.


Занятасць. Адна з праблем гэтага накірунку дзейнасці — недахоп спецыялістаў масавых прафесій. Іх на цяперашні час маецца больш сотні вакансій. Нягледзячы на прымаемыя меры службай занятасці, пытанне застаецца актуальным. Кіраўніком раёна запатрабавана пры падрыхтоўцы спецыялістаў рабочых прафесій больш скарыстоўваць магчымасці навучальных устаноў раёна, на іх базе праводзіць навучанне па новых неабходных раёну спецыяльнасцях. Тады значна лягчэй будзе запаўняць вакансіі.


Эканоміка. За адзінаццаць месяцаў раён выканаў 10 даведзеных прагнозных паказчыкаў з 14. Паспяхова спраўляецца раён і з выкананнем праграмы развіцця Прыпяцкага Палесся. Разглядаючы пытанні эканамічнага развіцця раёна, на нарадзе было выказана адназначна, што патрэбна сканцэнтраваць больш высілкаў на тыя праблемы, якія маюцца ў народнагаспадарчым комплексе рэгіёна, каб па канцу года спрацаваць больш вынікова.


Сельская гаспадарка. На нарадзе агучаны вынікі работы аграрыяў за 11 месяцаў. Па словах Мікалая Какоры, патрабаванні да работы аграрнай галіны будуць значна ўзмоцнены. Спыніліся і на бягучых пытаннях дзейнасці сельскагаспадарчай вытворчасці. Сярод асноўных патрабаванняў: уздым зябліва, ачыстка насеннага матэрыялу, навядзенне парадку на вытворчых аб’ектах і іншае.


Будаўніцтва. У цэнтры ўвагі па гэтаму накірунку дзейнасці сталі на нарадзе пытанні, звязаныя з будоўляй малочнатаварнай фермы ў КСУПе “Людзяневічы”, рамонтныя работы ў раённым цэнтры культуры, паліклініцы, верасніцкай школе. На жаль, як канстатавалася, тэмпы гэтай дзейнасці вельмі нізкія, таму будаўнікам варта прыбавіць, каб укласціся ў вызначаныя тэрміны.


Разгледжаны на нарадзе і пытанні работы камунальнай гаспадаркі, а таксама ход падрыхтоўкі горада да святкавання новага года.


Падрыхтавана па матэрыялах райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.