Чаму ж нам не пець, чаму ж не гудзець…

Чым вечарам занятая вёска? У пагодлівыя веснавыя ды летнія дні праблем няма – на падворку справа знойдзецца. А вось зімою ў доўгія халодныя вечары… З дзяцінства помніцца: дарогу да клуба ведаў добра кожны вясковы жыхар, народ без усялякіх запрашэнняў і прымусу туды па закліку душы цягнуўся. Паглядзець новы кінафільм, а таксама на рэпетыцыі, спевы і, канечне ж, на канцэрты мастацкай самадзейнасці. І мужчыны хадзілі. А на вяселлях разам з жанчынамі спявалі так, што лямпы газавыя патухалі…


— Заходзьце, калі ласка, зараз у нас не тое, што раней было, сапраўдным ачагом культуры назваць можна, — гасцінна запрашаюць нас у памяшканне Кольненскага цэнтра культуры і вольнага часу дырэктар Галіна Мароз і мастацкі кіраўнік Ганна Кіслюк.


Сапраўды, тут цёпла, светла і прыгожа. Такія перамены да лепшага прыйшлі ў гэтую ўстанову культуры літаральна два гады назад, калі працаўнікі ўнітарнага прадпрыемства “Рытм-будсервіс” цалкам завяршылі на гэтым аб’екце ўвесь аб’ём запланаваных работ. І не пазнаць цяпер былой будыніны, што працякала, быццам рэшата, і дзе нельга было па-людску ні чарговае мерапрыемства падрыхтаваць, ні чаю папіць. Накрылі новы дах, правялі новую ацяпляльную сістэму, сцены аббілі гіпсакардонам, паставілі новыя вокны і дзверы, у некаторых памяшканнях, дзе гэта было неабходна, паслалі новую падлогу. Няспешна праходзіш па памяшканнях цэнтра культуры, любуешся абліччам перамен і адразу прыходзяць на памяць словы вядомай беларускай народнай песні: Чаму ж мне не пець, Чаму ж не гудзець, Калі ў нашай хатачцы Парадак ідзець…


— Вы ведаеце, — быццам чытае мае думкі дырэктар Галіна Мароз, — у адной з сучасных песень ёсць такія словы: “Кажуць, што вёска мая памірае”… Дык скажу адразу, што гэта не пра наша Кольна. Дастаткова сказаць, што масавыя мерапрыемствы ў нас падчас збіраюць да 300 чалавек. Узяць тую ж масленіцу, якая за апошнія два гады атрымала ў нас даволі ўдалую “прапіску”. І тут нельга не адзначыць актыўную падтрымку з боку КСУП “Кольненскае”, мясцовай сярэдняй школы, усёй грамадскасці, прадпрымальніка Сяргея Салко.


Цэнтр культуры і вольнага часу працуе ў буднія дні з 9 да 20 гадзін, а ў выхадныя і да гадзіны ночы. Асноўны кантынгент наведальнікаў – гэта моладзь ды людзі сярэдняга ўзросту. Для дзяцей у цэнтры працуюць лялечны, драматычны і танцавальны гурткі, для дарослых – вакальны, эстрадны і драматычны. Жадаючыя таксама могуць наведваць аматарскае аб’яднанне па экалагічнаму выхаванню.


Дзеці, як паказвае практыка, найбольш любяць гульневыя праграмы, віктарыны. Энергіі і залалу ў іх – цераз край. І трэба толькі накіраваць гэта ў карысным, эфектыўным напрамку. Варта да гонару мясцовых работнікаў культуры адзначыць, што дзякуючы арганізаванаму правядзенню дыскатэк, іншых мерапрыемстваў тут паспяхова выконваюцца месячныя планы грашовай выручкі. Менавіта за гэта яны і былі ў свой час заахвочаны новай музычнай апаратурай. А нядаўна атрымалі і новыя касцюмы, што, безумоўна, яшчэ болей дабавіла кожнаму з іх творчых сіл.


Галіна Мароз і Ганна Кіслюк разам у 2006 годзе закончылі Магілёўскае культпрасветвучылішча. Першая з іх працуе на сваёй пасадзе 14 год, другая — 13-ы. Яны не ўяўляюць свайго жыцця без работы на ніве культуры, справядліва лічачы, што толькі яна і можа выратаваць многіх ад суцэльнай дэградацыі. Бо чалавеку вельмі важна адчуць духоўную апору. Менавіта культура падтрымлівае ў ім надзею і веру.


Поруч з гэтымі няўрымслівымі работнікамі працуюць акампаніятар Андрэй Івашкевіч, кіраўнік дыскатэкі Мікалай Галавач. Актыўнымі ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці з’яўляюцца сацыяльны работнік Аксана Гашэніна, прыбіральшчыца Людміла Юхневіч, бібліятэкар Майя Пяшэвіч, многія іншыя. З канцэртамі яны выступаюць як у населеных пунктах свайго Савета, так і па-за яго межамі. А зараз актыўна рыхтуюцца да навагодніх святаў. Такія людзі – гэта сапраўдныя падзвіжнікі, на якіх, уласна кажучы, і трымаецца культурнае жыццё вёскі. У жанчын, якія выбралі гэтую нялёгкую, неспакойную работу (а пераважная колькасць культработнікаў на сяле – менавіта жанчыны), як правіла, дзве апоры ў жыцці: работа і сям’я. Кар’ерысты на гэтую работу не пойдуць, бо на клубную зарплату не вельмі разгонішся. Тут стымул іншы: удалы канцэрт, прызнанне гледачоў і слухачоў, іх цёплае слова падзякі.


— У апошнія гады работнікі Кольненскага цэнтра культуры і вольнага часу значна пашырылі дыяпазон сваёй дзейнасці і на рахунку іх нямала творчых знаходак, — дае каментарый дырэктар раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы Людміла Грыб. — Працуючы ў цесным кантакце з сельсаветам і школаю, яны стараюцца не абмінуць ніводнага населенага пункта, актыўна далучаюць да культурнага жыцця, здаровага яго вобразу школьнікаў, моладзь. Апраўдваюць сябе масавыя культурныя гулянні на вуліцы. Добра ідуць платныя паслугі. Да таго ж як дырэктар, так і мастацкі кіраўнік актыўна ўдзельнічаюць у мерапрыемствах раённага ўзроўню.


 С. КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.