Імпарт скарачаць, экспарт нарошчваць

Актуальнай тэме імпартазамяшчэння і экспартаарыентаванасці эканомікі быў прысвечаны чарговы дзень кіраўніка, што прайшоў на мінулым тыдні. Крыху раней гэтыя пытанні, як вядома, абмяркоўваліся на рэспубліканскім семінары кіруючых работнікаў з удзелам прэзідэнта. Як выконваюцца яны на мясцовым узроўні, дзе варта шукаць нашым прадпрыемствам рэзервы для нарошчвання знешнеэканамічнай дзейнасці, якія меры павінны стымуляваць да развіцця імпартазамяшчальных вытворчасцяў спажывецкіх тавараў? На гэтыя пытанні і спрабавалі адказаць удзельнікі мерапрыемства.


Беларусь – краіна, якая не мае ў дастатковай колькасці ўласных энергарэсурсаў і на іх закупку вымушана расходаваць валюту. А каб мець гэтыя сродкі на такія стратэгічныя мэты, неабходна скарачаць закупкі па імпарту – усе, што ўмеем і можам, трэба вырабляць у краіне. І другі шлях павелічэння валютных рэзерваў – нарошчванне аб’ему паставак сваёй прадукцыі на замежныя рынкі. Гаворачы аб магчымасцях нашага раёна, старшыня райвыканкама Мікалай Какора падкрэсліў, што ў першую чаргу імпартазамяшчальнай вытворчасцю спажывецкіх тавараў мог бы займацца малы і сярэдні бізнес як больш мабільны і прадпрымальны сегмент эканомікі. Дарэчы, на семінар запрасілі не адзін дзесятак прадстаўнікоў гэтай сферы, толькі прыйсці на яго палічылі неабходным нямногія.


Разам з тым і дзяржаўным прадпрыемствам неабходна больш актыўна шукаць шляхі да выхаду на знешнеэканамічныя зносіны, павялічваць глыбіню перапрацоўкі сыравіны, адпраўляць за мяжу гатовы прадукт з найбольшым дабаўленым коштам.


Нельга сказаць, што ў гэтым накірунку раён не прадпрымае ніякіх крокаў. У справаздачы начальніка аддзела эканомікі райвыканкама Аліны Чорнай прагучала нямала прыкладаў. Так, у адыходзячай пяцігодцы ў нас былі рэалізаваны імпартазамяшчальныя праекты па тэхнічнаму пераўзбраенню і мадэрнізацыі вытворчасці ў ААТ “Тураў” і “ЖМЗ”, ДЛГУ “Жыткавіцкі лясгас”, выкананы шэраг інвестыцыйных мерапрыемстваў па развіцці мясцовага вытворчага патэнцыялу. Як вынік, рост экспарту па раёну за пяць апошніх гадоў перавысіў 230%. У цэлым за гэты перыяд склалася станоўчае сумарнае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі. Ёсць усе падставы, што і ў наступным годзе мы будзем прырастаць на гэтым накірунку. Так, па словах А. Чорнай, рост аб’ёмаў экспарта тавараў у 2012 годзе плануецца павялічыць у 2 разы да 12,3 млн. долараў. Тым не менш, нягледзячы на значны рост экспарту, сальда знешняга гандлю таварамі будзе адмоўным у суме 4,4 млн. долараў. Гэта абумоўлена набыццём імпартнага абсталявання на 12,5 млн. долараў для ААТ “Тураўскі малочны камбінат”, будаўніцтва якога з’яўляецца адным з асноўных інвестыцыйных мерапрыемстваў, што маюць імпартазамяшчальную накіраванасць. Акрамя яго, у праграме наступнага года пазначана мадэрнізацыя тэхналагічнай вытворчасці ў ААТ “ЖМЗ” і “ТБЗ «Жыткавіцкі”.


Наколькі шмат сёння ўвозіцца спажывецкі імпарт, можна было пабачыць на выставе, падрыхтаванай да семінару. У ГЦК, дзе праходзіла плянарнае пасяджанне, экспанаваліся тавары замежнай вытворчасці, рэалізуемыя гандлёвымі прадпрыемствамі раёна: посуд (ЧТУП “Премьер Престиж”), інструменты, сантэхніка, дзверы (ЧП “Волкострой”), тавары бытавой хіміі, сродкі аховы раслін, вырабы з пластмасы (райспажыўтаварыства), будматэрыялы (ЧТУП “Кирилюк благодарение”), канцтавары (“ЧТУП “Никита Стар”, райспажыўтаварыства), электратавары (ЧТУП “БытСтройСервис”), спорттавары (ИП Сидельник Е.Н.), цацкі (ЧТУП “Романчик”, райспажыўтаварыства), адзенне (ИП Сидельник М.Н. и Муравейко Н.), абутак (ИП Салко С.С.). Мэта такой прэзентацыі паказаць, што значную колькасць такіх тавараў можна вырабляць і ў нашай краіне, прычым, з нягоршай якасцю і па аптымальнаму кошту. Тым больш, што ў рэспубліцы дзеля гэтага прымаецца шэраг захадаў.


Пра сістэмныя ўмовы, падаткавыя і фінансавыя меры, накіраваныя на стымуляванне і рост вытворчасці, у тым ліку экспартаарыентаванай і імпартазамяшчальнай расказаў начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Жыткавіцкаму раёну Уладзімір Рыдзецкі. Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Макарэвіч засяродзіла ўвагу на парадку прадстаўлення наймальнікам дзяржаўнай падтрымкі для стварэння працоўных месцаў. Карыснай была і інфармацыя намесніка кіраўніка Жыткавіцкага аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк” Ірыны Кулакевіч пра крэдытаванне суб’ектаў аграэкатурызму, дзейнасць якіх таксама можна назваць імпартазамяшчальнай і экспартаарыентаванай. Па заканадаўству мытнага саюза выступіў галоўны санітарны ўрач РЦГіЭ Леанід Белка.


Падводзячы вынікі пасяджэння старшыня райвыканкама Мікалай Какора яшчэ раз падкрэсліў, што пастаўленыя на рэспубліканскай нарадзе прэзідэнтам восем асноўных задач у галіне імпартазамяшчэння павінны быць для дырэктарскага корпуса кіраваннем да дзеяння. Аб эфектыўнасці прынятых мер будуць меркаваць па прыбытку і зарплаце – двух універсальных крытэрыях якасці эканомікі.


У рабоце пасяджэння ўдзельнічала начальнік ўпраўлення эканомікі аблвыканкама Эльвіра Карніцкая.


С. Дайнека.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.