Клапаціцца аб добраўпарадкаванні і бяспецы

Шматлікія пытанні жыццядзейнасці раёна разгледжаны на апаратнай нарадзе, якую ў мінулы панядзелак правёў старшыня райвыканкама Мікалай Какора.


ДОБРАЎПАРАДКАВАННЕ І АДМІНІСТРА-ЦЫЙНАЯ ПРАКТЫКА.


Ужо не першы раз планёрку кіраўнік раёна распачынае з аналізу спраў па навядзенню парадку на зямлі. Хаця і шмат зроблена ў гэтым накірунку дзейнасці, але яшчэ недастаткова, каб супакойвацца. Прадэманстраваныя відэаролікі яскравае таму пацверджанне, што працаваць жыхарам раёна па добраўпарадкаванні населеных пунктаў яшчэ патрэбна вельмі многа. Адзін за другім на здымках ва ўсёй красе перад вачамі прысутных на нарадзе праходзілі факты людской безгаспадарчасці: звалкі смецця, складзеныя на вуліцах будаўнічыя матэрыялы і дровы. Такія малюнкі характэрны для мікрараёна Паўночны, вуліц Дзяржынскага і Лясной, і іншых мясцін райцэнтра. А гэта вялікае поле дзейнасці для адпаведных службаў у плане прымянення адміністрацыйнай практыкі на нядбайных гаспадароў за развядзенне антысанітарыі на гарадскіх вуліцах. Як зазначыў Мікалай Какора, вуліца — гэта грамадская тэрыторыя і яна павінна быць заўсёды чыстай.


Асобна прагучала на нарадзе і тэма адносін кіраўнікоў да навядзення парадку. На жаль, не ўсе з іх з належным разуменнем ставяцца да такой важнай задачы. Там, дзе гэты аспект прысутнічае ў рабоце, і зрухі ў добраўпарадкаванні прыкметныя. У прыватнасці, прыклад вёскі Гулевічы Юркевіцкага сельсавета, дзе параўнальна за кароткія тэрміны ўдалося практычна на ўсіх падворках памяняць агароджы.


Асноўнае патрабаванне пры прымяненні адміністрацыйнай практыкі з’яўляецца тое, што павінен быць узмоцнены кантроль за выкананнем тых заўваг, якія адпаведныя службы пішуць у прадпісаннях і пратаколах. Надвор’е зараз спрыяе навядзенню парадку на зямлі, і насельніцтва, і арганізацыі павінны выкарыстаць гэтую магчымасць, каб зрабіць яшчэ больш спраў па добраўпарадкаванні населеных пунктаў. Тым больш што ёсць дзе прыкласці свае высілкі ў гэтым накірунку дзейнасці.


НАДЗВЫЧАЙНЫЯ СІТУАЦЫІ.


На мінулым тыдні на тэрыторыі раёна зарэгістраваны адзін пажар. У жыхара з адной вёскі загарэлася гаспадарчая пабудова. Сіламі выратавальнікаў узгаранне ліквідавана. Цяпер устанаўліваюцца яго прычыны.


На мінулым тыдні працавалі гарадскія назіральныя камісіі. Імі абследавана 22 домаўладанні. За парушэнні складзена на гаспа-дароў 11 пратаколаў. Праверкі ў домаўладаннях жыхароў, якім патрабуецца сацыяльная падтрымка, праводзіліся і супрацоўнікамі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Сярод выяўленых недахопаў – адсутнасць у дамах такіх катэгорый грамадзян аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Патрабуецца іх яшчэ ўстанавіць больш чатырохсот штук. Як было адзначана на нарадзе, насельніцтву неабходна больш актыўна набываць і ўстанаўліваць пажарныя апавяшчальнікі, а таксама перадтопачныя лісты. Усё гэта маецца ў продажы ў гандлёвых кропках спажывецкага таварыства. Людзі павінны найперш самі клапаціцца пра сваю бяспеку, а не чакаць, што за іх нехта гэта зробіць іншы.


ПРАВАПАРАДАК.


За мінулы тыдзень у РАУС ад грамадзян паступіла 143 заявы і звароты. Узбуджана 12 крымінальных спраў, восем з іх раскрыты па гарачых слядах. На дарогах раёна ўчынена тры дарожна-транспартныя здарэнні, адно са смяротным зыходам. Супрацоўнікамі міліцыі затрымана 5 вадзіцеляў за кіраванне транспартам у нецвярозым стане, 37 вадзіцеляў затрыманы за перавышэнне хуткаснага рэжыму. За адсутнасць флікераў прыцягнуты да адказнасці 20 пешаходаў.


ІНШАЕ.


На апаратнай нарадзе таксама разгледжаны пытанні, якія звязаны з работай сельскай гаспадаркі, камунальнай службы, будаўнічага комплексу, дзейнасцю па выкананні Дэкрэта № 18, працаўладкаваннем насельніцтва.


Падрыхтавана па матэрыялах райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.