Нельга не ганарыцца такой школай

Тым, хто закончыў новую Кольненскую сярэднюю агульнаадукацыйную школу, якая гасцінна расчыніла свае дзверы 1 верасня 2003 года, можна толькі шчыра пазайздросціць самай светлай зайздрасцю, бо вучыцца ім пашчасціла ў самай што ні ёсць сучаснай установе адукацыі.


— У параўнанні з былой школай тут створаны, без перабольшвання, райскія ўмовы для вучобы і выхавання вучняў, — гаворыць намеснік дырэктара школы па вучэбнай рабоце Наталля Іванаўна Туравец, за плячыма якой трыццаць два гады педагагічнага стажу. – Помню, з якімі цяжкасцямі даводзілася сустраацца настаўнікам і вучням у чатырох памяшканнях старой школы. Асабліва ў ацяпляльны перыяд, зімой, калі дзеткі сядзелі ў рукавічках і ад холаду пастуквалі абуткам адзін аб другі. І як у час дажджоў прыходзілася перабягаць з аднаго памяшкання ў другое…


У год адкрыцця новай школы тут займалася каля 160 вучняў і 32 хлопчыкі і дзяўчынкі хадзілі ў дзіцячы сад. Зараз колькасць навучэнцаў зменшылася да 121, але перспектывы на дзень заўтрашні па-ранейшаму застаюцца светлымі і абнадзейваючымі, бо дзве групы садка наведваюць 36 дзяцей, а попыт на месцы сюды цалкам не задаволены. Справа ў тым, што ў мясцовым КСУПе “Коленскае” актыўна вядзецца будаўніцтва жылля, сюды прыязджаюць маладыя сем’і, а гэта значыць, што крыніца нараджальнасці не перасыхае…


Увогуле ж у школу як ходзяць вучні з вёскі Кольна, так і падвозяць іх аўтобусам з Борак, Пасекі, Буйкавіч. Займаюцца ў адну змену. Да таго ж для вучняў 2-7 класаў працуюць групы падоўжанага дня. Цікавая дэталь: з 24 педагогаў 12 – былыя выпускнікі школы, якія пайшлі па дарозе сваіх настаўнікаў.


Аб поспехах у вучобе красамоўна сведчыць той факт, што летась з 12 выпускнікоў трое медалісты, а пяцёра паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Зрэшты, яно і не дзіўна, бо да паслуг вучняў спецыяльныя кабінеты па апрацоўцы тканіны, па кулінарыі, добрыя, грунтоўныя веды пры жаданні можна набыць у камбінаванай майстэрні, кабінетах фізікі, хіміі і біялогіі, у лінгафонным і кабінеце інфарматыкі.


Добрых поспехаў у сваёй педагагічнай дзейнасці дабіваецца намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяна Іванаўна Петрушкевіч, якая выкладае абслугоўваючую працу. Пасля актыўнага ўдзелу ў алімпіядах рознага ўзроўню на рахунку яе выхаванцаў нямала дыпломаў 2 і 3 ступеняў. Высокай адказнасцю, строгім выкананнем сваіх абавязкаў вызначаецца настаўніца хіміі і біялогіі Таццяна Іванаўна Блоцкая, якая працуе тут толькі другі год.


У школе добра абсталявана спартыўная зала, фізічнай культурай і спортам хлопчыкі і дзяўчынкі займаюцца як тут, так і па-за сценамі ўстановы адукацыі. Пад кіраўніцтвам маладога спецыяліста Сяргея Аляксандравіча Пашэвіча ў лістападзе школьная каманда заняла ў раёне 3 месца па міні-футболу. А па выніках цэнтралізаванага тэсціравання ўстанова заняла 2-е месца сярод сельскіх і 3-е месца сярод усіх школ Жыткаўшчыны.


Бібліятэка, якой загадвае Алена Генадзьеўна Пяшэвіч, — духоўны асяродак школы. Тут заўсёды парадак, утульнасць. Наладжваюцца неабходныя выставы, часта праводзяцца класныя гадзіны. Апошнім часам яна нядрэнна папоўнілася беларускай літаратурай. А самымі актыўнымі чытачамі тут па-ранейшаму застаюцца вучні пачатковага звяна.


Даўнія і цесныя сувязі ў школы з КСУПам “Коленскае”. Яны ўзаемныя, ад якіх выйграваюць два бакі: сельгаспрадпрыемства дапамагае школе будаўнічымі матэрыяламі, фарбаю, рамонтнымі работамі і ўласнай газонакасілкаю, а вучні ўбіраюць на грамадскіх палетках бульбу, цыбулю, буракі, улетку дружна завіхаюцца на збожжатаках. Той, хто вучыцца на 9 і 10, аказвае КСУПу адчувальную дапамогу заахвочваецца кіраўніцтвам сельгаспрадпрыемства матэрыяльна. Вось так і нараджаецца яно – пачуццё патрыятызму, пашаны і любові да роднага краю, да таго куточка, што дае табе пуцёўку ў самастойнае жыццё…


С. КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.